Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Пэнсійная карта вэтэрана вайны Фэлікса Шкірманкова застаецца пад арыштам. Ад безграшоўя яго ратавалі сябры і чыноўнікі


Фэлікс Шкірманкоў
Фэлікс Шкірманкоў

90-гадоваму жыхару Слаўгараду, вэтэрану вайны і сябру партыі БНФ Феліксу Шкірманкову выплацілі з затрымкаю ў тры тыдні лютаўскую пэнсію. Сёньня яе прынесла паштарка. Пэнсіянэр кажа, што ў яго няма прэтэнзіяў да супрацоўнікаў фонду сацыяльнага забесьпячэньня і чыноўнікаў райвыканкаму.

«Яны з разуменьнем ставяцца да маёй сытуацыі і як маглі яе стараліся вырашыць. Мая пэнсійная карта, аднак, застаецца пад арыштам», — сказаў журналісту Свабоды Фелікс Шкірманкоў.

На Фелікса Шкірманкова распачатая крымінальная справа. Яго вінавацяць у тым, што ён, едучы на ўласнай машыне, зьбіў жанчыну, якая ўпала з ровара і зламала руку. Пацярпелая патрабуе ад Шкірманкова кампэнсацыі ў 5 тысяч рублёў.

Крымінальная справа і стала падставай, каб накласьці арышт на банкаўскі рахунак пэнсіянэра. Як кажа Фелікс Шкірманкоў, яго не інфармавалі, што ён ня можа карыстацца рахункам. На гэты рахунак і пералічылі пэнсію, а зьняць яе стары ня мог. У выніку застаўся бяз грошай і ня мог аплаціць камунальныя паслугі. Пра арышт рахунку ён даведаўся, калі прыйшоў па пэнсію 16 лютага.

Паводле Фелікса Шкірманкова, безграшоўя ён адчуць не пасьпеў. Кажа, што матэрыяльную дапамогу яму сабралі аднапартыйцы і сябры. З фонду сацыяльнай абароны насельніцтва яму выдзелілі дапамогу — 60 рублёў.

23 лютага ў Слаўгарадзкім райвыканкаме абяцалі вырашыць пытаньне з пэнсіяй Шкірманкова. Службоўцы запэўнівалі, што ў банк накіраванае распараджэньне вярнуць пэнсію Шкірманкова на рахунак фонду сацыяльнай абароны насельніцтва, каб потым перанакіраваць пэнсіянэру.

У прыватных гутарках службоўцы абураліся дзеяньнямі сьледчых. Іх называлі некарэктнымі ў адносінах да чалавека паважнага веку і ўпікалі, што яго не паінфармавалі загадзя пра абмежаваньні ў карыстаньні рахункам.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG