Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ці пакажуць «чырвоную картку» Блатэру?


Ёзаф Блатэр абавяшчае, што Чэмпіянат сьвету па футболе ў 2018 годзе пройдзе ў Расеі, архіўнае фота
Ёзаф Блатэр абавяшчае, што Чэмпіянат сьвету па футболе ў 2018 годзе пройдзе ў Расеі, архіўнае фота

Міжнародная фэдэрацыя футболу (ФІФА), якая аб’ядноўвае больш за дзьве сотні нацыянальных падразьдзяленьняў, за дзень да выбараў прэзыдэнта арганізацыі ня можа акрыяць ад беспрэцэдэнтнага па сваім маштабе карупцыйнага скандалу.

Крымінальныя справы ў адносінах да шэрагу функцыянэраў ФІФА распачатыя па двух кірунках. Генэральная пракуратура ЗША расьсьледуе факты карупцыі ў футбольных арганізацыях; сьледчыя вывучаюць дзейнасьць ФІФА і падначаленых ёй структураў за два дзесяцігодзьдзі. Агульныя страты ад службовых злоўжываньняў, «адкатаў» і ценевых зьдзелак за прамінулы час ацэньваюцца ў 10 мільярдаў даляраў. У бруднай гульні замяшаныя як мінімум два пакаленьні чыноўнікаў.

Другі кірунак патраніруе Генэральная пракуратура Швайцарыі. Тут пад увагай — высокапастаўленыя асобы, падазраваныя ў адмываньні грошай падчас выбараў у 2010 годзе краінаў, якія меліся стаць гаспадынямі чэмпіянатаў сьвету-2018 і 2022. Перамаглі на гэтых выбарах адпаведна Расея і Катар.

Сярод затрыманых па абедзьвюх справах — віцэ-прэзыдэнты ФІФА, сябры выканкаму арганізацыі, кіраўнікі нацыянальных фэдэрацыяў і г.д. Не за кратамі на гэты момант тры чалавекі з 24-х, якія бралі ўдзел у галасаваньні за кандыдатуры Расеі і Катара: бальшыня чыноўнікаў сышлі раней (пры гэтым восем дыскваліфікаваныя з-за карупцыі); з тузіну тых, якія засталіся, дзевяць цяпер у рангу падазраваных і тры «чыстыя» — дзейны прэзыдэнт Ёзаф Блатэр, сябры выканкаму турак Энэк Шарзік ды расеец Віталь Мутко. Двух апошніх сёньня мае дапытаць швайцарская паліцыя.

Наколькі апраўданы ў сытуацыі магутнага ўдару па іміджы ФІФА намер 80-гадовага швайцарца пяты раз балятавацца на пасаду прэзыдэнта? Ягоным адзіным апанэнтам значыцца 40-гадовы прынц Ярданіі Алі бін Аль-Хусэйн, на карысьць якога зьнялі свае кандыдатуры вядомы колісь партугальскі футбаліст Луіш Фігу і кіраўнік Футбольнага саюзу Нідэрляндаў Міхаэль ван Прааг. Прычына самаадводаў — «дыктатура», якую ўсталяваў Блатэр.

На аналягічнай падставе адмаўляецца супрацоўнічаць з прэзыдэнтам ФІФА зорка францускага футболу, кіраўнік УЭФА Мішэль Плаціні. Ён нагадаў, што ў структуры ФІФА Блатэр працуе 40 гадоў, зь іх 17 — на чале арганізацыі. Перад аналягічнымі выбарамі 2011 году Блатэр абяцаў, што гэта будзе апошні ягоны тэрмін, але, не выключае Плаціні, новым тэрмінам той папросту перастрахоўваецца ад адказнасьці за выбудаваную карупцыйную сыстэму.

Дарэчы, перад адлётам на збор нацыянальных фэдэрацыяў пад эгідай УЭФА намесьнік старшыні Беларускай фэдэрацыі футболу Сяргей Сафар’ян заявіў, што беларуская дэлегацыя падтрымае прынца Алі, ня Блатэра. Чаму ў «футбольным дыктатару» расчараваліся нават талерантныя беларусы?

Адзін з аўтарытэтных футбольных спэцыялістаў, старшыня праўленьня барысаўскага БАТЭ Анатоль Капскі лічыць, што кандыдатура прэзыдэнта ФІФА павінна цікавіць толькі з аднаго пункту гледжаньня — карысьці для беларускага футболу:

Анатоль Капскі
Анатоль Капскі

«Ня ведаю асабіста ні аднаго, ні другога, але магу сказаць, што Блатэр — рэтраград. Вось гэта я магу сказаць дакладна. Ну, а тое, што беларуская дэлегацыя будзе галасаваць за прынца арабскай краіны — дык ня ведаю, карысна гэта будзе для беларускага футболу ці не. Але ведаю, што мы дзеля карысьці беларускага футболу зьвярталіся ў ФІФА з нагоды трансфэрных вокнаў. Таму што ў Беларусі яны неразумныя з улікам нашых кліматычных умоваў і правядзеньня чэмпіянату краіны паводле прынцыпу „вясна-восень“. Прыкладам, мы ня можам заяўляць гульцоў дастатковы пэрыяд летам. Але на прапанову памяняць месцамі „летняе“ і „зімовае“ вокны рэтраграды зь ФІФА не пайшлі, вось і ўсё. Таму я магу камэнтаваць толькі з гледзішча маіх уласных інтарэсаў. І з гэтага гледзішча тыя, хто быў на сваіх пасадах, нічога добрага не зрабілі. А тыя, хто на гэтыя пасады прэтэндуе — паняцьця ня маю, зробяць ці не. Само сабой, маю на ўвазе не асабістыя інтарэсы, а інтарэсы клюбу БАТЭ».

Расьсьледаваньне фактаў злоўжываньняў у ФІФА аўтаматычна раскручвае махавік перагляду галасаваньня за кандыдатуры Расеі і Катара як наступных месцаў усясьветных першынстваў. Камісія па этыцы ФІФА яшчэ раней мусіла правесьці расьсьледаваньне адносна выстаўленых абвінавачаньняў у карупцыі, аднак падрыхтаваны даклад цалкам так і ня быў надрукаваны. Пры гэтым высьветлілася, што кампутары, у якіх захоўвалася інфармацыя пра расейскую заяўку, некуды зьніклі. Куды — кіраўнік аргкамітэту «Россия-2018» Аляксей Сарокін адказаць ня здолеў.

Ёзаф Блатэр на стадыёне ў Катары
Ёзаф Блатэр на стадыёне ў Катары

Тым часам прысуджэньне такога права Катару прызналі памылкай нават у ФІФА — улетку сьпёка там перавышае 50 градусаў, а зімой, падчас унутраных чэмпіянатаў, ня ўсе краіны змогуць дэлегаваць мацнейшых футбалістаў.

Пасьлядоўным крытыкам палітыкі Ёзафа Блатэра застаецца ўжо згаданы Мішэль Плаціні, які апякае асноўнага ягонага канкурэнта, ярданскага прынца Алі. Плаціні настойвае, што ў цяперашняй сытуацыі не выпадае праводзіць выбары прэзыдэнта ФІФА і трэба дачакацца зьвестак, ці заангажаваны ў карупцыйную схему сам Блатэр.

Ці можа аўтарытэт француза паўплываць на далейшую палітыку галоўнага футбольнага органа сьвету? Асабліва што тычыцца перагляду вынікаў галасаваньня за Расею, чаго патрабуюць многія палітыкі, грамадзкія і спартовыя дзеячы ў шмат якіх краінах. Меркаваньне на гэты конт выказвае спартовы аналітык Уладзімер Даўжэнка:

Уладзімер Даўжэнка
Уладзімер Даўжэнка

«Так, ён маладзейшы, больш сучасны. Але асабіста я ілюзіяў наконт Плаціні ня маю. Ён ужо шмат у тым асяродзьдзі пакруціўся і, як дасьведчаны функцыянэр, у нейкі момант можа пайсьці на зьдзелку. Таму пэрсанальна я б ні на кога ня ставіў. У гэтым сэнсе, спадзяюся, усё павінны вырашаць краіны-сябры ФІФА. Хоць, зразумела, роля прэзыдэнтаў УЭФА і ФІФА мае сур’ёзнае значэньне. Тым ня меней, думаю, апошняе слова скажуць нацыянальныя прадстаўнікі. І я перакананы, што бальшыня будзе за тое, каб пазбавіць Расею такога права. Найперш, кола былых сацыялістычных краін, экс-савецкія рэспублікі — усе цудоўна разумеюць, што заўтра можна прачнуцца, а ў вокнах будуць тырчэць дулы расейскіх танкаў. Таму трэба караць, і ўсё да гэтага ўжо ідзе. Апроч таго, нельга забывацца, што Беларусь штучна прывязаная да Расеі. Мы ж разумеем: калі там будзе Пуцін, то і тут будзе Пуцін таксама. Быццам два браты (у адмоўным сэнсе, вядома), а на самой справе ніякія мы не браты — ні Ўкраіна, ні Беларусь, ні Расея. Мы розныя людзі. Вось такая сытуацыя».

Пракрамлёўскія СМІ на хвалі скандалу пішуць пра тое, што ЗША хочуць адабраць у Расеі чэмпіянат сьвету-2018 — маўляў, гэта адзіная прычына, якой можна патлумачыць арышт буйных функцыянэраў ФІФА. У прыватнасьці, дзяржаўныя тэлеканалы тлумачаць сваім гледачам, што ўсё гэта — помста Ёзафу Блатэру за тое, што той «пасьлядоўна падтрымліваў ідэю правядзеньня футбольнага чэмпіянату сьвету ў Расеі». Расейскі прэзыдэнт Уладзімер Пуцін таксама абвінаваціў ЗША ў спробе «распаўсюдзіць сваю юрысдыкцыю на іншыя дзяржавы».

Уладзімер Пуцін і Ёзаф Блатэр
Уладзімер Пуцін і Ёзаф Блатэр

Сёньня кіраўнік Расейскага футбольнага саюзу Мікалай Талстых заявіў, што расейскі бок не падтрымлівае ініцыятыву УЭФА наконт пераносу выбараў прэзыдэнта ФІФА і падчас заўтрашняга галасаваньня падтрымае кандыдатуру Блатэра.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG