Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Лагацкай — 10 сутак, Вінаградаву, Маёравай і Нікалайчык — штрафы па 1150 рублёў. Працягваюць судзіць «недармаедаў»


Галіна Лагацкая, архіўнае фота

У Менску і іншых гарадах працягваюцца працэсы над удзельнікамі акцыяў недармаедаў, пра працэсы піша праваабарончы цэнтар «Вясна». Судзяць яшчэ за «Марш абураных беларусаў», што прайшоў месяц таму.

У судзе Першамайскага раёну Менску актывістка АГП Вольга Маёрава атрымала ад судзьдзі Сьвятланы Чараповіч прысуд за ўдзел у несанкцыянаваным мерапрыемстве — 50 базавых велічыняў (1150 рублёў штрафу). Такім жа штрафам пакарала судзьдзя Настасься Папко актывістку Вольгу Мікалайчык. У тым жа судзе асудзілі на 10 сутак арышту актывістку Галіну Лагацкую за ўдзел ў маршы 17 лютага.

Раней у гэтым жа судзе Леаніду Кулакову за «Марш абураных беларусаў» прысудзілі штраф 1150 рублёў, хоць ён чакаў турмы. Маі Навумавай — 460 рублёў.

У судзе Маскоўскага раёну актывісту Паўлу Вінаградаву за той жа марш судзьдзя Віктар Казак завочна прысудзіў штраф 50 базавых.

У судзе Цэнтральнага раёну Менску сёньня лідэра прафсаюзу РЭП Генадзя Фядыніча і актывіста Алекса Кліменку судзьдзя Вікторыя Шабуня пакарала за марш тымі жа 50 базавымі велічынямі.

Усяго з пачатку сакавіка за «Маршы недармаедаў» пасадзілі пад арышт, аштрафавалі ці выклікалі ў суд каля 200 чалавек.

XS
SM
MD
LG