Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Вэтэрану вайны Шкірманкову абвінаваўца папрасіў тры гады з адтэрміноўкай


Фелікс Шкірманкоў перад судом

Тры гады пазбаўленьня волі з адтэрміноўкай на два гады просіць для 90-гадовага вэтэрана вайны дзяржаўнае абвінавачаньне ў Слаўгарадзе. 15 сакавіка па справе Шкірманкова Слаўгарадзкі суд заслухае спрэчкі бакоў і, магчыма, вынесе вырак.

10 сакавіка Слаўгарадзкі раённы суд пачаў разглядаць крымінальную справу супраць Фелікса Шкірманкова. Пэнсіянэру інкрымінуецца парушэньне правілаў дарожнага руху, у выніку якога чалавеку празь неасьцярожнасьць было нанесенае цяжкое цялеснае пашкоджаньне. Таксама яму выстаўлена абвінавачаньне ў тым, што ён зьехаў зь месца дарожна-транспартнага здарэньня, пакінуўшы пацярпелага ў небясьпечным для яго здароўя стане.

Як вынікае з матэрыялаў справы, летась 9 лістапада Фелікс Шкірманкоў, едучы на сваёй машыне, зьбіў жанчыну на ровары. Тая ўпала і зламала сабе руку. Кіроўца зь месца здарэньня зьехаў.

Шкірманкоў віну прызнае часткова, але кажа, што гатовы прыняць любое рашэньне суду.

«Я ўпэўнены, што вы разьбераце гэтую справу згодна з законам і вынесеце справядлівае рашэньне. Якое б гэтае рашэньне ні было, я яго прыму, і абскарджаньня з майго боку ня будзе», — казаў судзьдзі Аляксандру Курыліну Фелікс Шкірманкоў.

Пэнсіянэр пагадзіўся са сьледзтвам, што было сутыкненьне з раварыстам, аднак адкінуў абвінавачваньне наконт таго, што ён зьехаў зь месца ДТЗ.

Паводле Шкірманкова, у дзень аварыі ён сьпяшаўся ў шпіталь, у якім памірала ягоная жонка, зь якой ён пражыў больш за 70 гадоў.

«Ёй дыягнаставалі рак з мэтастазамі ў пячонку. Хвароба была невылечная. Жонка не магла есьці, і лекары параілі прывезьці ёй булён. Яго я ёй вёз з хуткасьцю 10 кілямэтраў на гадзіну», — казаў абвінавачаны суду.

Паводле яго, выяжджаючы на галоўную дарогу, ён ледзьве не сутыкнуўся зь іншай машынай. Ягоная ўвага была засяроджаная на гэтым эпізодзе, а наезду на раварыстку ён не заўважыў, таму і зьехаў зь месца аварыі.

Будынак Слаўгарадзкага суду
Будынак Слаўгарадзкага суду

Суд дапытаў сьведку ДТЗ, пацярпелую Валянціну Жукаву. Выступілі дзяржаўная абвінаваўца Ірына Слаўнікава ды адвакатка абвінавачанага Ўльяна Рэдзькава.

Валянціна Жукава выставіла Феліксу Шкірманкову пазоў аб кампэнсацыі маральнай шкоды ў памеры 5 тысяч рублёў. Абгрунтаваць суму кампэнсацыі пацярпелая не змагла. Шкірманкоў гатовы ёй выплаціць 1 тысячу рублёў. Пацярпелая, паводле абвінавачанага, адмовілася ад гэтых грошай яшчэ да суду.

Пасьля выступу дзяржаўнага абвінаваўцы Валянціна Жукава, плачучы, прасіла суд не караць Шкірманкова абмежаваньнем волі, а абысьціся толькі выплатай кампэнсацыі.

Паводле дзяржаўнага абвінаваўцы, віна Шкірманкова цалкам даказаная. Акрамя трох гадоў абмежаваньня волі, Ірына Слаўнікава просіць суд пазбавіць Шкірманкова на 5 год правоў кіроўцы і аштрафаваць яго на 30 базавых велічыняў (690 рублёў).

Раённы суд задаволіў хадайніцтва Фелікса Шкірманкова аб адмене пастановы на арышт маёмасьці, вынесенай старшым сьледчым па асабліва важных справах аддзелу па выкрыцьці злачынстваў супраць бясьпекі руху Сьледчага камітэту па Магілёўскай вобласьці Пазьняковым.

Пад арышт трапіў банкаўскі рахунак, на які Шкірманкову пералічвалі пэнсію. У выніку 90-гадовы пэнсіянэр месяц жыў на дапамогу сяброў і разавую матэрыяльную выплату з фонду сацыяльнай дапамогі.

Разам тым на банкаўскім рахунку Фелікса Шкірманкова заблякаванымі засталіся ягоныя ашчаджэньні на суму больш за чатыры з паловай тысячы рублёў.

XS
SM
MD
LG