Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Суд на журналісткай Ларысай Шчыраковай — пяты ад пачатку году


Ларыса Шчыракова
Ларыса Шчыракова

4 жніўня суд Гомельскага раёну разгледзіць адміністрацыйны пратакол у адносінах да незалежнай журналісткі-фрылянсэркі Ларысы Шчыраковай (артыкул 22.9 КаАП — незаконны выраб прадукцыі СМІ без акрэдытацыі для польскага спадарожнікавага тэлеканалу «Белсат»). Падставай — відэасюжэт пра намер уладаў Гомля зьнесьці больш як паўсотні прыватных дамоў.

Адміністрацыйную справу пачала міліцыя Савецкага раёну абласнога цэнтру за відэасюжэт «Чыноўнікі дазволілі будаваць жыльлё, а цяпер хочуць зьнесьці», у чэрвені паказаны на «Белсаце» і зьмешчаны на YouTube. Ішлося пра намер гарадзкіх уладаў зьнесьці больш як паўсотні прыватных жылых дамоў у межах вуліц Багдана Хмяльніцкага — Рэчыцкі праспэкт— Чкалава. Гэта выклікала абурэньне мясцовых жыхароў.

Ларыса Шчыракова ў судзе
Ларыса Шчыракова ў судзе

Журналістку Шчыракову сёлета ўжо тройчы штрафавалі за «незаконны выраб прадукцыі СМІ». Яшчэ адзін адміністрацыйны пратакол быў складзены аб яе ўдзеле ў «несанкцыянаваным масавым мерапрыемстве» ў Рагачове, дзе Шчыракова асьвятляла масавы пратэст супраць «дармаедзкага» дэкрэту № 3. Агульная сума штрафаў — 2576 рублёў.

Яшчэ два штрафы Шчыракова атрымала не за журналісцкую дзейнасьць. Першы — за адсутнасьць рэгістрацыі сабакі, другі — за пясок, выгружаны каля ейнага прыватнага дому.

Паводле Беларускай асацыяцыі журналістаў, сёлета адбылося 25 судоў над незалежнымі журналістамі за нібыта незаконны выраб прадукцыі СМІ. Агулам яны павінны сплаціць штрафаў на 18 768 рублёў.

За 2015–2016 гады журналістаў судзілі 38 разоў паводле артыкулу 22.9 КаАП. Сума штрафаў склала 217,5 мільёна недэнамінаваных рублёў.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG