Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Як я адрэзаў вуха кадэбэшніку» — пісьменьнік і цырульнік Сяргей Календа пра кліентаў салёнаў прыгажосьці


Сяргей Календа
Сяргей Календа

Палкоўнік, які палез біцца з цырульнікам, кадэбэшнік, якому адрэзалі кавалак вуха — адрозьніць сапраўдныя і выдуманыя гісторыі пісьменьніка Сяргея Календы не заўжды ўдаецца. Пра працу стыліста, выкладаньне ў школе і раздваеньне асобы — Свабода пагаварыла з Календам напярэдадні прэзэнтацыі кнігі «Ўсё ўключана».

Ставіў іракезы панкам у двары

На пытаньне, як яго прадставіць, Сяргей Календа з ходу ня можа адказаць. У літаратурным коле яго ведаюць як пісьменьніка, які два гады хаваўся пад псэўданімам Аляксандар І. Бацкель. Ягоная другая асоба — трэнэр у «Акадэміі Ітэйра»: там ён праводзіць заняткі й майстар-клясы па стылістыцы і калярыстыцы. Хоць трапіў у сфэру прыгажосьці зусім выпадкова.

«Я ў 9-й клясе кінуў музычную школу, хоць рыхтаваўся да паступленьня ў кансэрваторыю, — узгадвае Календа. — Я тады стаў панкам і нічым не хацеў займацца».

Каб сын ня швэндаўся па дварах, а быў нечым заняты, маці прапанавала яму пайсьці на курсы цырульнікаў. Туды ён і пайшоў. Практыкаваўся на сябрах па двары.

«Я ж быў панкам — рабіў усім іракезы. Такая практыка была няхілая».

Каб атрымаць досьвед, пасьля курсаў неабходна было адпрацаваць колькі часу ў звычайных цырульнях. Замест гэтага Календа, тады яшчэ адзінаццаціклясьнік, наняў кватэру і арганізаваў там цырульню.

Потым паступіў на факультэт міжнародных адносін у БДУ, але працягваў займацца цырульніцтвам. Ужо на першым курсе яго запрасілі працаваць у салён у гатэлі «Мінск». Дырэктарка салёну пабачыла на вуліцы прыгожа пастрыжаную дзяўчыну і спытала, хто яе стрыжэ. Тая дала тэлефон Сяргея Календы.

«Гэта было вельмі нечакана, як у казцы нейкай, — кажа Календа. — Я прыходжу, а ў мяне, акрамя гэтых курсаў, нічога няма. Але яна сказала, што ёй падабаецца, як я працую. Мне далі бэджык, на якім было напісана — „6-ты разрад“. Самы высокі ў стылістаў».

Пісьменьнік Сяргей Календа: Аднойчы я адрэзаў кавалак вуха кадэбэшніку
пачакайце

No media source currently available

0:00 0:02:40 0:00

Пастрыг падпалкоўніка пад салдата

Календа працаваў стылістам у некалькіх гатэлях. Праца не замінала вучобе, а галоўнае — давала грошы на жыльлё і адукацыю. Таксама яна паспрыяла нараджэньню многіх літаратурных пэрсанажаў. Менавіта пра жыцьцё менскіх гатэляў напісана ў новай кнізе Сяргея Календы «Ўсё ўключана».

«Калі я прыйшоў у гатэль „Мінск“, я шчыльна пазнаёміўся зь некаторымі ахоўнікамі, бармэнамі. І вось ужо тады я назіраў і за цікавымі замежнікамі, і за ахоўнікамі. Гэта было цікава».

Адпачатку Календа не зьбіраўся пра ўсё гэта пісаць, але за 5–6 гадоў гісторый назьбіралася так шмат, што хапіла на паўнавартасныя мастацкія тэксты.

Аднак гісторыі, якія распавядае Календа пра сваю працу, таксама цягнуць на асобныя апавяданьні. Напрыклад, нібыта аднойчы да яго ў бойку палез украінскі падпалкоўнік, якога Календа закаротка пастрыг.

«Ён папрасіў пастрыгчы яго „пад канадку“. Гэта старая назва, і там трэба стрыгчы на два пальцы. А я тады быў худы, і пальцы худыя меў. Ну, і пастрыг яго як „пад салдата“».

Таксама абсалютна неверагодна гучыць гісторыя пра кадэбэшніка, якому Календа адрэзаў кавалак вуха. Гэта быў начальнік аховы гатэля, які пастаянна стрыгся ў салёне. Раней ён працаваў у КДБ. Але гэтым разам у часе стрыжкі Сяргей пабачыў, як невялікі кавалак вуха былога гэбіста ўпаў яму на плячо. На яго зьдзіўленьне, ніякіх наступстваў не было. Экс-гэбіст спакойна адказаў, што, маўляў, нічога страшнага, зь ім гэта не ўпершыню. І ўвогуле, праблема хіба ў вуху, якое крыху тырчыць.

«Праз гэты выпадак я зразумеў, што ўсе людзі абсалютна розныя, і нават былы кадэбэшнік — гэта ня значыць, што ён вораг ці вар’ят. Гэта можа быць абсалютна нармальны чалавек».

Быць пісьменьнікам у Беларусі — цікавей, чым у Эўропе

Акрамя працы стыліста, Календа спрабаваў сябе выкладчыкам у школе і ўнівэрсытэце. У школе прабыў роўна месяц. Сышоў, калі парэзалі распрацаваную ім праграму па беларускай літаратуры і сусьветнай гісторыі.

Яшчэ Календа два месяцы працаваў у банку, пасьля чаго для сябе дакладна вырашыў ня браць ніколі ў жыцьці крэдытаў. Паводле абавязкаў ён размаўляў зь людзьмі, якія прыходзілі па крэдыты. Трэба было вызначыць, што за чалавек перад ім і ці здолее ён выплочваць крэдыт.

«Працаваў я там толькі два месяцы й вельмі хутка зьбег, таму што гэта вар’яцтва для чалавека, які хоча працаваць сумленна».

Такія розныя ролі Календу зусім не палохаюць, гэтаксама як і немагчымасьць зарабляць творчасьцю. Па яго словах, у Беларусі толькі лічаныя пісьменьнікі здольныя жыць за кошт сваёй пісьменьніцкай працы. У той жа час пэрспэктыва пісьменьніцкага жыцьця, калі б ён меў мажлівасьць жыць выключна за кошт публікацыяў, як гэта робяць многія пісьменьнікі ў Эўропе, яго не прываблівае.

«Я быў бы вельмі непрацаздольным пісьменьнікам, які сумуе па жыцьці і ня мае драйву. А тут вось трэба так у жыцьці выпендрывацца, каб яшчэ і грошы знайсьці, і нешта пісаць і прыдумляць. Так цікавей».

На імпрэзы не хаджу — пакідаю больш месца для чытачоў

Акрамя пісьменьніка Сяргея Календы і стыліста Сяргея Календы, ёсьць яшчэ і трэцяе ўвасабленьне. У 2012 годзе Сяргей стаў пісаць кнігі пад псэўданімам Аляксандар І. Бацкель. Для свайго псэўданіма прыдумаў цэлую легенду. Быццам бы гэты чалавек жыве пад Нясьвіжам у хаце, якая дасталася яму ў спадчыну. Бацкель меў свой профіль у Фэйсбуку, ЖЖ і нават мабільны тэлефон.

«Я тады пачынаў пісаць і вельмі актыўна спрабаваў друкавацца паўсюль. Але потым вырашыў, што мне трэба сысці як Календу і пачаць вучыцца пісаць у выглядзе Бацкеля — паглядзець на сябе звонку, больш аб’ектыўна».

Бацкель вёў актыўнае творчае жыцьцё. Ён напісаў некалькі кніг, у тым ліку раман «Мімікрыя». Зь цягам часу літаратурныя крытыкі пачалі пра яго пісаць лепшыя водгукі, чым пра Календу. Бацкель трапіў у некалькі шорт-лістоў літаратурных прэміяў.

Мне падабаецца пісаць як Бацкель, для мяне гэта вельмі істотна — быць іншым

«Я яго пакінуў. Няхай піша далей. Мне падабаецца пісаць як Бацкель, для мяне гэта вельмі істотна — быць іншым».

Сяргей Календа адасабляе ня толькі сябе ад свайго выдуманага героя, але й ня зьмешвае працу стыліста зь пісьменьніцкай. Вонкавы стыль беларускіх літаратараў ён не фармуе.

«Я разьмежаваў такія рэчы: не працую са сваякамі, збольшага не працую зь сябрамі. Тым болей не хачу лезьці ў сьвет літаратараў. Зь некаторымі мне прыемна выпіць, пагутарыць пра літаратуру, але я не хачу іх напружваць стрыжкамі».

Таксама Календа кажа, што не адносіць сябе да літаратурных тусоўшчыкаў, а лічыць гэта стратай часу. Ёсьць Бахарэвіч, Глобус, Арлоў і Хадановіч. Гэтым людзям Календа давярае і зь вялікім задавальненьнем выпіў бы і пагутарыў. Але калялітаратурныя імпрэзы і пэрформансы — да гэтага яго ня цягне.

«Самае галоўнае ў беларускай літаратуры, каб да пісьменьнікаў прыходзілі чытачы, а ня самі пісьменьнікі. Я назіраў, як на прэзэнтацыю сур’ёзнай кніжкі прыходзіць 80% пісьменьнікаў і крытыкаў. Лепей я вызвалю месца для кагосьці з чытачоў».

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG