Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Што ў Менску будуць рабіць кіраўнікі каталіцкіх цэркваў Эўропы


Архікатэдральны касьцёл у Менску

28 верасьня — 1 кастрычніка ў Менску адбудзецца пленарнае паседжаньне рады Канфэрэнцый біскупаў Эўропы, прысьвечанае моладзі і будучыні эўрапейскага кантынэнту як супольнага дому. Правесьці такую імпрэзу ў Беларусі пастанавілі галасаваньнем на леташнім падобным форуме кіраўнікоў каталіцкіх эпіскапатаў Эўропы ў княстве Манака.

Кіраўнікі Канфэрэнцый біскупаў сустрэнуцца з Лукашэнкам

Мяркуецца, што кіраўнікоў Канфэрэнцый біскупаў эўрапейскіх краінаў прымуць Аляксандар Лукашэнка і Андрэй Шорац.

Пра гэта Свабодзе сказаў дырэктар парталу catholic.by ксёндз Кірыл Бардонаў:

«Біскупы будуць размаўляць пра праблемы моладзі таму, што Сынод біскупаў, які будзе праходзіць у наступным годзе ў Ватыкане, таксама будзе прысьвечаны моладзі. Другая тэма — будучыня Эўропы, выклікі, якія стаяць перад кантынэнтам.

На сустрэчу ў Менск прыедзе каля 75 чалавек: амаль усе кіраўнікі Канфэрэнцый біскупаў эўрапейскіх краінаў — гэта 50 біскупаў і кардыналаў, а таксама экспэрты з Ватыкану, журналісты і тэхнічныя супрацоўнікі рады Канфэрэнцый біскупаў Эўропы. Бальшыня біскупаў наведае Беларусь упершыню. Зь вельмі ўплывовых будзе кардынал Марк Уэле, прэфэкт Кангрэгацыі па справах біскупаў, які 28 верасьня правядзе імшу ў Чырвоным касьцёле.

28 верасьня а 10-й раніцы ў Палацы незалежнасьці кіраўнікі Канфэрэнцый біскупаў эўрапейскіх краінаў сустрэнуцца з Аляксандрам Лукашэнкам. Урачыстае адкрыцьцё Рады Канфэрэнцый біскупаў Эўропы адбудзецца ў менскай Ратушы, будзе прысутнічаць старшыня Менгарвыканкаму Андрэй Шорац. Форум пройдзе ў гатэлі «Вікторыя-Алімп».

Біскупы Эўропы памоляцца ў трох сьвятынях Менску

Сьвятыя імшы 28–3 верасьня адбудуцца ў касьцёле Сьвятых Сымона і Алены (Чырвоным касьцёле), архікатэдры Найсьвяцейшай Панны Марыі (на плошчы Свабоды), касьцёле Найсьвяцейшай Тройцы (сьвятога Роха). Расклад асноўных набажэнстваў тут.

1 кастрычніка старшыні эпіскапатаў Эўропы наведаюць іншыя парафіі Менску, дзе таксама ўзначаляць сьвятыя імшы і сустрэнуцца зь вернікамі.

Арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч каля касьцёла Сьвятога Роха, архіўнае фота
Арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч каля касьцёла Сьвятога Роха, архіўнае фота

Упершыню ў Менску столькі герархаў Касьцёла

Старшыня беларускага эпіскапату арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч у сваім звароце ў сувязі з правядзеньнем у Менску пленарнай асамблеі РКБЭ адзначыў, што выбар месца для такой імпрэзы, беспрэцэдэнтнай у гісторыі каталіцкага касьцёла Беларусі — вялікі гонар як для беларускага касьцёла, так і для краіны.

«Яшчэ ніколі Беларусь адначасова не наведвалі паўсотні вышэйшых герархаў каталіцкага касьцёла старога кантынэнту. У той жа час гэта і вялікая адказнасьць, якая ўскладаецца на каталіцкі касьцёл у Беларусі, які ў мінулым годзе адзначыў сярэбраны юбілей свайго адраджэньня пасьля трох пакаленьняў ганеньняў. Надыходзячы форум — гэта прызнаньне ролі каталіцкага касьцёла як у нашай краіне, так і ў Эўропе. Гэта таксама знак салідарнасьці эўрапейскіх каталікоў зь беларускімі і павагі да нашай краіны», — адзначае Кандрусевіч.

Ён зьвяртае ўвагу на факт: што гэтая гістарычная падзея адбудзецца ў юбілей 950-годзьдзя заснаваньня Менску і 500-годзьдзя выданьня Бібліі Францішкам Скарынам як першай друкаванай кнігі ва ўсходнеславянскім сьвеце.

Беларусь усё часьцей становіцца цэнтрам увагі каталіцкага касьцёла і Ватыкана

Менск стане сталіцай Рады Канфэрэнцый каталіцкіх біскупаў Эўропы (ККБЭ) ужо другі раз. 14–16 чэрвеня 2007 году ў сталіцы Беларусі праходзіла 35-я сустрэча генэральных сакратароў Канфэрэнцый каталіцкіх біскупаў на тэму «Міграцыя — выклік для Эўропы».

У 2014 годзе ў Менску адбыўся IV каталіцка-праваслаўны форум «Рэлігійны і культурны плюралізм: выклікі хрысьціянскім цэрквам у Эўропе», у якім узялі ўдзел высокія праваслаўныя і каталіцкія герархі з 22 краінаў.

У 2015 годзе Беларусь наведаў дзяржаўны сакратар яго сьвятасьці папы Францішка кардынал Пʼетра Паралін. Урачыстасьці сярэбранага юбілею адраджэньня структур каталіцкага касьцёла ў Беларусі, якія ў гэтым годзе праходзілі ў Будславе, узначаліў спэцыяльны пасланьнік папы Францішка кардынал Крыстаф Шонбарн зь Вены.

Рада Канфэрэнцый каталіцкіх біскупаў Эўропы бярэ свой пачатак з 1965 году, калі 13 кіраўнікоў нацыянальных эпіскапатаў сустрэліся ў Рыме і заснаваны камітэт, каб спрыяць больш шчыльнаму супрацоўніцтву на ўзроўні мясцовых эпіскапатаў. Устаноўчы сход Рады адбыўся ў Рыме 23–24 сакавіка 1971 году.

Ваша меркаваньне

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG