Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Бялынічах зьявілася бажніца — праз 141 год пасьля закрыцьця касьцёла


Каталіцкая капліца ў Бялынічах

У Бялынічах праз 141 год па закрыцьці тутэйшага касьцёла асьвечаная капліца. Гэта адзіная каталіцкая бажніца ў раёне. Ад некалі аднаго з найбагацейшых у краі касьцёла ацалелі фрагмэнты фрэсак, якія захоўваюцца ў Магілёўскім мастацкім музэі імя Масьленікава.

У 1876 годзе каталіцкую сьвятыню пераасьвяцілі ў праваслаўную царкву. Пасьля Другой усясьветнай вайны і яе зьнішчылі.

Абраз Маці Божай Бялыніцкай шанаваўся каталікамі і праваслаўнымі

Лёс вядомага ў Беларусі абраза Маці Божай Бялыніцкай, які шанаваўся ня толькі каталікамі і праваслаўнымі, застаецца невядомым. Ён разам з Крыжам Эўфрасіньні Полацкай ды іншымі беларускімі каштоўнасьцямі ў 1941 годзе быў вывезены ў Маскву, пасьля чаго зьнік.

Копія абраза Маці Божай Бялыніцкай у капліцы бялыніцкіх каталікоў
Копія абраза Маці Божай Бялыніцкай у капліцы бялыніцкіх каталікоў

На асьвячэньне капліцы хрэсным ходам з Магілёва прыйшлі каля сотні вернікаў. Усяго ж у набажэнстве ўзялі ўдзел тры сотні каталікоў. Капліцы надалі імя Маці Божай Бялыніцкай.

«Маці Божая Бялыніцкая на нашых усходніх землях мела вялікую пашану. Нездарма яе называлі беларускай Чэнстаховай, — сказаў у інтэрвію Свабодзе дапаможны біскуп-вікарый для Магілёва і Магілёўшчыны Аляксандар Яшэўскі. — Да гэтага санктуарыя прыходзілі ня толькі каталікі, але і праваслаўныя, каб прасіць Багародзіцу аб неабходных ласках. У гербе Магілёўскай вобласьці мы бачым вобраз Маці Божай Бялыніцкай».

Набажэнства на падворку капліцы
Набажэнства на падворку капліцы

Пасьля закрыцьця касьцёла бялыніцкія каталікі свае набажэнствы адпраўлялі па хатах. Апошнія два дзясяткі гадоў для службаў выкарыстоўвалі набыты грамадой дом, які і перарабілі ў капліцу.

Бялыніцкія каталікі маліліся па хатах

Валянціна Фіялкоўская, старшыня мясцовай каталіцкай парафіі, памятае рэшткі касьцельнага комплексу. Паводле яе, сярод бялыніцкіх жыхароў палова каталікоў.

«Да закрыцьця нашага велічнага касьцёла тут віравала каталіцкае жыцьцё. І нават прамінулыя паўтары сотні гадоў ня здолелі зьвесьці ў Бялынічах каталікоў, — сказала яна. — Нягледзячы на тое, што не было куды хадзіць маліцца, людзі трымаліся сваёй веры па хатах. Як пачынаеш гаварыць зь людзьмі, то высьвятляецца, што яны і каталікі, але хадзіць да касьцёла ці нашага малітоўнага дома не жадаюць. Цяпер жа ўсё трэба аднаўляць».

Бялыніцкія каталікі, актыў парафіі (зьлева направа): Валянціна Фіялкоўская, Галіна Гарадкова, Ірына Шавель
Бялыніцкія каталікі, актыў парафіі (зьлева направа): Валянціна Фіялкоўская, Галіна Гарадкова, Ірына Шавель

Айцец Аляксандар Яшэўскі спадзяецца, што са зьяўленьнем у Бялынічах новай сьвятыні і абраза Маці Божай Бялыніцкай у тутэйшым жыцьці пабольшае набожнасьці, якая была ўласьцівая падняпроўскаму краю.

«Да асьвячэньня капліцы ў ёй быў ня вельмі ўтульны дом малітвы. Каму хочацца прыходзіць маліцца ў дом, дзе на вокнах фіранкі. А цяпер гэта — капліца з алтаром, абразам, крыжамі. І трыста чалавек прыйшлі на ўрачыстасьць. Таму гэта знак адраджэньня веры. З часам адродзіцца і культ Маці Божай Бялыніцкай, асабліва для нас, каталікоў», — казаў сьвятар Свабодзе.

Абароненыя ад крамы каталіцкія могілкі

У 2015 годзе бялыніцкая грамада абараніла ад зьнішчэньня каталіцкія могілкі. На іх зьбіраліся ўзьвесьці краму. Падчас работ былі знойдзеныя чалавечыя парэшткі.

Аляксандар Яшэўскі (справа)
Аляксандар Яшэўскі (справа)

Паводле айца Аляксандра Яшэўскага, улада прыслухалася да голасу вернікаў і адмовілася ад намеру будаваць краму. Цяпер пляцоўка былых могілак агароджаная. На ёй высаджаныя дрэвы і стаіць крыж.

«У заканадаўстве напісана: там, дзе ёсьць парэшткі, то іх альбо трэба ўсе перазахоўваць, альбо на гэтым месцы паставіць помнік ці нават пабудаваць сьвятыню, — заўважае сьвятар. — На сёньняшні момант у нас ёсьць жаданьне зьвярнуцца да ўладаў, каб на гэтым месцы ўзьвесьці сьвятыню ў гонар нашай Маці Божай Бялыніцкай. Як заканадаўства дазваляе, то трэба зь яго скарыстацца».

Крыж на абароненых могілках
Крыж на абароненых могілках

Паводле бялыніцкіх каталікоў, касьцёл з кляштарам кармэлітаў стаяў непадалёк ад месца, на якім узьведзеная праваслаўная царква.

Матэрыялы для аднаўленьня касьцёла ў Бялынічах ёсьць

Старшыня Рэспубліканскай рады Таварыства аховы помнікаў гісторыі і культуры Антон Астаповіч кажа, што касьцельныя падмуркі ацалелі і пры жаданьні сьвятыню можна было б адбудаваць.

Антон Астаповіч
Антон Астаповіч

«Каб аднавіць, патрэбна ініцыятыва саміх каталікоў, — заўважае ён. — Ёсьць матэрыялы для навукова абгрунтаванага аднаўленьня. Маюцца зьвесткі, як выглядаў касьцёл на момант узьвядзеньня. Тады ён быў бязь вежаў. Ёсьць зьвесткі, як, яшчэ калі будынак быў касьцёлам, у 1830 годзе да яго дабудавалі дзьве флянсуючыя вежы».

Тут знаходзіцца падмурак разбуранага касьцёла
Тут знаходзіцца падмурак разбуранага касьцёла

Паводле Антона Астаповіча, рэшткі касьцельнага комплексу зьнішчылі ў 1980-х гадах. Сам жа касьцёл пабурылі ў 1970-х.

«У ім яшчэ доўга быў кінатэатар пасьля вайны, — адзначыў суразмоўца. — На пачатку 1980-х гадоў быў цэлым амаль увесь жылы кляштарны корпус. У другой палове 1980-х разабралі апошнюю сьцяну».

Ваша меркаваньне

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG