Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Салідарнасьць на Бангалоры — гэта самазьнявага», — Статкевіч


Мікалай Статкевіч

Беларускі нацыянальны кангрэс правядзе сваю акцыю 1 траўня ў Менску на Кастрычніцкай плошчы. Акцыя павінна пачацца а 14 гадзіне.

Пра гэта сказаў карэспандэнту Свабоды Мікалай Статкевіч.

«Гэта не маё пэрсанальнае рашэньне, але рашэньне, якое я лічу вельмі мэтазгодным і патрэбным. Я ня ведаю, чаму кіраўнікі іншых апазыцыйных арганізацый прынялі іншае рашэньне: зноў ісьці на Бангалор.

Наагул, у нашай краіне дзіўная сытуацыя. Апазыцыя мусіць прасіць дазволу ва ўлады масава, публічна пратэставаць супраць яе. Улада вырашае, даваць гэты дазвол ці не. Звычайна ніколі не дае. Улада груба парушае Канстытуцыю, а апазыцыя моўчкі пагаджаецца з гэтым парушэньнем.

І пяць гадоў, пакуль я знаходзіўся ў зьняволеньні, у цэнтры Менску не было ніводнага мітынгу апазыцыі. Гэта ганебна. Я спадзяваўся, што крышку калег узбадзёрыў за гэтыя паўтара года. Але варта было адзін раз пужнуць, як усе пакорліва зноў ідуць на гэты Бангалор, які Лукашэнка называў месцам для гэтага „отребья“. Моўчкі пагаджаюцца з гэтым статусам.

Чаго можна дамагчыся ў ганебным месцы пратэстам на каленях? Нічога. Калі мы хочам аказаць ціск на ўладу, паказаць сваю сілу, мы павінны ісьці ў тыя месцы, дзе ўлада знаходзіцца. Так робіцца ва ўсім сьвеце».

Мікалай Статкевіч сказаў, што 1 траўня для яго мае некалькі сэнсаў. Па-першае, гэта Дзень працы. Паводле Статкевіча, «у Беларусі ўлада не паважае працу. Чаго вартыя гэтыя мізэрныя заробкі і Дэкрэт № 3». Па-другое, гэта Дзень міжнароднай салідарнасьці працоўных.

«Тут дзясяткі людзей ні за што знаходзяцца ў турме. Толькі за тое пасаджаныя, каб стварыць карцінку, людзей папалохаць. Чалавечыя лёсы, семʼі, дзеці, бацькі. Уяўляеце, у якім яны стане?! І мы што, зараз гэта ўсё сьцерпім, хаця б салідарнасьць не праявім зь імі?

Салідарнасьць на Бангалоры — гэта сьмешна. Гэта самазьнявага. Улада спрабуе забраць у нас тэрыторыю свабоды, якую мы адваявалі пасьля майго вызваленьня. І паўтара года ўтрымлівалі ў цэнтры сталіцы. Калі мы пойдзем на сабачнік, аддамо гэтую тэрыторыю, вярнуць яе будзе значна больш складана.

Калі палохаюць, нельга палохацца

Цяпер імавернасьць ужываньня сілы ўладамі нашмат меншая. Калі яны пойдуць на гэты крок у міжнароднае сьвята, якое вельмі паважаюць эўрапейскія сацыял-дэмакраты, паглядзім, чым яны будуць карміць гэтых сілавікоў, калі заходніх крэдытаў не атрымаюць. Таму, калі палохаюць, нельга палохацца».

Мікалай Статкевіч сказаў, што Рада БНК прапанавала годны і бясьпечны варыянт акцыі на 1 траўня.

«Бо калі Кастрычніцкая плошча будзе закрытая і калі зьбірацца з боку вакзалу, з боку плошчы Незалежнасьці, заўсёды можна знайсьці іншыя варыянты, куды людзям сысьці і дзе правесьці гэтую акцыю. Я думаю, што для ўладаў гэтыя варыянты значна горшыя, чым проста даць нам сабрацца на Кастрычніцкай плошчы і адсьвяткаваць афіцыйнае, дзяржаўнае сьвята.

Лукашэнка забараніў першамайскія дэманстрацыі ў Менску. Час зноў вяртаць наша сьвята. Будзе прапанаваны праект рэзалюцыі, ён прыняты Радай БНК. Калі мы хочам сапраўды абараніць тых, хто ў зьняволеньні, мы павінны паказаць, што мы не напалохаліся».

Паводле Статкевіча, з 24 сяброў Рады БНК 17 былі рэпрэсаваныя цягам апошніх тыдняў.

«І тым ня менш мы аднагалосна прынялі сваё рашэньне. Там бальшыня сяброў з рэгіёнаў, людзі па 15 сутак адседзелі. У іх ёсьць разуменьне, адчуваньне сытуацыі, настрой. Калі мы ня хочам страціць аўтарытэт, бо людзі нам паверылі, пайшлі за намі, мы павінны быць наперадзе і іх весьці».

1 траўня дэмакратычныя прафсаюзы плянуюць у Менску акцыю салідарнасьці ў падтрымку рэпрэсаваных. Збор а 16-й гадзіне на пляцоўцы каля Нацыянальнай акадэміі навук, шэсьце па вуліцы Сурганава, мітынг у парку Дружбы народаў.

Ваша меркаваньне

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG