Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Як паміраюць у Жодзінскай турме. Асьцярожна, уражлівае відэа


Праваабарончы цэнтар «Вясна» апублікаваў відэа з камэраў назіраньня турмы №8 у Жодзіне, на якім, як сьцьвярджае «Вясна», «відаць хаатычныя дзеяньні кантралёраў, фэльчара і староньніх асобаў у камэры № 107 пры правядзеньні рэанімацыйных захадаў падчас сьмерці зьняволенага Алега Багданава».

Увечары 28 студзеня 2016 году Багданава за парушэньні правілаў унутранага распарадку (нібыта пасьля адбою ён гуляў у шашкі і гучна размаўляў) у мэдчастцы перавялі з камэры 97 у адзіночную камэру 107 (карцэр). На наступны дзень ён адмовіўся ад сьняданка, праз пэўны час кантралёрка заўважыла ў вочка камэры, што Багданаў сядзеў на падлозе і нешта мармытаў. Турэмніца праінфармавала дзяжурнага, пасьля супрацоўнікі тэлефанавалі начальству, толькі потым адчынілі камэру, выклікалі фэльчара. Лекары «хуткай дапамогі» прыехалі толькі праз паўгадзіны пасьля гэтага. Але ўратаваць Багданава не змаглі, а 7.40 канстатавалі сьмерць.

Як магло так здарыцца?

Юрыст праваабарончага цэнтру «Вясна» Павал Сапелка пракамэнтаваў Свабодзе гэтую гісторыю. Паводле яго, відэа ўзятае з матэрыялаў справы і было атрымана ад маці памерлага.

Павал Сапелка
Павал Сапелка

Гэта ня першы выпадак, калі турэмныя мэдыкі не пасьпяваюць уратаваць зьняволеных. Што трэба зрабіць, каб зьмяніць сытуацыю?

«Найперш трэба ставіцца да зьняволеных, як і да іншых людзей, — тлумачыць Сапелка. — Як чалавек на волі атрымлівае дапамогу ў сувязі з кардыялягічнай праблемай, ён мусіць дакладна такое атрымліваць лячэньне за кратамі. Гэта, вядома, не паказьнік, але на той момант чалавек яшчэ нават ня быў прызнаны вінаватым. То бок меліся іншыя меры стрыманьня, якія дазволілі б яму адначасова быць удзельнікам крымінальнага працэсу і праходзіць усе даступныя для вольных людзей працэдуры».

Відэа ўзятае з унутранай камэры відэаназіраньня. Чаму своечасова не адрэагаваў ахоўнік?

«Ахоўнік якраз пабачыў, што са зьняволеным адбываецца нешта ня тое, — разважае Сапелка. — Але пачаў выклікаць падмогу, калі ўжо было зусім позна. Дзеля справядлівасьці, ён, можа, усё зрабіў і своечасова, аднак, пакуль паведамілі мэдыкам, пакуль фэльчар зьявіўся, прайшоў праз усе кардоны, пахадзіў па камэры, пакуль дайшло да рэанімацыйных працэдураў і высьветлілася, што ў такіх умовах да іх ніхто не гатовы, мінуў час, які мог быць выкарыстаны дзеля рэальнага ўратаваньня чалавека. Зразумела, што фэльчар, які не абавязаны ўмець рабіць нават складаныя ўколы, фізычна ня можа рабіць тое, што робіць брыгада рэанімацыі, якая павінна была неадкладна ляцець ратаваць гэтага чалавека».

Праваабарончы цэнтар «Вясна» дапамагае сям’і памерлага вязьня Жодзінскай турмы абскардзіць рашэньне спыніць крымінальную справу.

Скардзіўся ці ня скардзіўся на здароўе?

Сваякі памерлага Багданава каля 8 месяцаў дамагаліся крымінальнай справы па факце неналежнага выкананьня мэдыкамі турмы сваіх прафэсійных абавязкаў. Жодзінскі гарадзкі аддзел Сьледчага камітэту тройчы прымаў рашэньне аб адмове, а 12 траўня спыніў перасьлед «у сувязі з адсутнасьцю ў дзеяньні складу злачынства».

«Ці можна было хворага саджаць у „стакан”?» — маці вязьня Багданава

Маці ж Багданава шукае адказу на пытаньне, чаму памёр яе сын: у пастановах неаднаразова адзначаецца, што мэдыкамі і пэрсаналам турмы былі дапушчаныя недахопы ў абсьледаваньні і лячэньні Багданава, але яны не знаходзяцца ў прычыннай сувязі зь ягонай сьмерцю. Багданаў, паводле мэдыкаў, «скаргаў на стан здароўя не выказваў, указваў на болі зьлева, у вобласьці сэрца, перабоі рытму». Пры гэтым Багданаў неаднаразова скардзіўся на здароўе ў лістах да маці.

«За здароўем сачу, але часам робіцца дрэнна, здараюцца нейкія прыступы, я страчваю прытомнасьць, а на ложак класьціся не дазваляюць — пішуць рапарты. А ў мяне ўжо чатыры заўвагі за тое, што ляжаў удзень на ложку. Неўзабаве павядуць на карцэр», — пісаў Багданаў у адным зь лістоў.

Марына Багданава з партрэтам сына Алега
Марына Багданава з партрэтам сына Алега

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG