Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Не мараторый патрэбны, а поўная адмена дэкрэту», — гомельскі беспрацоўны Віктар Рубцоў


Віктар Рубцоў

Грамадзкі актывіст з Гомеля, сын палітэмігранта Віктар Рубцоў пракамэнтаваў Свабодзе мараторый на «дармаедзкі» дэкрэт № 3, пра што сёньня заявіў Аляксандар Лукашэнка.

«Не мараторый патрэбны, — лічыць Рубцоў, — а поўная адмена дэкрэту як антыканстытуцыйнага дакумэнту. Лічу, што сам падпісант спалохаўся народнага гневу, прызнаў, што ягоны „дармаедзкі“ дэкрэт — вялікае глупства. Але гэта не азначае, што трэба спыняць акцыі пратэсту. У мяне асабіста ня зьнікла жаданьне пратэставаць і дамагацца поўнай адмены дэкрэту. Больш за тое, падчас акцыяў пратэсту гучалі патрабаваньні адмены ўказу № 222, які загнаў прадпрымальніцва ў тупік. Індывідуальныя прадпрымальнікі таксама папаўняюць армію беспрацоўных. Людзі больш сталага веку выказваліся за перагляд пэнсійнага заканадаўства, зьвязанага з падвышэньнем узросту выхаду на пэнсію. Была спроба празь дзяржаўнае тэлебачаньне прытушыць хвалю пратэсту, але гэта выклікала адваротную рэакцыю. Цяпер мараторыем на дэкрэт хочуць залагодзіць сытуацыю».

На думку суразмоўцы, дэкрэт «аб дармаедах» ускалыхнуў цэлы шэраг апошніх захадаў уладаў, скіраваных на ўціск грамадзкай супольнасьці, на прыніжэньне чалавека.

«Па вялікім рахунку, права на працу — гэта маё асабістае канстытуцыйнае права. Я хачу — карыстаюся ім, а хачу — не. Дзяржава ня можа прымушаць мяне працаваць за капейкі. І калі Аляксандар Лукашэнка заяўляе, што дэкрэт накіраваны на тое, каб прымусіць мяне працаваць, то ўсьлед за гэтым нашай краіне трэба адмаўляцца ад усіх міжнародных пагадненьняў і прызнаваць, што Беларусь — гэта тая ж Паўночная Карэя, а не эўрапейская дзяржава. Тады я буду разумець, што мне трэба зьяжджаць у іншую краіну. Так я разумею сытуацыю з „дармаедзкім“ дэкрэтам. А супакойваць грамадзянаў тым, што ў дэкрэт цягам сакавіка будуць уносіць нейкія карэктывы — гэта займацца звычайным „замыльваньнем“ праблемы».

Рубцоў не прымае і тлумачэньняў наконт таго, што, маўляў, сродкі, сабраныя з «дармаедаў», пойдуць на патрэбы дзяцей:

«Хачу запытацца: якіх дзяцей? У мяне двое малалетніх дзяцей. І калі зь мяне патрабуюць 360 рублёў «дармаедзкага» збору, гэта пра маіх дзяцей думаюць? Альбо калі падатак патрабуюць з адзінокай маці, у якой дачцэ восем ці дзесяць гадоў, гэта пра яе дачку думаюць чыноўнікі? Усё гэта вельмі ж нагадвае заклік неўміручага Астапа Бэндэра: «Дапаможам дзецям».

Віктар Рубцоў абскарджваў у судзе Цэнтральнага раёну паведамленьне пра неабходнасьць выплаты «дармаедзкага» збору на фінансаваньне дзяржаўных выдаткаў. Аднак суд ня стаў разглядаць пазоў, спаслаўшыся на тое, што справа непадведамная суду агульнай юрысдыкцыі. Заяўнік накіраваў тады прыватную скаргу ў абласны суд, у якой адзначыў, што раённы суд ухіляецца ад разгляду другога пытаньня пазову — прызнаць, што ён удзельнічаў у фінансаваньні дзяржаўных выдаткаў, бо ў 2015 годзе ён плаціў зямельны падатак, дзяржпошліны за замену пашпарта, пасьведчаньня кіроўцы, натарыяльнае афармленьне жылога дома, а таксама кожны месяц уносіў плату за мабільную сувязь, у квітку якой асобна пазначаны і падатак на дабаўленую вартасьць.

XS
SM
MD
LG