Лінкі ўнівэрсальнага доступу

10 найчасьцейшых прычынаў сьмерці беларусаў


Нацыянальны статыстычны камітэт прадставіў справаздачу «Натуральны рух насельніцтва па Рэспубліцы Беларусь» за 2016 год.

Нараджэньні

Паводле справаздачы, у Беларусі за год нарадзіліся 117 779 чалавек, памерлі 119 379 чалавек. Гэта 12,4 народжанага і 12,6 памерлага на тысячу чалавек. Да 1 году не дажылі 373 чалавекі — 3,2 сьмерці на 1000 народжаных (даволі нізкі паказьнік у сьвеце).

Натуральная страта насельніцтва склала 1600 чалавек — але разам зь міграцыяй насельніцтва Беларусі за год вырасла на 6300 чалавек. Пры тым, што насельніцтва Беларусі натуральным чынам скарачаецца, натуральны прырост адбываецца ў гарадах (хай і меншы, чым натуральная страта ў вёсках).

Найчасьцей беларускі нараджаюць дзяцей у 25-39 гадоў (42,4 тысячы нараджэньняў), часта — у 20-24 (24,5 тысячы) і 30-34 (31,9 тысячы). 77 жанчын нарадзілі дзяцей у 45-49 гадоў (для 5 гэта было пятае дзіця, для яшчэ 5 — шостае і болей), 1 — у 50-54 гады (гэта было чацьвёртае дзіця). Да 20 гадоў нарадзіла 3561 беларуска, прычым для 25 зь іх гэта было ўжо трэцяе дзіця, для адной — чацьвёртае і для адной — пятае. Сярэдні ўзрост маці пры нараджэньні першага дзіцяці — 26,3 года (у Менску — 28), пры нараджэньні наступных — 30,7 года (у Менску — 32).

Сьмерці

Найчасьцейшымі прычынамі сьмерці, паводле справаздачы, у 2016 годзе ў Беларусі былі:

1. Хваробы сыстэмы кровазвароту — 65 941 чалавек. Зь іх ад вострага інфаркту міякарду памерлі 1513 чалавек.

2. Рак — 17 926 чалавек. Зь іх абсалютная бальшыня, 17 683 чалавекі, ад злаякасных новаўтварэньняў.

3. Іншыя або нявызначаныя прычыны — 11 969 чалавек, зь іх большасьць — 9171 чалавек — былі жанчынамі. Да гэтай клясы адносяцца выяўленыя ў лябараторных і клінічных дасьледаваньнях сымптомы і прыкметы самых розных хваробаў, калі прычына непацьверджаная або нявыяўляльная.

4. Хваробы нэрвовай сыстэмы — 4951 чалавек. Яшчэ 9 чалавек памерлі ад хваробаў органаў пачуцьцяў. Сярод іх жанчынаў 3 тысячы, мужчынаў — каля 2 тысяч.

5. Хваробы органаў страваваньня — 5316 чалавек, зь іх 210 чалавек ад язвы.

6. Неназваныя вонкавыя прычыны — 2951 чалавек. Усяго ад вонкавых прычынаў памерлі 8309 чалавек, зь іх 6446 мужчынаў. У гэты пункт не ўваходзяць забойствы і самагубствы, няшчасныя выпадкі, выпадковыя атручэньні і ўтапленьні. Бязь іх — 2951 чалавек.

7. Псыхічныя расстройствы і расстройствы паводзінаў — 2445 чалавек, жанчын сярод іх у паўтара раза больш за мужчынаў.

8. Самагубства — 2042 чалавекі, сярод іх толькі 386 жанчын. Мяркуючы па лічбах Усясьветнай арганізацыі здароўя, Беларусь застаецца ў ліку 20 краінаў з найбольшай колькасьцю суіцыдаў на 1000 чалавек, можа ўвайсьці ў першую дзясятку.

9. Хваробы дыхальных органаў — 1807 чалавек, сярод іх толькі 362 жанчыны.

10. Выпадковае атручаньне алькаголем — 1461 чалавек, сярод іх толькі 308 жанчын.

Ад забойстваў тым часам, паводле афіцыйнай статыстыкі, памерлі 395 чалавек (130 жанчын). У няшчасных выпадках, зьвязаных з агнём, — 625 чалавек (175 жанчын); ад няшчасных выпадкаў, зьвязаных з транспартам, — 761 чалавек (215 зь іх жанчыны). Сьмерць, зьвязаная з нараджэньнем дзяцей — самая рэдкая прычына ў сьпісе, толькі 3 чалавекі ў 2016 годзе.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG