Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Гэта стратэгічная параза Аляксандра Лукашэнкі», — экспэрт пра нафтагазавыя дамоўленасьці


Яраслаў Раманчук
Яраслаў Раманчук

Камэнтуючы дамоўленасьці ў нафтагазавай сфэры, дасягнутыя паміж Аляксандрам Лукашэнкам і Ўладзімерам Пуціным у Пецярбургу 3 красавіка, кіраўнік навукова-дасьледчага цэнтру Мізэса Яраслаў Раманчук кажа, што афіцыйны Менск прайграў.

«Безумоўна, прайграла Беларусь. Пераход на рынкавыя мэханізмы ўзаемаадносін у энэргетыцы — гэта штуршок Беларусі, каб яна рабіла рэформы. Спадар Сямашка, як і спадар Лукашэнка, вельмі радуюцца таму, што зноў будзе і газ, і 24 мільёны тон нафты. І гэта значыць, што ня трэба зьмяняць дзелавы клімат, ня трэба шукаць інвэстараў, ня трэба разьнявольваць малы бізнэс. Усё будзе па-ранейшаму, яны спадзяюцца, што існую мадэль зноў Крэмль уратуе.

Але Крэмль, безумоўна, павялічвае залежнасьць Беларусі ад Расеі, ад крэдытаў, ад рынкаў збыту. І, па сутнасьці, ён паступова ператварае Беларусь у субʼект РФ, у якога няма сваёй эканамічнай палітыкі і які залежыць толькі ад таго, якія палітычныя дамоўленасьці ёсьць у Крамля з афіцыйным Менскам наконт нафты і газу. А не ад таго, як працуюць інстытуты незалежнай эканомікі, ці ёсьць драйв у эканоміцы і новыя крыніцы эканамічнага росту.

Так што якія б там ні былі лічбы, гэта стратэгічная параза Аляксандра Лукашэнкі. І спадзеў толькі на тое, што Крэмль, як часта бывае, кажа адно, а выконвае іншае.

Таму што і спадар Дварковіч таксама казаў, што беларускі бок адмаўляецца прызнаваць доўг. А цяпер Мацюшэўскі фармальна сказаў так, што будзе рэфінансаваньне доўгу. Гэта значыць, што беларускі бок прызнаў, што паўтара года ён не плаціў, парушаў дамову. Хто адкажа за гэтае парушэньне, за тыя страты, якія панесла эканоміка?

Больш за тое, тая дзейнасьць, якая існуе наконт лібэралізацыі дзелавога клімату, наконт стварэньня новых крыніц эканамічнага росту — яна пад пагрозай. Таму што зноў чыноўнікам здаецца, што нафта і газ усё вырашаць».

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG