Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Лідзянкі зьвярнуліся ў міліцыю, бо «экстрасэнс» зь іх «зьняў сурокі», а выніку не было


Ілюстрацыйнае фота

Дзьве жанчыны зьвярнуліся ў міліцыю са скаргай на лідзкага «экстрасэнса», паслугі якога не прынесьлі вынікаў, расказвае сайт УУС Горадзенскага аблвыканкаму.

Паводле праваахоўнікаў, лідзянін 1964 году нараджэньня аказваў незаконныя паслугі нібыта з ужываньнем сваіх «звышнатуральных» здольнасьцяў, за якія прасіў 160–180 эўраў (пры гэтым прымаў за гэта плату ў замежнай валюце, што таксама незаконна).

Пацярпелым ён правёў «абрады здыманьня сурокаў» (рабіў гэта як дома, так і «на выезьдзе») і перадаў плястыкавыя «абярэгі». Жанчыны чакалі эфэкту некалькі месяцаў, але калі зразумелі, што іхнае жыцьцё не зьмянілася, зьвярнуліся ў міліцыю.

Супраць мужчыны распачалі крымінальную справу за «махлярства» паводле арт. 209 КК РБ. Яму пагражае штраф, папраўчыя працы, арышт, абмежаваньне або пазбаўленьне волі — у залежнасьці ад заробленай сумы, да 10 гадоў турмы з магчымай канфіскацыяй маёмасьці.

У Беларусі ад 2008 году забаронена рэклямаваць разнастайныя паслугі «з выкарыстаньнем звышнатуральных здольнасьцяў і сілаў»: праваахоўнікі не прызнаюць дзеяньне магіі. Знайсьці прапановы паслугаў «гадалак» і іншых «чараўнікоў» нескладана ў адкрытых крыніцах, але міліцыя час ад часу ловіць іх, а са спажыўцоў іх паслугаў часам нават зьдзекуецца на словах.

Пры гэтым у Беларусі не змагаюцца (а часам і рэклямуюць на дзяржаўных тэлеканалах) з «калямагічнымі», але не забароненымі наўпрост паслугамі кшталту хірамантыі і гамэапатыі.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG