Пра гэта паведамілі ў Міжнароднай фэдэрацыі хакея (IIHF). Беларусь таксама ня прыме ўдзелу ў гэтым чэмпіянаце.
Пры гэтым рада IIHF «пасьля ўважлівай ацэнкі магчымасьці альтэрнатыўных варыянтаў правядзеньня турніру» прыняла рашэньне пакінуць Канаду краінай-гаспадыняй спаборніцтваў.
Як гаворыцца ў заяве IIHF, усе нацыянальныя фэдэрацыі, якія ўдзельнічаюць, паінфармаваныя. Абноўлены расклад спаборніцтваў будзе апублікаваны ў бліжэйшы час.
У канцы кастрычніка Спартыўны арбітражны суд абавязаў Міжнародную фэдэрацыю хакея дапусьціць расейскія зборныя да спаборніцтваў у сэзоне 2026/27. У адказ на гэта прэм’ер-міністар Канады Марк Кэрні паабяцаў, што краіна ня пусьціць расейскіх хакеістаў на моладзевы чэмпіянат сьвету, які пройдзе ў Эдмантане і Рэд-Дыры.
Спрэчка CAS і IIHF
Раней старшыня ўраду Канады Марк Карні выказаўся супраць удзелу ў чэмпіянаце і беларусаў.
«Пакуль Расея і Беларусь падтрымліваюць гэтую незаконную, неапраўданую і жахлівую вайну ўва Ўкраіне — пакуль гэта працягваецца, — ніводны спартовец з гэтых краін ня будзе выступаць у Канадзе», — заявіў Карні.
Фэдэрацыя хакею Беларусі (ФХРБ) вырашыла дамаўляцца непасрэдна з IIHF, у той час як расейская фэдэрацыя падала ў заяву ў арбітражны суд. Пры іншых умовах наўрад ці пытаньне вяртаньня расейцаў на міжнародную арэну разглядалася бы зь перавагай.
Пераможная для іх судовая справа ў Спартовым арбітражным судзе паставіла ў нязручнае становішча як міжнародную фэдэрацыю, так і арганізатараў розных турніраў, у тым ліку першынства сьвету сярод нацыянальных зборных, якое адбудзецца ў траўні 2027 году ў Нямеччыне. Вядома, што ўжо сем нацыянальных фэдэрацый — амаль палова ўдзельнікаў найвышэйшай лігі ўсясьветнага першынства — заявілі пра байкот гульняў з расейцамі.
Але заявы фэдэрацыяў розных краін — яшчэ ня ўсе цяжкасьці, зь якімі можа сутыкнуцца міжнародны хакей у выпадку допуску Расеі. Адразу тры сталыя фундатары пяршынстваў сьвету, якія працуюць на турніры не адно дзесяцігодзьдзе — швэдзкі AJ Products, нямецкі Strauss, чэская Škoda Auto — выпусьцілі паведамленьні, у якіх пагражаюць адмовіцца падтрымліваць турнір, калі на яго прыедзе зборная Расеі.
Сваё слова сказалі й арганізатары турніру немцы. Там заявілі, што на гэты момант ня бачаць магчымасьці зарганізаваць турнір, калі на яго прыедзе зборная Расеі.