Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Справу патрыётаў» расьсьледуе новая сьледчая група


Міраслаў Лазоўскі

У справе «Белага легіёну», якую расьсьледуюць у Сьледчым камітэце, зьмянілася сьледчая група. Пра гэта Свабодзе сказаў фігурант справы Міраслаў Лазоўскі.

«Колькі там звольнілася сьледчых, дакладна ня ведаю, ведаю толькі пра аднаго. Гэта былы кіраўнік сьледчай групы Вадзім Грыц, ён з 1 верасьня пайшоў на пэнсію. Недзе на пачатку верасьня я пазваніў яму, каб высьветліць лёс пляншэта жонкі, які сьледчыя пры вобшуку забралі ў маім доме, а ён мне кажа, што ўжо на пэнсіі і што са справай знаёміцца новая група», — кажа Міраслаў Лазоўскі.

Паводле Лазоўскага, іншым фігурантам справы таксама сказалі пра зьмену сьледчага.

Як піша «Наша Ніва», на пэнсію сышлі сама меней два сьледчыя, якія вялі гэтую справу, абодва — палкоўнікі.

У Сьледчым камітэце выданьню пацьвердзілі зьмены ў сьледчай групе па «справе патрыётаў», але колькі сьледчых зьмянілася, не ўдакладнілі.

«Злачынстваў зьдзяйсьняецца менш, зьмяняецца структура злачыннасьці. Таму пераразьмяркоўваецца асабовы склад для найбольш эфэктыўнага выкарыстаньня: ствараюцца новыя падразьдзяленьні шляхам злучэньня ці рэарганізацыі існых. Пры рэарганізацыі нейкага падразьдзяленьня супрацоўнікам прапануецца перайсьці на іншае месца службы. Некаторыя адмаўляюцца і сыходзяць у запас», — патлумачыў кіраўнік прэс-службы Сьледчага камітэту Сяргей Кабаковіч.

Пра былога сьледчага Вадзіма Грыца былы актывіст «Белага легіёну», падсьледны Міраслаў Лазоўскі згадаў:

«Калі вызначаць па шкале „добры-дрэнны“, ён, відаць, быў добры, відавочна імкнуўся разабрацца ў справе аб’ектыўна. Адносна ўзросту скажу, што ня ведаю ягонай выслугі гадоў, але так, ён ужо не малады, ва ўзросьце, калі сапраўды сілавікі могуць сыходзіць на пэнсію. Пасьля вызваленьня ў ліпені сьледчых дзеяньняў стала меней, і ў апошнія два месяцы ён мяне ўжо не выклікаў».

21 верасьня па «справе патрыётаў» маюць прыняць рашэньне, ці працягваць расьсьледаваньне далей. Што пра гэта мяркуе Міраслаў Лазоўскі?

«Мне сказалі, што новая сьледчая група цяпер вывучае справу. Але для гэтага патрэбны час, таму мяркую, што прымуць усё ж рашэньне працягнуць расьсьледаваньне», — кажа Міраслаў Лазоўскі.

«Справу патрыётаў» пачалі расьсьледаваць сёлета ў сакавіку пасьля затрыманьня КГБ больш як 30 былых удзельнікаў патрыятычнай арганізацыі «Белы легіён», якая даўно ня дзейнічае, ды іншых актывістаў, у тым ліку маладафронтаўцаў. У траўні расьсьледаваньне справы перадалі з КДБ у Сьледчы камітэт, а яшчэ ў красавіку фігурантаў справы пачалі вызваляць з-пад варты. З большасьці затрыманых па справе абвінавачаньні былі зьнятыя цалкам, каля 10 актывістаў застаюцца пад падпіскай аб нявыезьдзе.

XS
SM
MD
LG