Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Выступленьне «Сасна црэр» у Армэніі мае антырасейскую накіраванасьць», — экспэрт


Павал Манукян, кіраўнік групоўкі, якая ўзяла закладнікаў у паліцэйскім участку ў Ерэване
Павал Манукян, кіраўнік групоўкі, якая ўзяла закладнікаў у паліцэйскім участку ў Ерэване

У армянскім грамадзтве адчуваецца вялікая незадаволенасьць палітычным рэжымам прэзыдэнта Сержа Саргсяна, але да радыкальных мэтадаў, якія выкарыстоўвалі ў Ерэване байцы групоўкі «Сасна црэр», армяне ня схільныя.

Такое меркаваньне ў інтэрвію Свабодзе выказаў сябра рады міжнароднага кансорцыюму «ЭўраБеларусь», філёзаф і мэтадоляг Уладзімер Мацкевіч, які знаходзіўся ў Армэніі якраз падчас драматычных падзей, зьвязаных з захопам будынку патрульна-паставой службы паліцыі.

Уладзімер Мацкевіч, архіўнае фота
Уладзімер Мацкевіч, архіўнае фота

Учора чальцы ўзброенай групы «Сасна црэр», якія 17 лiпеня захапілі тэрыторыю палку патрульна-паставой службы паліцыі Армэніі ў Ерэване, cклалі зброю і здаліся ўладам. Ці вычарпаны на гэтым канфлікт?

— Сапраўды, учора чальцы «Сасна црэр» абвясьцілі, што здаюцца ўладам, каб не правакаваць і не працягваць кровапраліцьце. Таму што было зразумела, што пасьля маршаў, якія адбыліся з цэнтру Ерэвану да захопленага паліцэйскага будынку, улады пачалі рэпрэсіўна ставіцца да грамадзянаў, якія збольшага падтрымліваюць ідэі і мэты тых, хто пайшоў на гэты захоп. Таму матывы людзей, якія прыпынілі гэтую акцыю, зразумелыя.

Іншая справа, ці скончылася ўсё гэтае супрацьстаяньне? Мне падаецца, што не, бо напружанасьць у Армэніі захоўваецца, праблемы нагрувашчваюцца. Прэтэнзіі да рэжыму Сержа Саргсяна вельмі вялікія, а ніякай свабоды грамадзянскага ці палітычнага дзеяньня ў Армэніі ўжо не захавалася за гэтыя гады. Таму відавочна, што час ад часу незадаволенасьць будзе праяўляцца, у такой форме ці ў іншай. Гэта можа выліцца ў вялікія пратэстныя акцыі.

Наколькі ўплывовая групоўка «Сасна црэр»? Ці сапраўды яны маюць вялікую падтрымку ў грамадзтве?

— Гэта вельмі слушнае пытаньне. З аднаго боку, гэтая групоўка ніколі раней не праяўляла сябе ў палітычным жыцьці. Гэта збольшага вэтэраны карабаскай вайны, і да іх вельмі-вельмі пазытыўнае стаўленьне ў грамадзтве. А адным з чыньнікаў такога пазытыўнага стаўленьня аказалася тое, што яны раней не закраналі палітычнага жыцьця, ня ўдзельнічалі ў выбарах, не вылучалі праграмаў і г.д.

На пачатку свайго выступу гэтая непалітызаваная групоўка выступала з канкрэтнымі патрабаваньнямі: вызваліць іхняга лідэра Жырайра Сэфіляна, вызваліць усіх палітвязьняў. Гэта найбольш гучныя патрабаваньні, якія выстаўлялі яны першапачаткова. Потым гэтая гісторыя атрымала ўжо палітычнае разьвіцьцё. І гэта было надзвычай нечакана, што менавіта яны цяпер выставілі палітычныя патрабаваньні.

Таму назіралася такая сытуацыя: з аднаго боку, вельмі пазытыўнае стаўленьне да групоўкі, зь іншага боку, нечаканыя палітычныя патрабаваньні ад гэтай групоўкі. Гэта не дало магчымасьці зарыентавацца пратэстным сілам у Армэніі — яны ня ведалі, як да гэтага ставіцца, бо ніколі гэтых людзей не разглядалі як палітычных лідэраў. Але ў цэлым палітычныя заявы «Сасна црэр» узбудзілі грамадзтва і знайшлі станоўчы водгук у Армэніі.

Па маіх назіраньнях, падтрымка «Сасна црэр» у армянскім грамадзтве вельмі вялікая. Хаця, хутчэй, гаворка ідзе проста пра сымпатыі, бо гэта пасіўная падтрымка. Я ня бачыў гатоўнасьці далучыцца да гэтага. Прынесьці ім ежу, пратэставаць супраць уладаў — на гэта яшчэ людзі былі гатовыя. А вось далучыцца да збройнага канфлікту — такога жаданьня, здаецца, не назіралася. Усё ж армяне ня схільныя да тэрарызму, да кровапраліцьця — гэта вельмі мірны народ у штодзённым жыцьці.

А як паводзілі сябе ў гэтай сытуацыі прадстаўнікі памяркоўнай апазыцыі?

Трэба разумець, што ў армянскім парлямэнце на сёньняшні дзень амаль усе фракцыі падпарадкаваныя рэжыму Сержа Саргсяна, і толькі асобныя людзі — апазыцыянэры. І за гэтыя дні, пакуль працягваўся гэты канфлікт, амаль усе яны зазналі ў той ці іншай форме рэпрэсіі. Кагосьці затрымлівалі на «суткі», кагосьці на гадзіны, кагосьці зьбілі і г.д.

Да ціску далучылі і так званых «цітушак» (тэрмін запазычаны з украінскіх падзеяў. — РС) — людзей з крымінальным мінулым, якіх падбухторвалі, каб зьбівалі пратэстоўцаў.

Плякат фронту грамадзкага выратаваньня "Новая Армэнія".
Плякат фронту грамадзкага выратаваньня "Новая Армэнія".

Ці мае выступленьне «Сасна црэр» нейкі зьнешнепалітычны вэктар — прарасейскі ці антырасейскі?

— Дзьве заявы на гэты конт прагучала. Прадстаўнік «Сасна црэр» Варужан Авецісян у сваёй заяве адмыслова зрабіў акцэнт на супрацьстаяньні расейскай акупацыі. Бо ўжо відавочна, што рэжым армянскі цалкам падпарадкаваны расейскаму ўплыву — ён, так бы мовіць, на кручку ў Крамля, і гэта вельмі не падабаецца армянскаму грамадзтву.

Першапачаткова зьнешнепалітычныя мэты і ідэі не гучалі ў гэтым пратэсьце. А ўжо далей, у інфармацыйным змаганьні з гэтай дзяржаўнай прапагандай, яны досыць канкрэтна выказаліся па зьнешнепалітычным пытаньні. Таму — так, гэтае выступленьне мае антырасейскую накіраванасьць.

Якія галоўныя прэтэнзіі мае сёньня армянскае грамадзтва, апазыцыя і грамадзянская супольнасьць, да прэзыдэнта Сержа Саргсяна?

— Па-першае, гэта зрошчваньне гэтага рэжыму з крыміналам, карумпаванасьць і крыміналізацыя ўлады. Па-другое, няздольнасьць вырашаць эканамічныя праблемы Армэніі. Па-трэцяе, гэта зацісканьне палітычнага жыцьця, рэпрэсіі супраць апазыцыі і грамадзянскай супольнасьці. Ну, і таксама залежнасьць ад Крамля. Гэта такія агульныя прэтэнзіі.

Сэрж Саргсян і Ўладзімер Пуцін, Санкт-Пецярбург, 20 ліпеня 2016
Сэрж Саргсян і Ўладзімер Пуцін, Санкт-Пецярбург, 20 ліпеня 2016

Ці можа ў Армэніі здарыцца рэвалюцыя? Ці склалася там рэвалюцыйная сытуацыя?

— Я думаю, што ў Армэніі магла б адбыцца мірная зьмена рэжыму, бо да грамадзянскай вайны ці нейкіх збройных формаў змаганьня армяне ня схільныя. На сёньня відавочна, што незадаволенасьць, напружанасьць у грамадзтве — падмурак для магчымых пратэстных дзеяньняў. Але ж улады працуюць супраць гэтага вельмі пільна.

Я думаю, што ўлады ў Армэніі гатовыя да таго, каб дыскрэдытаваць апазыцыю, дыскрэдытаваць незадаволенасьць людзей тым, што яны будуць правакаваць такія вось неадназначныя дзеяньні. Бо яшчэ раз падкрэсьлю: збольшага армянскае грамадзтва вельмі прыхільна ставіцца да «Сасна црэр» і іхніх ідэяў.

Але ж яны не маглі прыняць сам гэты збройны крок, бо загінула некалькі людзей з аднаго і другога боку, і гэта ня можа быць прынята армянскім грамадзтвам — яны ня хочуць сьмерці, ня хочуць крыві. Там нейкія крывавыя, збройныя дзеяньні ня будуць мець посьпеху. Прынамсі, як на сёньняшні стан грамадзтва.

Калі параўноўваць палітычную сытуацыю ў Беларусі і Армэніі, ці ёсьць паміж імі нешта агульнае?

— Калі падабенства ёсьць, то яно вельмі фармальнае. У нас працэсы зайшлі значна далей. Калі Серж Саргсян знаходзіцца ва ўладзе амаль у тры разы меней, чым Лукашэнка (Саргсян кіруе Армэніяй з 2008 году. — РС), то можна сябе ўявіць, што рэжым Лукашэнкі зруйнаваў грамадзка-палітычнае жыцьцё ў значна большай ступені, чым у Армэніі гэта адбываецца.

Таму настроі ў грамадзтве могуць быць падобныя, але схільнасьць да нейкіх дзеяньняў вельмі розная. Усё ж такі армянскае грамадзтва больш актыўнае. Арганізаванасьць грамадзянскай супольнасьці і палітычнай апазыцыі ў Армэніі значна вышэйшая, чым у нас. Таму тут трэба ўлічваць стадыі разьвіцьця (ці дэградацыі) грамадзтва і рэжыму ў нас і ў Армэніі. У нас дэградацыя зайшла значна далей.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG