Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Расейскі мільярдэр прадаў карціну да Вінчы за рэкордныя паўмільярда даляраў


Карціна «Збаўца чалавецтва», фрагмэнт

Карціна «Збаўца сьвету», аўтарам якой лічаць Леанарда да Вінчы, была прададзеная 15 лістапада на аўкцыёне Christie’s у Нью-Ёрку за 450,3 млн даляраў, піша New York Times.

Стартавая цана складала 100 млн даляраў, таргі цягнуліся 19 хвілінаў. Хто стаў пакупніком, не паведамляецца. Выніковая цана пабіла рэкорд 2015 году, калі карціна Пабла Пікаса «Альжырскія жанчыны» была прададзеная за 179,4 млн даляраў.

У той жа дзень на аўкцыёне Sotheby’s купілі дзьве карціны віцебскага мастака Марка Шагала: «Закаханыя» 1928 году за 28,4 млн даляраў прадалі неназванаму пакупніку (імаверна, з Расеі), а «Вялікі цырк» 1956 году — за 16 млн калекцыянэру з Азіі.

Карціна «Збаўца сьвету» належала расейскаму мільярдэру, колішняму ўладальніку «Уралкалия», а цяпер кантрольнаму акцыянэру Банку Кіпру і ўладальніку футбольнага клюбу «Манака» (выступае ў чэмпіянаце Францыі) Дзьмітрыю Рыбалоўлеву. Forbes ацэньвае багацьце Рыбалоўлева ў 7,3 млрд даляраў, ён уваходзіць у дваццатку найбагацейшых людзей Расеі паводле вэрсіі часопісу.

Рыбалоўлеў набыў карціну ў 2013 годзе за 127,5 млн даляраў у швайцарскага арт-дылера Іва Буўе, а той купіў карціну за 80 млн даляраў. За розьніцу ў цэнах Рыбалоўлеў падаў у суд на Буўе, другі быў затрыманы, але выйшаў пад заклад у 10 млн даляраў. Яшчэ ў 2015 годзе карціна каштавала толькі 10 тысяч даляраў, а ў 1958 годзе была прададзеная за 45 фунтаў.

Мяркуецца, што прададзеная карціна «Збаўца сьвету» была напісаная ў 1490–1519 гадах. На ёй Ісус Хрыстос выяўлены ў рэнэсансным адзеньні. Арыгінальная карціна лічылася страчанай да 1900 году. Аўтарства карціны пад пытаньнем, але вядома, што Леанарда да Вінчы маляваў Хрыста між 1506 і 1513 гадамі на замову ангельскага караля Карла І — шэраг знаўцаў прыпісваюць прададзеную карціну да Вінчы.

Некаторыя крытыкі адзначаюць, што карціна пашкоджаная, а яе сапраўднасьць і аўтарства выклікаюць сумневы, таму называюць аўкцыён «трыюмфам брэндынгу і памкненьня над густам і рэальнасьцю».

Ваша меркаваньне

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG