Лінкі ўнівэрсальнага доступу

The Economist намаляваў на вокладцы «Цара Пуціна». Рэдактар расказаў, дзе ў расейскага прэзыдэнта слабае месца


Уладзімір Пуцін, архіўнае фота
Уладзімір Пуцін, архіўнае фота

Брытанскі часопіс The Econimist выйшаў з каляжам на вокладцы, на якім Уладзімір Пуцін прадстаўлены ў вобразе расейскага імпэратара, і загалоўкам «Цар нарадзіўся – праз 100 гадоў пасьля рэвалюцыі».

Рэдактар міжнароднага аддзелу часопісу Эдвард Лукас даў інтэрвію тэлеканалу «Настоящее время» пра Пуціна і замежную палітыку Крамля.

Адно з пытаньняў да яго было сфармуляванае так:

«Калі гавораць пра новы тэрмін Пуціна, пра тое, што ён яшчэ шэсьць гадоў можа кіраваць краінай, некаторыя кажуць пра новыя пункты напружаньня, і ў тым ліку і канфлікты. Мы маем Данбас, маем Крым, і няма канца гэтых праблемаў. Якія пункты на мапе Ўсходняй Эўропы самыя небясьпечныя з пункту гледжаньня наступных плянаў Расеі?»

На гэта Эдвард Лукас адказаў:

«Я б крыху зьмяніў вашае пытаньне: дзе самае слабое месца Пуціна? Я думаю, гэта яго грошы.

Мы толькі што бачылі цікавы даклад, у якім гаворыцца пра 24 мільярды даляраў невытлумальных даходаў, якія належаць блізкім Пуціну людзям. Цікавей за ўсё тое, што ўсе гэтыя багацьці не ў Расеі, дзе ў іх, вядома, ёсьць прыгожыя лецішчы, машыны, верталёты. Але асноўная частка грошай – за мяжой.

Ня трэба турбавацца аб тым, дзе Пуцін учыніць наступную правакацыю. Ва Ўсходняй Эўропе, у Заходняй Эўропе, на Бальканах – такіх месцаў шмат. Нам трэба казаць пра тое, як стварыць складанасьці для Пуціна, зыходзячы з таго, дзе ляжаць яго брудныя грошы. І казаць яму: адстань!

Калі хочаш захаваць свае грошы, сыходзьце з Украіны, вярніце Крым, перастаньце чыніць усе гэтыя правакацыі ў іншых краінах. Гэта велізарная яго слабасьць, якой не было ў часы Савецкага Саюзу. У Брэжнева не было вялікага багацьця за мяжой, пра якое б мы ведалі.

Ня варта бачыць у Расеі Мордар [прыстанішча зла ў фантастычным сьвеце пісьменьніка Джона Толкіна. – РС], велізарнае чароўнае каралеўства, у якога ёсьць усё, каб чыніць нам непрыемнасьці. На самай справе Расея куды меншая і куды слабейшая за Захад, з мноствам слабасьцяў. І тое, навошта я прыехаў у Прагу, – гэта расказаць на канфэрэнцыі, як зрабіць так, каб стварыць як мага больш праблем Пуціну. На самай справе мы шмат што можам. Трэба проста пачаць».

Цяперашняя вокладка The Economist – далёка ня першы раз, калі часопіс зьмяшчае Пуціна на перадавіцу: у лютым 2015 году Пуцін быў у вобразе майстра марыянэтак, у жніўні 2014-га – на тле «павуціньня хлусьні», у лютым 2014-га – у вобразе фігурыста, партнэрка якога (з подпісам «Расея») правалілася пад лёд…

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG