Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Гідрамэтцэнтар Расеі зафіксаваў выкід радыяцыі пад Чалябінскам. Расейскія ўлады маўчаць


Інфаграфіка Інстытуту ядзернай і радыяцыйнай бясьпекі Францыі пра меркаваную ўцечку ў Расеі ў канцы верасьня

У афіцыйнай зводцы «Росгидромет» заявіў пра перавышэньне ўзроўняў радыяцыі на ўсіх пастах Паўдёвага Ўралу і фіксацыю «экстрэмальна высокага» забруджаньня радыеактыўным ізатопам рутэнія-106 з 25 верасьня па 1 кастрычніка, і згадаў, што радыеактыўны рутэній фіксаваў шэраг эўрапейскіх краінаў.

Перавышэньне фону зафіксавалі ў пасёлках пад Чалябінскам, побач зь якімі знаходзіцца вытворчае аб’яднаньне «Маяк», што займаецца вытворчасьцю кампанэнтаў ядзернай зброі, захаваньнем і перапрацоўкай адпрацаванага радыеактыўнага паліва. Менавіта на «Маяку» ў 1957 годзе адбылася першая ў СССР тэхнагенная радыяцыйная аварыя (ніхто не загінуў, але тысячы людзей перасялілі зь небясьпечнай зоны).

Раней у Расеі не прызнавалі ніякіх здарэньняў у сувязі зь фіксаваньнем радыеактыўнага рутэнію эўрапейскімі маніторынгавымі станцыямі. «Росатом» заяўляў, што абстаноўка ў раёне расейскіх ядзерных аб’ектаў нармальная. З чым зьвязаныя падвышаныя ўзроўні радыеактыўнага рэчыва, афіцыйна нічога не тлумачылі.

«Грынпіс» зьвярнуўся да расейскіх уладаў з патрабаваньнем расьсьледаваць магчымае здарэньне са спасылкай на зьвесткі «Росгидромета». Міністар грамадзкай бясьпекі Чалябінскай вобласьці ў адказ заявіў «РИА Новости», што гідрамэтцэнтар не перадаваў зьвестак пра скачкі радыяцыі.

Францускія навукоўцы раней падкрэсьлівалі, што калі б аналягічная ўцечка адбылася ў Францыі, уладам давялося б эвакуяваць людзей, якія жывуць на адлегласьці некалькіх кілямэтраў ад месца выкіду. Аднак пра тое, што падобныя эвакуацыі ў верасьні адбываліся ў Расеі (або суседнім Казахстане), да гэтага часу невядома. Як сьцьвярджалася раней, здароўю людзей у Эўропе ўцечка не пагражала.

Ваша меркаваньне

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG