Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Абаронцы праваабаронцаў асудзілі арышт Левінава


Павал Левінаў, Віцебск, 29 траўня 2017 году

Абсэрваторыя па абароне праваабаронцаў, партнэрская праграма FIDH і Ўсясьветная арганізацыя супраць катаваньняў выступілі з заклікам тэрмінова ўмяшацца ў сытуацыю з паўторным арыштам і адвольным затрыманьнем сябра праўленьня Беларускага Хэльсынскага камітэту Паўла Левінава.

Тэкст звароту публікуе праваабарончы цэнтар «Вясна». Левінава заклікаюць неадкладна вызваліць, спыніць усе формы яго перасьледу, гарантаваць фізычную і псыхалягічную недатыкальнасьць, выконваць ўсе палажэньні падпісанай Беларусьсю Дэклярацыі ААН аб праваабаронцах, а таксама гарантаваць пры любых абставінах выкананьне правоў чалавека і асноўных свабодаў адпаведна дакумэнтам, ратыфікаваным Беларусьсю.

Левінава затрымалі ўвечары 30 траўня ў Віцебску і зьмясьцілі ў СІЗА, да яго не пускаюць абаронцу. Ідучы адбываць арышт, праваабаронца Павал Левінаў асабліва падкрэсьліў, што будзе праводзіць у ізалятары маніторынг умоваў утрыманьня і сачыць, каб правы арыштаваных не парушыліся.

Яшчэ 17 красавіка Левінава завочна асудзілі на 15 сутак арышту за тое, што ён нібыта браў удзел у несанкцыянаваных акцыях і 25, і 26 сакавіка, падчас якіх ён нібыта выказваў свае палітычныя погляды адносна ўгодкаў стварэньня БНР, а таксама стаўленьне да дэкрэту № 3. Левінаў да таго тлумачыў у РАУС, што быў на акцыях па заданьні ад Беларускага Хэльсынскага Камітэту назіраць за масавымі мерапрыемствамі, што ў яго ёсьць пасьведчаньне назіральніка, а таксама ён пазаштатны журналіст газэты «Витебский курьер».

У час суду Левінаў праходзіў лекаваньне за мяжой. Па вяртаньні ў Беларусь 5 траўня ён быў затрыманы, але 6 траўня быў шпіталізаваны праз высокі ціск і пакладзены ў лякарню, дзе перанес апэрацыю. 8 траўня Левінава выпісалі са шпіталю, сказаўшы: «160 на 95 — гэта нармальны ціск».

Ваша меркаваньне

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG