Пераможца прэзыдэнцкіх выбараў у ЗША Дональд Трамп мае абвясьціць аб прызначэньні Рэкса Тылерсана на пасаду дзяржаўнага сакратара Злучаных Штатаў, паведаміў позна ўвечары 12 сьнежня амэрыканскім СМІ прадстаўнік Трампа.
Тылерсан, які ёсьць дырэктарам найбуйнейшай нафтавай кампаніі сьвету Exxon Mobil, ня мае досьведу дзяржаўнай службы і дыпляматычнай дзейнасьці. Трамп, паводле ягонага атачэньня, аддаў перавагу галаве нафтавага канцэрну ў якасьці кіраўніка амэрыканскага дыпляматычнага ведамства, убачыўшы ў ім чалавека, здольнага дамагацца патрэбных вынікаў у перамовах зь любымі партнэрамі; чалавека, які валодае шырокімі спраўнымі сувязямі ва ўсім сьвеце.
У Тылерсана нямала крытыкаў сярод амэрыканскіх заканадаўцаў, якія сумняваюцца ў дарэчнасьці прызначэньня на пасаду дзяржсакратара чалавека, які наладзіў, на іх погляд, занадта цесныя сувязі з расейскім кіраўніцтвам. Сэнатар-рэспубліканец Джон Маккейн абвясьціў, што сувязі Тылерсана з Уладзімірам Пуціным ёсьць для яго «падставай для трывогі». Падобны неспакой выказаў былы кандыдат у прэзыдэнты, сэнатар-рэспубліканец Марка Рубіё.
На пасаду дзяржсакратара таксама прэтэндавалі былы мэр Нью-Ёрку Рудольф Джуліяні, былы кандыдат у прэзыдэнты Міт Ромні, былы кіраўнік ЦРУ Дэвід Пэтрэус і сэнатар Боб Коркер.
Афіцыйную вестку аб прызначэньні Тылерсана дзяржсакратаром ЗША чакаюць раніцай у аўторак (у Беларусі будзе ўжо час па абедзе).