Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Амэрыканскія зьнішчальнікі перахапілі расейскія самалёты над Сырыяй


F-22 Raptor, ілюстрацыйнае фота
F-22 Raptor, ілюстрацыйнае фота

Пэнтагон абвінаваціў расейскія ВПС у парушэньні «лініі дээскаляцыі». Амэрыканскія зьнішчальнікі F-22 Raptor правялі перахоп баявых самалётаў расейскіх ВПС у паветранай прасторы Сырыі.

Інцыдэнт адбыўся пасьля таго, як два штурмавікі Су-25 перасеклі «лінію дээскаляцыі», якая праходзіць па рацэ Эўфрат і падзяляе зоны, у якіх, паводле ўмоваў двухбаковага пагадненьня, могуць дзейнічаць сілы міжнароднай кааліцыі, якую ўзначальваюць ЗША, і расейскія самалёты, перадае «Голас Амэрыкі».

Прадстаўнік Цэнтральнага камандаваньня ВПС ЗША падпалкоўнік Дэміен Пікарт пацьвердзіў, што небясьпечнае збліжэньне самалётаў адбылося 13 сьнежня.

«Пасьля таго, як расейскія Су-25 перасеклі лінію дээскаляцыі, яны былі неадкладна перахопленыя двума [зьнішчальнікамі] F-22A Raptor, якія забясьпечвалі прыкрыцьцё наземных сіл, што праводзілі апэрацыю зьнішчэньня [тэрарыстаў] „Ісламскай дзяржавы“», — сказаў ён.

Паводле прадстаўніка Цэнтральнага камандаваньня, амэрыканскія зьнішчальнікі зьдзейсьнілі «множныя манэўры», адначасова выпускаючы папераджальныя і цеплавыя ракеты «ў непасрэднай блізкасьці ад расейскіх самалётаў», для таго, каб прымусіць Су-25 пакінуць паветраную прастору, кантраляваную сіламі кааліцыі.

Акрамя таго, амэрыканскія пілёты зьвязваліся з расейскімі лётчыкамі, выкарыстоўваючы каналы экстранай сувязі, прызначаныя для прадухіленьня сутыкненьняў.

Пікарт таксама заявіў, што пілёты Су-25 дапусьцілі «небясьпечныя манэўры» падчас інцыдэнту:

«Адзін з Су-25 падляцеў настолькі блізка да F-22, што [амэрыканскі пілёт] быў вымушаны прыняць тэрміновыя захады для прадухіленьня сутыкненьня», — сказаў ён, дадаўшы, што пазьней яшчэ адзін расейскі зьнішчальнік Су-35 перасек раку і наблізіўся да аднаго з амэрыканскіх самалётаў.

Паводле ацэнкі амэрыканскага боку, прыкладна праз 40 хвілін расейскія штурмавікі зьехалі з зоны, кантраляванай кааліцыйнымі сіламі. Пасьля гэтага афіцэры з Цэнтру кіраваньня сумеснымі дзеяньнямі зьвязаліся з камандаваньнем групоўкі ВПС РФ для абмеркаваньня сытуацыі.

Расейскія самалёты ў гэтым раёне «суправаджалі гуманітарную аўтакалёну»
Мінабароны Расеі

У Мінабароны РФ абверглі паведамленьні амэрыканскага Цэнтральнага камандаваньня. Паводле афіцыйнага прадстаўніка вайсковага ведамства Расеі, расейскія самалёты ў гэтым раёне «суправаджалі гуманітарную аўтакалёну», калі ў зоне іх дзеяньняў нечакана зьявіўся амэрыканскі зьнішчальнік.

«Адстрэльваючы цеплавыя пасткі, F-22 ствараў перашкоды пары расейскіх Су-25. Расейскі зьнішчальнік Су-35С, які выконваў на вышыні 10 000 мэтраў задачы паветранага прыкрыцьця, імкліва падышоў да F-22 з задняй паўсфэры, пасьля чаго амэрыканскі зьнішчальнік пакінуў раён», — заявілі ў Мінабароны РФ.

У Пэнтагоне настойваюць, што расейскі бок неаднаразова парушаў умовы пагадненьня аб дээскаляцыі ў Сырыі

«У пачатку лістапада мы дамовіліся, выкарыстоўваючы каналы экстранай сувязі, пра тое, што расейскія войскі будуць знаходзіцца на захад ад ракі Эўфрат, а сілы кааліцыі будуць дзейнічаць на ўсходнім баку, — сказаў падпалкоўнік Пікарт. — З моманту заключэньня гэтага пагадненьня расейскія [самалёты] заляталі ў наш паветраную прастору на ўсходнім баку ракі ад 6 да 8 разоў на дзень».

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG