Лінкі ўнівэрсальнага доступу

На Дзень незалежнасьці ў Менску ўшануюць дзеячоў адраджэньня і раздадуць стужкі зь беларускім арнамэнтам


Арганізацыя "Малады Фронт" праводзіць акцыю ў дзень прыняцьця Дэклярацыі аб сувэрэнітэце Беларусі. Менск, 27 ліпеня 2016 году.
Арганізацыя "Малады Фронт" праводзіць акцыю ў дзень прыняцьця Дэклярацыі аб сувэрэнітэце Беларусі. Менск, 27 ліпеня 2016 году.

Актывісты БНФ, АГП, БХД, ТБМ, руху «Разам» зьбіраюцца ля магілы Васіля Быкава. Рух «За свабоду» будзе раздаваць нацыянальныя стужкі.

Бальшыня дэмакратычных партый падтрымалі ініцыятыву Руху салідарнасьці «Разам» ушанаваць памяць актыўных дзеячоў адраджэньня ў дзень прыняцьця 27 ліпеня 1990 году Вярхоўным Саветам Дэклярацыі аб дзяржаўным сувэрэнітэце.

Лідэр руху Вячаслаў Сіўчык заклікаў суграмадзянаў сабрацца аб 11:45 на Ўсходніх могілках каля магілы Васіля Быкава. У акцыі плянуюць узяць удзел старшыня Абʼяднанай грамадзянскай партыі Анатоль Лябедзька, кіраўнік Партыі БНФ Аляксей Янукевіч, сустаршыня Беларускай Хрысьціянскай дэмакратыі Віталь Рымашэўскі, старшыня Таварыства беларускай мовы Алег Трусаў ды іншыя.

Як удакладніў у размове са Свабодай Аляксей Янукевіч, апрача таго, партыйцы гэтаксама наведаюць магілы фронтаўцаў, якія стаялі ля вытокаў аднаўленьня беларускай дзяржаўнасьці:

«Я пляную далучыцца да ўдзельнікаў ушанаваньня памяці Васіля Быкава, таксама па сваёй праграме зьбіраемся наведаць магілы фронтаўцаў, якія працавалі ў Вярхоўным Савеце ХІІ скліканьня і спрычыніліся да гэтай даты альбо мелі непасрэднае дачыненьне да заснаваньня Беларускага Народнага Фронту».

Тым часам актывісты Руху «За свабоду» Дзень незалежнасьці адзначаць раздачай стужак нацыянальных колераў. Пачатак акцыі а 18-й гадзіне ў цэнтрны Менску. Пра гэта Свабодзе паведаміў кіраўнік арганізацыі Юрась Губарэвіч:

«Адным зь мерапрыемстаў, заплянаваных на сёньня, — раздача мінакам стужак з нацыянальнай сымболікай, з арнамэнтам на вуліцах Менску, такое вось нагадваньне пра гэтую важную дату. Кудысьці яшчэ хадзіць — такога ў плянах не было».

Іншыя актывісты апазыцыі плянуюць па абедзе наведаць Кальварыйскія могілкі ў Менску дзеля ўшанаваньня памяці вядомых асобаў, якія пахаваныя на іх.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG