Лінкі ўнівэрсальнага доступу

10 відаў няволі: гід па беларускіх турмах ад Мікіты Ліхавіда


Былы палітвязень і праваабаронца Мікіта Ліхавід тлумачыць асаблівасьці беларускай «хіміі», турмы ды іншых месцаў пазбаўленьня волі.

У беларускіх судах даводзіцца чуць у прысудах: «умоўнае пакараньне», «з адтэрміноўкай у столькі і столькі гадоў», «зьняволеньне ва ўмовах строгага рэжыму» і гэтак далей. А чым адрозьніваюцца гэтыя ды іншыя віды пакараньняў, якія існуюць у Беларусі? Быць гідам па мапе пакараньняў Свабода запрасіла былога палітвязьня, цяпер праваабаронцу Мікіту Ліхавіда.

1.Умоўнае пакараньне

«Даюць малалеткам і цяжарным жанчынам»

Мікіта Ліхавід
Мікіта Ліхавід

«Умоўнае пакараньне азначае, што суд прызнаў чалавека вінаватым, але не пакараў адразу, а наклаў пэўны выпрабавальны тэрмін. Гэта значна больш публічнае ганьбаваньне, чым сапраўднае пакараньне, але яно можа стаць рэальным», — кажа Мікіта Ліхавід.

На просьбу Свабоды свой камэнтар дадаў калега Мікіты Ліхавіда ў праваабарончай дзейнасьці, былы судзьдзя Гары Паганяйла. Спадар Паганяйла прапанаваў адштурхнуцца ад назвы гэтага віду пакараньня, якая ўтворана ад слова «ўмова».

Гары Паганяйла
Гары Паганяйла

«Дакладна ў кодэксе гэта называецца „умоўнае неўжываньне пакараньня“. Гэта значыць, што пакараньне наступіць толькі пры пэўных умовах, акрэсьленых судом. Напрыклад, суд абавязвае асуджанага не парушаць больш закону і вызначае тэрмін, цягам якога за ім будзе наладжаны кантроль. Пры парушэньнях, нават адміністрацыйных, суд можа адмяніць умоўнае неўжываньне пакараньня, якое раней прызначыў. З судовай практыкі прыгадваю, што ўмоўныя тэрміны суд даваў непаўналетнім злачынцам ці жанчынам, у якіх на выхаваньні знаходзяцца дзеці», — кажа Гары Паганяйла.

Да гэтага былы судзьдзя дадаў, што ўмоўныя пакараньні ў Беларусі ня тычацца цяжкіх злачынцаў і не распаўсюджваюцца на замежных грамадзян.

2. Пакараньне з адтэрміноўкай

«Раней было модным сярод апазыцыянэраў»

У 2016 годзе з адтэрміноўкай каралі асабліва часта. Даставалася як апазыцыйным актывістам, так і звычайным хабарнікам. Напрыклад, 2 гады з адтэрміноўкай на 2 гады атрымаў нібыта за напад на міліцыянта актывіст Зьміцер Паліенка, які так і не прызнаў сваёй віны.

Зьміцер Паліенка
Зьміцер Паліенка

Такі самы тэрмін, але з канфіскацыяй маёмасьці, атрымаў за некалькі соцень даляраў хабару былы дырэктар беларускамоўнай гімназіі № 4 Юры Бандарэнка — той віну прызнаў і папрасіў прабачэньня. Нядаўна ў Горадні прысудзілі 2 гады з адтэрміноўкай плюс немалы штраф маладой жанчыне Дыяне С. за разьмяшчэньне ў сацсетцы відэа з элемэнтамі порна. Што гэта за адтэрміноўка і пры якіх умовах яна ператвараецца ў рэальную адседку за кратамі?

«Адтэрміноўка» — гэта фактычна ўмоўнае пакараньне, калі таксама даецца пэўны выпрабавальны тэрмін, цягам якога за асуджаным назіраюць у крымінальна-выканаўчай інспэкцыі, дзе ён мусіць стаць на ўлік. Галоўная ўмова — асуджаны не павінен учыняць іншых злачынстваў ці нават адміністрацыйных парушэньняў. Учыніў новае злачынства ці атрымаў за год тры адміністрацыйныя арышты — адправяць адбываць той тэрмін, які далі з адтэрміноўкай. Таксама істотна, што тэрмін адтэрміноўкі суд можа працягнуць. Гэта значыць, што мера насамрэч даволі жорсткая, бо атрымаць адміністрацыйны арышт у нас лёгка: схадзіў на несанкцыянаваны мітынг ці пікет — і калі ласка, пры жаданьні ўладаў гэта можна лёгка забясьпечыць. Таму я б параўнаў гэтае пакараньне — «адтэрміноўку» — з такім кручком, на якім можна трымаць чалавека столькі, колькі прызначыць суд», — камэнтуе Мікіта Ліхавід.

Пасьля Плошчы-2010 пакараньні з адтэрміноўкай атрымалі былыя кандыдаты на прэзыдэнта Ўладзімер Някляеў, Віталь Рымашэўскі, палітычныя актывісты Сяргей Вазьняк, Андрэй Дзьмітрыеў ды іншыя. Спадар Дзьмітрыеў казаў, што два гады, пакуль трывала адтэрміноўка, фармальна ня мог займацца палітычнай дзейнасьцю, мяняць месца жыхарства без папярэджаньня, ня мог езьдзіць за мяжу, павінен быў раз на месяц прыходзіць на сустрэчу ў РУУС і даваць справаздачу пра сваю дзейнасьць, а супрацоўнікі міліцыі цікавіліся ўмовамі ягонага жыцьця.

3. Калёнія-пасяленьне

«Ссылка, але не ў радавую сядзібу»

Пакараньне калёніяй-пасяленьнем лічыцца пазбаўленьнем волі, хоць знаходжаньне ў гэтай установе, як лічаць былыя вязьні, значна лягчэйшае, чым у звычайнай ІК — «папраўчай калёніі». У Беларусі тры калёніі-пасяленьні. Яны разьмешчаныя ў райцэнтры Горкі, у пасёлку Гезгалы пад Лідай і яшчэ адна непадалёк ад Гомеля — там адбываюць пакараньне як мужчыны, гэтак і жанчыны. У гэтых установах ёсьць асаблівасьці: у калёніі-пасяленьні ў Горках сядзяць выключна асуджаныя кіроўцы, якія ўчынілі злачынства на аўтамабілі. Установа ў Гезгалах заселеная ў асноўным тымі, хто раней адбываў вялікае пакараньне ў калёніі і нарэшце атрымаў паслабленьне рэжыму.

Калёнія-пасяленьне ў Горках
Калёнія-пасяленьне ў Горках

Пра ўмовы ў калёніях-пасяленьнях кажа Мікіта Ліхавід:

«Умовы там амаль як на „хіміі“ — жывеш у будынку, які ахоўваецца, працуеш дзе скажуць, можаш мець грошы і мабільны тэлефон. Нават на вуліцу можаш выходзіць, але толькі з канваірам. Вось калі ў Горках праз горад ідуць на пошту вязьні з калёніі-пасяленьня, дык не адразу і скажаш, хто яны такія, калі не заўважыш міліцыянта побач. У Гезгалах некаторыя застаюцца жыць і пасьля адседкі. Ведаю жанчыну з Горадні, у якой там сядзеў муж. Яна прадала кватэру ў Горадні, купіла дом у Гезгалах, яны там жылі, пакуль муж даседжваў тэрмін, і яго правяралі, маглі ў любы час прыйсьці. А тэрмін скончыўся, яны так там і засталіся. І там такіх ужо не адна сям’я».

Сярод гучных спраў апошніх гадоў, якая скончылася асуджэньнем да калёніі-пасяленьня — справа кіроўцы Андрэя Забабуры, які ў школьным двары насьмерць зьбіў «Поршэ Каенам» 9-гадовага школьніка. Трагедыя здарылася ў Менску ў 2012 годзе. Бізнэсоўца асудзілі на 4 гады калёніі-пасяленьня.

4. «Хімія»

«Не пад вартай, але не ўцячэш»

Дакладная назва «хіміі» — папраўчая ўстанова адкрытага тыпу. У такой установе адбываюць пакараньне абмежаваньнем волі. Выраз «хімія» зьявіўся ў СССР у пасьляваенныя часы, калі працу асуджаных пачалі актыўна выкарыстоўваць на будоўлях і шкодных вытворчасьцях (у тым ліку на хімічных прадпрыемствах). У Беларусі 29 папраўчых установаў адкрытага тыпу, або «хіміяў». Праз пакараньне «хіміяй» прайшоў шмат хто зь вядомых апазыцыянэраў — Мікалай Статкевіч адбываў сваё першае пакараньне «хіміяй» у Баранавічах, Павал Севярынец сядзеў на «хіміі» двойчы, у Полацкім і Пружанскім раёнах. Апошнім разам палітвязень працаваў на складзе мясцовай гаспадаркі, а жыў пад аховай міліцыянтаў у будынку спэцкамэндатуры «Куплін», утворанай на месцы былой вайсковай часткі.

Павал Севярынец на "хіміі" ў Купліне
Павал Севярынец на "хіміі" ў Купліне

«Да мяне маглі прыяжджаць наведнікі, мы сустракаліся і размаўлялі ў дворыку спэцкамэндатуры. Карыстаўся мабільным тэлефонам, даходзілі лісты, я пісаў з „хіміі“ нататкі, якія склаліся ў кнігу „Беларуская глыбінка“. Некалькі разоў дазвалялі зьезьдзіць да бацькоў», — згадваў пра «хімію» Павал Севярынец.

«Хіміяй» часта заканчваюцца адседкі вязьняў, якія былі асуджаныя да зьняволеньня на вялікія тэрміны, але праз добрыя паводзіны заслужылі палёгку. Так, ужо пераведзены на «хімію» з калёніі былы ўладальнік першага беларускага казіно Юры Данькоў. У канцы 2013 году вядомаму бізнэсоўцу прысудзілі 8 гадоў зьняволеньня.

«Мой муж аптыміст, ён нідзе не разгубіцца», — пракамэнтавала ўдалы перавод Юрыя Данькова на «хімію» ягоная жонка Натальля.

5. «Хатняя хімія»

«Жонка накорміць пірагамі, міліцыянт надае кухталёў»

У Беларусі пакараньне «абмежаваньнем волі» магчыма адбыць і на так званай «хатняй хіміі» — калі ў прысудзе выкарыстоўваецца фармулёўка «без накіраваньня ў папраўчую ўстанову адкрытага тыпу». Фактычна гэта сумесь «хіміі» зь яе абавязковай прымусовай працай і адбыцьця пакараньня з адтэрміноўкай, калі асуджаны знаходзіцца дома, але пад рэгулярным пільным кантролем міліцыі. Але і тут бываюць варыянты.

Уладзімер Кондрусь па вызваленьні з суду
Уладзімер Кондрусь па вызваленьні з суду

У канцы 2016-га да 1,5 года «хатняй хіміі» быў асуджаны апошні вязень Плошчы-2010 Уладзімер Кондрусь, які, як устанавіў суд, біў вокны ў Доме ўраду падчас мітынгу 19 сьнежня. Цяпер Уладзімер Кондрусь дома ў Рудзенску; пакуль ён нідзе не працуе і нават ня стаў на ўлік у міліцыі. Актывістам, якія наведвалі Ўладзімера Кондруся ў сярэдзіне студзеня, ён казаў, што па-ранейшаму не прызнае сябе вінаватым, а значыць, не прызнае і вынесенага яму прысуду. «Мяне могуць у любы момант зноў забраць, таму гатовы да сухой галадоўкі пратэсту», — сказаў Кондрусь наведнікам.

6. Калёнія

«Зона — яна і ёсьць зона»

Калёнія — гэта самае распаўсюджанае ў краіне месца адбыцьця пакараньня. У Беларусі цяпер 15 папраўчых калёній, хоць яшчэ некалькі гадоў таму іх было каля 20. Некаторыя закрылі — напрыклад, у Наваполацку, дзе сядзеў пасьля Плошчы-2010 Мікіта Ліхавід. Ён і расказаў коратка пра тое, што такое калёнія.

«Можаце прыгадаць піянэрлягер вашага дзяцінства? Вось прыкладна тое самае, толькі за калючым дротам, а замест важатых і выхавальнікаў — ахоўнікі са зброяй і сабакамі, апэратыўнікі зь іхнімі „стукачамі“. Жыцьцё таксама ў бараках па атрадах, у сталоўку і на працу — шыхтам, але бацькі прыяжджаюць ня раз на тыдзень, а раз на паўгода ці год. Караюць не дзяжурствам на кухні, а халодным карцэрам ці пазбаўленьнем перадач і спатканьняў».

Калёнія №3 у Віцебску. Вязьні на прагулцы
Калёнія №3 у Віцебску. Вязьні на прагулцы

Аказваецца, памылка думаць, што бываюць калёніі асобна агульнага рэжыму, асобна ўзмоцненага і асобна строгага. Насамрэч у адным атрадзе могуць утрымліваць вязьняў з рознымі рэжымамі.

«Фактычна іншы рэжым азначае толькі іншую колькасьць спатканьняў і вагу перадач. Усё астатняе неістотна», — кажа Мікіта Ліхавід. Калёніі, як ён кажа, умоўна дзеляцца паводле іншага прынцыпу: адна група, іх менш, — для «першаходаў» (тых, хто ўпершыню асуджаны), а другая, большая, — для тых, хто ўжо адбываў пакараньне.

«У калёніі для «першаходаў» у адным атрадзе вязень з узмоцненым рэжымам можа суседнічаць зь вязьнем, якому суд даў строгі рэжым. І тое самае можа быць у калёніі для «паўторнікаў», — кажа Мікіта Ліхавід.

Ці ёсьць асаблівасьці ў беларускіх калёніяў?

Пасьля таго як некалькі гадоў таму зьявіўся адмысловы дэкрэт Аляксандра Лукашэнкі аб узмацненьні барацьбы з наркотыкамі, вязьняў, якія былі асуджаныя паводле «наркатычных» артыкулаў, сталі канцэнтраваць у пэўных калёніях. Такой «наркатычнай» калёніяй зрабілі «Воўчыя норы» пад Івацэвічамі. Але выйшла неспадзяванка, кажа праваабаронца Мікіта Ліхавід.

Калёнія №12 у Глыбокім
Калёнія №12 у Глыбокім

«Ведаю, што там 800 «пасадачных» месцаў, і меркавалася, што туды зьмесьцяць усіх «наркаманаў». Але цяпер там ужо больш за тысячу «наркаманаў», прычым гэтую тысячу яны запоўнілі літаральна ў першы год пасьля дэкрэту. А куды падзець новых? Іх шмат, тэрміны даюць ім вялікія, «цякучка» малая. Таму пачалі зноў накіроўваць «наркаманаў» у іншыя «зоны», у асобныя атрады ці цэлыя лякальныя ўчасткі. Гэта асобна 2–3, а то і 4 атрады. Яны там асобна сядзяць ад іншых, з асобнымі нашыўкамі, іх водзяць на іншыя работы. Але калі гэткімі тэмпамі будзе папаўняцца армія «наркаманаў», дык праз пару гадоў будзе ў краіне дзьве зоны для ўсіх астатніх вязьняў, а іншыя — толькі для асуджаных паводле «наркатычных» артыкулаў.

У Дэпартамэнце выкананьня пакараньняў МУС заяўляюць, што беларускія вязьні паміж сабою роўныя, нейкай прывілеяванай касты сярод іх няма. Але, паводле назіральнікаў, у Беларусі з савецкіх часоў усё ж захаваліся пэўныя прывілеі і для «зэкаў». Так званай «чырвонай» зонай знаўцы лічаць калёнію «Віцьба-3» пад Віцебскам, бо туды часта трапляюць былыя высокапастаўленыя чыноўнікі, пракуроры, судзьдзі, міліцыянты. Яшчэ два гады таму там адбываў пакараньне асуджаны за рэкордны хабар 500 тысяч даляраў былы віцэ-мэр Менску Ігар Васільеў.

Што гэтая зона і цяпер служыць месцам перавыхаваньня для былых начальнікаў, пацьвердзіў у лісьце дамоў вязень «Віцьбы-3» Тарас Аватараў, былы баец АТА ва Ўкраіне, якога летась асудзілі на 5 гадоў за нашэньне зброі. Маці хлопца Людміла Посьпех сказала карэспандэнту Свабоды:

«Сын паведаміў, што там вельмі шмат былых кіраўнікоў і зона гэтая сапраўды асаблівая. У тым ліку тым, што да яе вялікая ўвага тэлебачаньня і замежных дэлегацый. Здымаюць рэпартажы, каб паказаць, як нібыта там усё добра. Але сына ўжо двойчы пакаралі карцэрам, і гэта ўсяго за першыя паўгода. А што будзе далей?» — турбуецца маці.

Калёнія ў Навасадах
Калёнія ў Навасадах

Варта дадаць, што з 15 беларускіх калёніяў дзьве жаночыя. Адна ў Гомелі, другая каля Рэчыцы. Больш за 10 гадоў у гомельскай калёніі адбывала тэрмін за абразу высокапастаўленых чыноўнікаў праваабаронца Кацярына Садоўская, якая распаўсюдзіла зьвесткі пра тагачасныя парадкі ў гэтай установе.

«Там жанчын, якія ў нечым нібыта парушылі парадак, на працяглы час пакідалі сядзець у жалезнай клетцы, пастаўленай у двары калёніі. Пад дажджом, пад сьнегам, у любое надвор’е», — казала праваабаронца.

Ці што зьмянілася ў гэтай калёніі? Апошнім часам падобных крытычных сыгналаў з гомельскай жаночай калёніі не даходзіла, кажуць праваабаронцы.

«У жаночых калёніях таксама ёсьць і ўзмоцнены, і строгі рэжым. Для жанчын-злачынцаў беларускі закон дае адзін прывілей — ім не выносяць сьмяротнага і пажыцьцёвага пакараньняў і максымальна даюць 25 гадоў. Усё астатняе — як у мужчын», — кажа Мікіта Ліхавід.

Паводле афіцыйных дадзеных, летась было пазбаўлена волі 13 759 чалавек.

7. Выхаваўчая калёнія

«Згадайце фільм «Рэспубліка ШКІД»

Такая ў Беларусі адна, у Бабруйску. Яна прызначаная для злачынцаў, якім ня споўнілася 18 гадоў, так званых «малалетак».

«Раней такіх калёніяў было дзьве (яшчэ была ў Віцебску, але тую закрылі, зрабілі зь яе ЛПП, дык засталася толькі ў Бабруйску). Але там сядзяць толькі хлопчыкі, а дзяўчаткі-злачынцы адбываюць свае пакараньні ў гомельскай жаночай калёніі, у асобным атрадзе — як у выхаваўчай калёніі. Іх няшмат, 10–12 чалавек. У іх там школа, гурткі хатняй гаспадаркі, з дарослымі жанчынамі-злачынцамі яны не кантактуюць», — кажа праваабаронца Мікіта Ліхавід.

Выхаваўчая калёнія ў Бабруйску
Выхаваўчая калёнія ў Бабруйску

Паводле Ліхавіда, для выхаваўчай калёніі ў Бабруйску значная праблема — тое, што ўзроставага цэнзу там не захоўваюць.

«Мяне гэта вельмі абурае. Здавалася, гэта калёнія для малалетак, каб іх засьцерагчы ад уплыву дарослых злачынцаў. Калі хлопцу там споўнілася 18 гадоў, яго трэба пераводзіць у дарослую калёнію. Гэтага часта ня робяць, асабліва для тых, хто супрацоўнічае з адміністрацыяй. Бо на „малалетцы“ ўсё ж лепей.

Праз гэта ўзьніклі дзьве праблемы.

Першая. Паколькі часта з выхаваўчай калёніі ў дарослую пасылаюць тых, каму ўжо каля 20 гадоў, дык у дарослых вязьняў да такіх навічкоў узьнікаюць справядлівыя пытаньні. А чаму цябе адпусьцілі так позна, ці не супрацоўнічаў ты з адміністрацыяй? І такія падазрэньні да ўсіх малалетак. У выніку за тое, каб своечасова перавесьціся з выхаваўчай калёніі ў дарослую, ідуць сапраўдныя „войны“, даходзіла да таго, што хлопцы жываты сабе рэзалі. Але ўсё роўна там я бачыў вязьняў і па 23, 25 гадоў.

І тут другая праблема. Розьніца паміж асноўным кантынгентам, якому да 18 гадоў, і гэтымі пераросткамі стварае напружанасьць у стасунках, дадатковыя канфлікты», — кажа Мікіта Ліхавід.

Пры гэтым праваабаронца адзначае, што ў выхаваўчай калёніі лепшае харчаваньне, бо норма там вышэйшая і прадукты лепшай якасьці. «Там нават сокі даюць. Якая б ні была дзяржава, а дзеці — гэта дзеці».

8. Турма

«Бачыў сонца толькі 3 месяцы»

Турма ў Горадні
Турма ў Горадні

У Беларусі тры турмы — у Гародні, Магілёве і Жодзіне. У турме, як і ў сьледчых ізалятарах, камэрная сыстэма. Гэта значыць, што вязьняў трымаюць у закрытых памяшканьнях цягам усяго дня, зь невялікім (гадзінным) выхадам на прагулку ў турэмны дворык. Калі ў сьледчым ізалятары трымаюць падазраваных, у дачыненьні да якіх ідуць сьледзтва ці суд, дык у турме сядзяць тыя вязьні, каго ўжо пакаралі судом да зьняволеньня, але вырашылі даць яшчэ і закрыты турэмны рэжым за парушэньні падчас адбываньня пакараньня.

Так сядзеў у Магілёўскай турме экс-кандыдат на прэзыдэнта Мікалай Статкевіч. У 2011 годзе за Плошчу-2010 Мікалай Статкевіч быў асуджаны на 6 гадоў зьняволеньня, адбываў пакараньне ў Шклоўскай калёніі, але там праз шэраг пакараньняў яго зрабілі «злосным парушальнікам» і праз новы суд зьмясьцілі ў крытую турму. «Толькі летам бачыў у турэмным дворыку сонца», — згадваў Мікалай Статкевіч «магілёўскія муры».

Турма ў Горадні
Турма ў Горадні

Падобны шлях з калёніі, але ў старажытную гарадзенскую турму, прайшоў былы палітвязень, прадпрымальнік Мікалай Аўтуховіч. «У камэры холад, вільгаць, спаў у шапцы. Ахоўнікі розныя. Адзін нармальны чалавек, другі садыст», — успамінаў Мікалай Аўтуховіч.

Цяпер у Магілёўскай турме, магчыма, у камэры, дзе сядзеў Статкевіч, трымаюць былога палітвязьня Андрэя Бандарэнку. Са статусам «злоснага парушальніка рэжыму», з рэальнай пэрспэктывай новага суду і новага тэрміну паводле 411 артыкула — аб злосным непадпарадкаваньні патрабаваньням адміністрацыі.

Яшчэ ў Жодзінскай турме, а таксама ў Глыбоцкай калёніі адбываюць пакараньне злачынцы, асуджаныя на пажыцьцёвае зьняволеньне.

«У Жодзіне сядзяць першыя 10 гадоў, там вельмі жорсткае абыходжаньне, як з тэрарыстамі. У Глыбокае трапляюць пазьней, калі няма парушэньняў. Там крыху больш вольныя ўмовы — на прагулку калі вядуць, дык ня ракам ставяць, а ідзе чалавек нармальна. Але ў Глыбокім у камэрах перанаселенасьць, дык некаторыя згодныя вярнуцца ў Жодзіна, хоць там зьвярыныя ўмовы», — дзеліцца зьвесткамі пасьля наведваньня гэтых устаноў праваабаронца Мікіта Ліхавід.

Турма ў Жодзіна
Турма ў Жодзіна

Паводле Мікіты, «пажыцьцёвыя» ў Беларусі маюць шанец выйсьці на волю праз 30 гадоў, але пры ўмове бездакорных паводзін і чатырох станоўчых рашэньняў турэмных інстанцый рознага ўзроўню.

«Ніхто яшчэ да 30 гадоў не дажыў. Ведаю, што нядаўна памёр вязень, які прайшоў бар’ер у 25 гадоў, але да 30 не дацягнуў. Фармальна ён бы мог разьлічваць на УДВ, хоць сумняваюся, што яго б сапраўды вызвалілі. Каму ён на волі патрэбен?» — кажа Мікіта Ліхавід.

9. ЛПП

«Адны кажуць, што лечаць, другія, што калечаць»

У Беларусі 9 лячэбна-працоўных прафілякторыяў (ЛПП), дзе прымусова лечаць ад захворваньня алькагалізмам. ЛПП вельмі нагадвае «хімію» — гэтаксама пад аховай міліцыі людзей трымаюць у ізаляваным будынку, яны мусяць працаваць і самі зарабляць сабе на ежу і ўтрыманьне. У ЛПП трапляюць паводле рашэньня суду па накіраваньні міліцыі.

«Дастаткова трох пратаколаў аб расьпіваньні сьпіртных напояў у грамадзкім месцы, каб накіравалі ў суд, а адтуль у ЛПП. Ведаю вонкава прыстойнага чалавека, якога так участковы на год «аформіў», — кажа Мікіта Ліхавід.

ЛПП у Магілёве
ЛПП у Магілёве

У 2013 годзе прайсьці празь беларускі ЛПП у Сьветлагорску давялося былому палітвязьню, апазыцыйнаму актывісту Васілю Парфянкову, які цяпер жыве ва Ўкраіне, дзе добраахвотнікам ваяваў з сэпаратыстамі. У ЛПП Васіля Парфянкова адправілі пасьля некалькіх пратаколаў. Актывіст казаў, што за ім знарок на загад палявалі міліцыянты, а насамрэч сваімі дзеяньнямі ён не парушаў грамадзкага парадку. Пра Сьветлагорскі ЛПП Васіль Парфянкоў казаў, што там нікога не лячылі, а вось абыходзіліся жорстка, як са злачынцамі. «Затое кінуў курыць», — казаў пасьля ЛПП Васіль.

Беларускія праваабаронцы ў сваіх штогадовых справаздачах кажуць пра парушэньні правоў людзей, якіх трымаюць пад вартай у ЛПП, і прыраўноўваюць гэтую форму пакараньня да прымусовай працы, забароненай міжнароднымі нормамі.

Вязьні рыхтуюцца да адпраўкі ў ЛПП
Вязьні рыхтуюцца да адпраўкі ў ЛПП

Назіральнікі прыгадваюць, што ў 2014 годзе, напярэдадні менскага чэмпіянату сьвету па хакеі, у ЛПП праз суды былі адначасова накіраваныя сотні грамадзянаў.

Паводле судовай статыстыкі, у 2016 годзе на прымусовае лячэньне ў ЛПП было накіравана больш за 8 тысяч грамадзянаў.

10. Сьледчы ізалятар

«Можна быць невінаватым і сядзець гадамі паводле закону»

Сьледчы ізалятар — гэта адмысловае месца, дзе трымаюць падазраванага ў злачынстве падчас сьледзтва і суду. Падстава для ўтрыманьня пад вартай у гэтых вязьніцах — альбо падпісаная пракурорам пастанова сьледчага, альбо рашэньне суду, калі працэс ужо адбыўся і асуджаны чакае этапаваньня. Паводле структуры Дэпартамэнту выкананьня пакараньняў МУС у краіне 6 сьледчых ізалятараў — у Берасьці, Гомелі, Бабруйску, Віцебску, Баранавічах і Менску. А як жа быць з Гародняй ды Магілёвам і куды падзеўся сьледчы ізалятар Менскай вобласьці? Зноў у гэтай складанай сыстэме дапамагае разабрацца Мікіта Ліхавід.

Аказваецца, да пазначаных 6 сьледчых ізалятараў трэба дадаць яшчэ тры турмы, якія адначасова выконваюць функцыі сьледчых ізалятараў: у Гародні, Магілёве і Жодзіне. Апошняя турма якраз і служыць за менскі абласны сьледчы ізалятар.

Сьледчы ізалятар №1 на Валадарскага
Сьледчы ізалятар №1 на Валадарскага

«Гэта, канечне, вельмі нязручна. Там трымаюць падазроных з усёй вобласьці, значыць, туды мусяць езьдзіць сьледчыя, адвакаты, сваякі затрыманых. Мне Алег Алкаеў, былы начальнік „Валадаркі“, расказваў, што вельмі спрачаліся, калі думалі на пачатку 90-х, як рэфармаваць гэтую сыстэму. Алкаеў быў супроць вялікіх сьледчых ізалятараў, прапаноўваў будаваць малыя, але ў кожным раёне, бо людзям гэтак зручней. Але — не. Вось гэтак і зьявілася такая вялікая гаргара, як Жодзінская сьледчая турма», — кажа Мікіта Ліхавід.

Як доўга могуць трымаць пад сьледзтвам у вязьніцы?

«Першы тэрмін заканчэньня сьледзтва — два месяцы, але сьледчыя потым могуць працягваць сьледзтва, пішуць гэтак званую „прадлёнку“, і гэта можа цягнуцца больш за год. Майго знаёмага гэтак на „Валадарцы“ ўжо 2 гады трымаюць», — адказвае Мікіта Ліхавід.

Бывае, што вязьні сьледчых ізалятараў паміраюць, не дачакаўшыся суду. Летась у Жодзінскай сьледчай турме памёр Ігар Барбашынскі са Слуцку. Сьледзтва разьбіраецца ў прычынах. У 2013 годзе на «Валадарцы» памёр арыштант Ігар Пцічкін — маці дамагаецца новага суду над меркаванымі злачынцамі.

У Беларусі ёсьць яшчэ адна турма, якая цяпер знаходзіцца ў статусе сьледчага ізалятара № 1 — гэта былы Пішчалаўскі турэмны замак на вуліцы Валадарскага. Тут пра яе варта згадаць таму, што менавіта на «Валадарцы», у так званым «сьмяротным калідоры», трымаюць асуджаных да сьмяротнага пакараньня. Там яны чакаюць, пакуль разглядаецца іх апэляцыя, за ёй прашэньне аб памілаваньні, а потым... Атрымліваецца, што фармальна гэтыя людзі пасьля прысуду нават не трапляюць у турму. Бо турма ўсё ж — папраўчая ўстанова, а навошта ім выпраўленьне?

Таксама ў Менску дзейнічае сьледчы ізалятар КДБ, у народзе празваны «амэрыканкай» за своеасаблівую форму турэмнага будынку. Пра «амэрыканку» былыя вязьні таксама кажуць, што з гэтай жанчынай лепш не знаёміцца. Наш гід Мікіта Ліхавід з гэтым згодны.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG