Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Праваабаронцу Андрэя Бандарэнку пачынаюць судзіць «за пыл на паліцы»


Андрэй Бандарэнка, архіўнае фота

Прызначаны дзень папярэдняга судовага паседжаньня над вязьнем магілёўскай турмы Андрэем Бандарэнкам. Паседжаньне адбудзецца ў Ленінскім раённым судзе Магілёва 9 лютага а 10:30.

Пра гэта карэспандэнту Свабоды паведаміў бацька вязьня Валер Бандарэнка.

«Што значыць папярэдняе паседжаньне, мне не патлумачылі. Магчыма, прызначаць сам суд, яшчэ нейкія судовыя фармальнасьці выканаюць. Але судзіць Андрэя будуць і засудзяць, гэта ўжо з пэўнасьцю магу сказаць», — мяркуе Валер Бандарэнка пра справу сына.

Цяпер Андрэю Бандарнэку інкрымінуюць 411 артыкул — гэта «злоснае непадпарадкаваньне адміністрацыі папраўчай установы». Вязьню пагражае да 3 гадоў зьняволеньня. Паводле ранейшага прысуду за злоснае хуліганства, атрыманага амаль 3 гады таму, Андрэй Бандарэнка мусіў выйсьці на волю праз месяц, ў сакавіку 2017 года.

«Да яго чапляліся ўвесь час, то за пыл на паліцы, то нібыта, што ляжаў на ложку, калі можна было толькі сядзець. Гэтак назьбіралі патрэбную колькасьць парушэньняў, зрабілі «злосным парушальнікам рэжыму», перавялі ў турму, але і гэтага падалося мала, вырашылі яшчэ працягнуць яму зьняволеньне. Помсьцяць за ранейшую ягоную дзейнасьць як праваабаронцы», – мяркуе бацька вязьня Валер Бандарэнка.

Актывісты вырашылі пікетаваць магілёўскую турму падчас суду над Андрэем Бандарэнкам

Былы кіраўнік арганізацыі абароны правоў вязьняў «Плятформа» Андрэй Бандарэнка ў 2013 годзе быў суджаны на 3 гады за злоснае хуліганства. Сваю віну праваабаронца прызнаў часткова і не выключыў правакацыі спэцслужбаў, каб адпомсьціць яму за праваабарончую дзейнасьць. Меркаваньне калегаў адносна палітычных прычын перасьледу Бандарэнкі ў той сытуацыі падзяліліся.

Беларускія праваабаронцы дамагаюцца адмены 411 артыкулу Крымінальнага кодэксу, праз які, паводле праваабаронцаў, улады часта перасьледуюць палітычных апанэнтаў, а адміністрацыі папраўчых установаў распраўляюцца з тымі вязьнямі, якія адмаўляюцца з імі супрацоўнічаць.

Гэтак у 2011 годзе быў асуджаны на дадатковы год зьняволеньня лідэр «Маладога фронту» Зьміцер Дашкевіч. Агітацыйную кампанію за адмену 411 артыкулу вядзе таксама былы палітвязень Мікалай Дзядок. Правабаронцы «Вясны» ды іншых арганізацый заявілі, што ў выпадку асуджэньня Андрэя Бандарэнкі паводле 411 артыкулу КК будуць гатовыя прызнаць яго палітычным зьняволеным.

10 відаў няволі: гід па беларускіх турмах ад Мікіты Ліхавіда

XS
SM
MD
LG