Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Каманда Трампа ня ўнесла Расею ў сьпіс галоўных пагрозаў


Уладзімер Пуцін, архіўнае фота
Уладзімер Пуцін, архіўнае фота

Расея ня трапіла ў сьпіс галоўных пагроз нацыянальнай бясьпекі ЗША, якім Пэнтагон павінен будзе супрацьстаяць у наступныя чатыры гады.

Пра гэта паведаміў часопіс Foreign Policy, у распараджэньне якога трапіў рабочы сьпіс прыярытэтаў адміністрацыі абранага прэзыдэнта ЗША Дональда Трампа ў вайсковай сфэры.

Гэты дакумэнт, паводле сьведчаньня часопіса, быў перададзены памочнікамі Трампа Пэнтагону.

Як адзначае выданьне, сярод прыярытэтных задач у галіне нацыянальнай бясьпекі новай адміністрацыі значацца «распрацоўка стратэгіі зьнішчэньня» групоўкі «Ісламская дзяржава», захады для ўмацаваньня ўзброеных сілаў ЗША і ліквідацыю бюджэтных абмежаваньняў на іх мадэрнізацыю.

Згодна з дакумэнтам, адміністрацыя Трампа плянуе таксама выпрацаваць комплексны падыход да гарантаваньня бясьпекі ў кібэрпрасторы і павысіць эфэктыўнасьць работы Пэнтагону.

Аднак, як адзначае Foreign Policy, у сьпісе ня значыцца Расея.

Яшчэ нядаўна вышэйшыя кіраўнікі Пэнтагону залічвалі Расею да ліку краінаў, якія ўяўляюць пагрозу «самому існаваньню» ЗША.

Як гаворыцца ў артыкуле, у пераходнай камандзе Трампа паведамілі, што гэты пералік «не зьяўляецца вычарпальным», і адмовіліся адказваць на пытаньне, ці ўваходзіць Расея ў сьпіс прыярытэтаў новай адміністрацыі ў вайсковай сфэры.

Трамп неаднаразова падкрэсьліваў важнасьць супрацоўніцтва з Расеяй у справе барацьбы з тэрарызмам у цэлым і «Ісламскай дзяржавы» ў прыватнасьці.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG