Імя вайскоўца там не назвалі, паведамляе Расейская служба Радыё Свабода.
Расейскія тэлеграм-каналы, блізкія да сілавікоў, і газэта «Коммерсант» паведамілі, што быў замах на афіцэра Паветрана-касьмічных сіл Расеі, ён знаходзіцца ў цяжкім стане.
Вайскоўца даставілі ў Саратаў і правялі апэрацыю, зараз яго рыхтуюць да адпраўкі спэцбортам у Маскву. Нападнік быў у шлеме, пасьля стральбы ён уцёк.
На месцы здарэньня знайшлі гільзы і кулі ад агнястрэльнай зброі, завялі крымінальную справу па артыкулах аб замаху на забойства і незаконным абароце зброі.
Паводле зьвестак выданьня SHOT, на вайскоўца напаў невядомы на матацыкле ў момант, калі афіцэр выходзіў з крамы. Ён стрэліў у вайскоўца двойчы: адна куля патрапіла ў твар, другая — у цела.
Тэлеграм-канал «Дасье шпіёна» назваў пацярпелым генэрал-маёра Мікалая Варпаховіча, камандзіра 22-й цяжкай бамбардзіровачнай авіяцыйнай дывізіі далёкай авіяцыі Расеі.
Галоўнае ўпраўленьне выведкі Мінабароны Ўкраіны называе Варпаховіча адным з расейскіх камандзіраў, адказных за ракетныя ўдары стратэгічнай авіяцыі па ўкраінскіх гарадах, адзначае The Insider.
31 жніўня 2026 года СБУ і Офіс генэральнага пракурора Ўкраіны завочна паведамілі аб падазрэньні Мікалаю Варпаховічу. Паводле вэрсіі ўкраінскага сьледзтва, 8 ліпеня 2024 году менавіта ён аддаў загад на ракетны ўдар па Нацыянальнай дзіцячай спэцыялізаванай бальніцы «Ахматдзет» у Кіеве.
8 ліпеня 2024 года ў выніку масіраванага расейскага ракетнага нападу на Кіеў загінулі больш за 30 чалавек, у тым ліку чацьвёра дзяцей. Адна з ракет трапіла ў комплекс найбуйнейшай дзіцячага шпіталя «Ахматдзет», сярод параненых былі некалькі дзяцей. Мінабароны Расеі заяўляла, што ў той дзень войскі РФ наносілі ўдары па аб’ектах вайсковай прамысловасьці Ўкраіны і авіяцыйных базах узброеных сіл.
Гэта далёка ня першы замах на высокапастаўленых расейскіх вайскоўцаў з пачатку поўнамаштабнай вайны Расеі супраць Украіны.