Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Блогер Філіповіч пра заплянаваныя акцыі: «Адбудуцца, бо замарожваньне дэкрэту нічога не вырашае прынцыпова»


Максім Філіповіч

Папулярны блогер з Гомеля Максім Філіповіч пракамэнтаваў рашэньне Аляксандра Лукашэнкі адносна дэкрэту № 3.

«Для мяне такі ход — чаканы, што на год замарозілі дэкрэт № 3. Гэта зроблена, каб панізіць градус канфлікту, але для іх гэта як у шахматах цугцванг — як ні хадзі, усё роўна дрэнна. Яны думаюць, што калі замарозяць дэкрэт № 3, дык народ супакоіцца? Яны памыляюцца. Справа не ў дэкрэце № 3, ён проста адзін з фактараў».

— Але большасьць людзей выходзілі на акцыі менавіта таму, што былі супроць гэта дэкрэту. Цяпер у іх няма прычыны пратэставаць, яны могуць сказаць, што ўлада пайшла ім насустрач і пратэсты калі і застануцца, то з масавых шэсьцяў зноў вернуцца ў фармат акцыяў, у якіх бяруць удзел некалькі адных і тых жа актывістаў. Хіба ня гэтак будзе?

— Мяркую, што не. Ад таго, што на год замарозілі дэкрэт, дык што, зьявілася праца ці заробкі паднялі? Не. Людзі, якія прыходзілі, як былі бяз працы, гэтак і засталіся, ці як працавалі за капейкі — гэта і засталося. Таму нічога не атрымаецца, ня ўдасца ім панізіць градус пратэстаў. Куды падзець іншыя праблемы? Самаўпраўства супрацоўнікаў МУС? Падвышэньне пэнсійнага ўзросту? Прыватызацыю? Ці тое, што органы забіраюць у нябожчыкаў?.. Я магу зараз бясконца пералічваць гэтыя праблемы. Дарэчы, я не зусім быў згодны з тымі, хто на акцыях выказваўся толькі супроць дэкрэту, скандаваў «Не — дэкрэту № 3». Тройчы ўдзельнічаў у акцыях супроць дэкрэту і такога ніводнага разу не крычаў. Лічу, што гэта было недакладна — акцэнтаваць увагу толькі на гэтым дэкрэце. Чакаў, што гэты дэкрэт замарозяць, але як зь іншымі праблемамі?

— Калі заплянаваныя на бліжэйшыя дні пратэстныя акцыі, як у Маладэчне ці Пінску, усё ж адбудуцца, наколькі яны будуць масавыя, як мяркуеце?

— Мяркую, акцыі адбудуцца. Адносна колькасьці — ня думаю, што яна будзе істотна адрозьнівацца ад той, што была б без замарожваньня дэкрэту № 3. Хоць улады ня проста вырашылі замарозіць гэты дэкрэт, але і раскручваюць страшылку пра Майдан. Гэта робіцца адначасова — значыць, баяцца масавых акцыяў, зь якімі справіцца будзе нялёгка.

Глядзець камэнтары (1)

Гэтая дыскусія закрытая.
XS
SM
MD
LG