Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Расея і Ўкраіна на беларускай тэрыторыі абмяняліся целамі загіблых вайскоўцаў

Ілюстрацыйнае фота
Ілюстрацыйнае фота

Паводле расейскіх і беларускіх дзяржаўных СМІ, абмен адбыўся ў пункце пропуску «Новая Гута» на тэрыторыі Беларусі.

Як паведамляецца, Расея перадала Ўкраіне 252 целы загінуўшых, Расея атрымала 25 цел.

Украінскі Каардынацыйны штаб па пытаньнях абыходжаньня з вайсковапалоннымі піша, што, па сьцьвярджэньні Расеі, целы, якія вярнуліся ва Ўкраіну, належаць украінскім вайскоўцам.

Папярэдні абмен адбыўся 17 верасьня. У той жа дзень бакі абмяняліся цывільнымі асобамі, у асноўным гэта былі пэнсіянэры і маламабільныя грамадзяне.

Чаму гэта важна

Прапорцыя колькасьці целаў вайскоўцаў Украіны і Расеі не адпавядае суадносінам рэальных стратаў бакоў на вайне. Паводле экспэртаў, большыя страты нясе той бок, які наступае, а эвакуаваць з поля бою целы загінулых складаней войску, што адступае.

Раней украінскі бок паведамляў, што падчас такіх абменаў Расея перадае Ўкраіне і «целы расейскіх вайскоўцаў — зьмешаныя зь целамі ўкраінцаў». Украінцы апублікавалі шэраг доказаў гэтаму, у тым ліку вайсковыя дакумэнты загінулых расейцаў. У Расеі дагэтуль такія выпадкі не камэнтавалі. Колькасьць зьніклых бязь вестак і загінулых на вайне расейскіх вайскоўцаў афіцыйна невядомая.

Вядома сама меней пра двух загінулых беларусаў, целы якіх ня могуць эвакуаваць зь месца іх гібелі больш за тры гады.

Тэмы гэтага артыкулу
​
XS
SM
MD
LG