Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Фелікс Шкірманкоў адзначыў Дзень абаронцаў Айчыны бяз пэнсіі


90-гадовы жыхар Слаўгараду вэтэран вайны Фелікс Шкірманкоў адзначыў Дзень абаронцаў Айчыны без пэнсіі і без аплачаных камунальных паслугаў. Райвыканкам выдзеліў пэнсіянэру дапамогу 60 рублёў у сувязі зь цяжкай жыцьцёвай сытуацыяй і паабяцаў пэнсію дасылаць поштаю. На рахунак вэтэрана Сьледчы камітэт Магілёўскай вобласьці наклаў арышт. На гэты рахунак і пералічылі пэнсію вэтэрану. Як ён сьцьвярджае, пра абмежаваньні ў карыстаньні рахункам яму ніхто не паведамляў.

На дапамогу аднапартыйцу ў Слаўгарад прыехаў намесьнік старшыні партыі БНФ Рыгор Кастусёў.

Фелікса Ўладзімеравіча госьць з Магілёва засьпеў хворага. У старога абвастрылася падагра, і падняцца з ложка ён ня мог. За прамінулы тыдзень пэнсіі стары так і не атрымаў. Камунальных паслуг не аплаціў. Даведацца, на якіх падставах на ягоны пэнсійны рахунак накладзены арышт, яму не ўдалося.

Гаспадар сустрэў у ложку. Дзьверы ў хату былі не замкнёныя
Гаспадар сустрэў у ложку. Дзьверы ў хату былі не замкнёныя

«Гэта сапраўднае дзікунства, якое можа быць толькі ў адным выпадку — калі нехта з вышэйшага крэсла аддаў загад, што мяне трэба пакараць. Невядома, хто пастанавіў арыштаваць рахунак, — казаў Фелікс Уладзімеравіч, спрабуючы сесьці на ложак. — Дапускаю, што, можа, і дзейнічалі сьледчыя органы слушна, калі прымалі рашэньне пра арышт маёй пэнсіі, але пад увагу не ўзялі, што я стары і заслужаны чалавек. Я ж не зьбіраюся ўцякаць ад адказнасьці. Але абышліся са мною не па-людзку».

Пад рукой у вэтэрана ляжалі некалькі пачкаў ягонай апошняй кнігі «Сяброўскі дуэт». Ля абразка на століку раскладзеныя фатаздымкі жонкі — нябожчыцы Веры Васільеўны. Тут жа прынесены напярэдадні ліст падзякі ад «Белай Русі» за «шматгадовую актыўную працу ў патрыятычным выхаваньні моладзі і ў сувязі з 30-годзьдзем вэтэранскага руху».

Пакуль вэтэран мог хадзіць, ён пабываў у райвыканкаме. Паводле пэнсіянэра, чыноўнікі дужа абураліся тым, як зь ім абышліся органы крымінальнага перасьледу.

«Абяцалі разабрацца і сказалі, што старшыня райвыканкаму званіў пракурору, каб высьветліць акалічнасьці сытуацыі», — кажа Фелікс Уладзімеравіч.

Ён дадаў, што райвыканкам аказаў яму матэрыяльную дапамогу — 60 рублёў — у сувязі зь цяжкой жыцьцёвай сытуацыяй.

З Слаўгарадзкага аддзяленьня Белаграпрамбанку, у якім у пэнсіянэра рахунак і куды ён зьвяртаўся, каб патлумачылі падставы арышту, адказ не прыйшоў.

Вэтэран не прамінуў згадаць радасную для яго навіну. Ягоны верш перамог на конкурсе «Гімн Слаўгарада». 24 лютага на зьлёце перадавікоў сельскай гаспадаркі, казаў ён, гэты гімн, мэлёдыю да якога склаў магілёўскі кампазытар Мікола Яцкоў, будзе ўпершыню прэзэнтаваны грамадзкасьці. Нягледзячы на хваробу, Фелікс Уладзімеравіч паспрабуе наведаць урачыстасьць.

Пакуль чакалі прыезду хуткай дапамогі, кіраўнік раённай вэтэранскай арганізацыі Анатоль Мартынаў прынёс вэтэранскі пачастунак. Пацьвердзіў, што райвыканкам займаецца вырашэньнем сытуацыі, у якую трапіў вэтэран вайны. Госьць ахарактарызаваў яе як нялюдзкую.

У аддзяленьні Белаграпрамбанку адмовіліся называць падставы накладаньня арышту на пэнсію Шкірманкова. Сказалі, што паслалі поштай тлумачэньне. Паведамілі, што выконвалі пастанову. Чыю? Адказваць адмовіліся.

Раскладзеныя фатаздымкі жонкі, якая памерла летась
Раскладзеныя фатаздымкі жонкі, якая памерла летась

У Слаўгарадзкім райвыканкаме Кастусёва запэўнілі, што сытуацыю з пэнсіяй Шкірмакова вырашылі. Пэнсію за сакавік яму дашлюць поштай 3 сакавіка. На тую ж, што апынулася пад арыштам, у банк накіраванае распараджэньне вярнуць яе на рахунак фонду сацыяльнай абароны насельніцтва, каб потым перанакіраваць пэнсіянэру.

Пра накладаньне арышту на рахунак дзевяностагадовага Шкірманкова органы крымінальнага перасьледу не інфармавалі сацыяльныя службы, казалі ў райвыканкаме.

«Паўнамоцтваў, каб адмяніць пастанову сьледчага камітэту аб арышце рахунку, райвыканкам ня мае», — казалі чыноўнікі.

У прыватных гутарках службоўцы абураліся дзеяньнямі сьледчых. Іх называлі некарэктнымі ў адносінах да чалавека паважнага веку і ўпікалі, што яго не паінфармавалі загадзя пра абмежаваньні ў карыстаньні рахункам.

«З фонду сацыяльнай абароны насельніцтва Феліксу Ўладзімеравічу аказана матэрыяльная дапамога ў памеры 60 рублёў. Такая дапамога аказвацца раз на год у сувязі зь цяжкой жыцьцёвай сытуацыяй», — сказалі ў Слаўгарадзкім райвыканкаме.

Партрэт Шкірманкова на галоўнай вуліцы Слаўгарада насупраць райвыканкаму
Партрэт Шкірманкова на галоўнай вуліцы Слаўгарада насупраць райвыканкаму

​ «Давялося багата з кім пагутарыць у Слаўгарадзе. З варожым стаўленьнем не сутыкнуўся, але адчувалася, што службоўцы гаварылі, азіраючыся на вышэйшае начальства, каб ня трапіць да іх у няласку», — сказаў Рыгор Кастусёў, выйшаўшы з райвыканкаму.

«Толькі намесьніца старшыні райвыканкаму выклала сваё разуменьне сытуацыі, не хаваючы незадаволенасьці тым, як абышліся з паважаным чалавекам, — працягваў партыец. — Тое, што Феліксу Ўладзімеравічу будуць дасылаць пэнсію поштай — гэта слушнае рашэньне. Але чаму Сьледчы камітэт не парупіўся паінфармаваць старога пра накладаньне арышту? Незразумела. У яго няма ніякіх дакумэнтаў. Сьледчым нічога не перашкаджала даведацца пра ўмовы жыцьця Фелікса Ўладзімеравіча. Ён жа жыве адзін. Яму больш за 90 год. І ў яго няма грошай...»

Пакуль Кастусёў высьвятляў акалічнасьці арышту пэнсіі Шкірманкова, з банку прынесьлі адказ на ягоны зварот. У ім было пазначана, што «накладаньне арышту ажыцьцявілі згодна з пастановай Сьледчага камітэту па Магілёўскай вобласьці аб накладаньні арышту на маёмасьць ад 30 студзеня 2017 году».

Шыльда пра вэтэрана на брамцы ў двор Шкірманкова
Шыльда пра вэтэрана на брамцы ў двор Шкірманкова

У лісьце спасылаліся на два артыкулы Крымінальна-працэсуальнага кодэксу Рэспублікі Беларусь — 128 і 132. Паводле першага арышт на маёмасьць накладзены ў межах папярэдняга расьсьледаваньня крымінальнай справы. Паводле другога — дзеля забесьпячэньня кампэнсацыі шкоды, нанесенай злачынствам.

Фелікса Шкірманкова вінавацяць у тым, што ён, едучы на ўласнай машыне, зьбіў жанчыну, якая ўпала з ровара і зламала руку. Пацярпелая патрабуе ад Шкірманкова кампэнсацыі ў суме 5 тысяч рублёў. Паводле Фелікса Ўладзімеравіча, справа перададзеная ў пракуратуру для накіраваньня ў суд.

Адказ з банку з тлумачэньнямі пра арышт рахунку пэнсіянэра
Адказ з банку з тлумачэньнямі пра арышт рахунку пэнсіянэра

Ваша меркаваньне

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG