Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Манёнак: РФ ня хоча фальстарту яшчэ аднаго праекту Эўразійскага саюзу і таму вымушаная пайсьці на саступкі


Аляксандар Лукашэнка і Ўладзімір Пуцін на сустрэчы ў Санкт-Пецярбургу 3 красавіка
Аляксандар Лукашэнка і Ўладзімір Пуцін на сустрэчы ў Санкт-Пецярбургу 3 красавіка

Расея і Беларусь на працягу 10 дзён урэгулююць пытаньні ў нафтагазавай сфэры, паведаміў прэзыдэнт Расеі Ўладзімір Пуцін паводле вынікаў перамоваў з Аляксандрам Лукашэнкам у Санкт-Пецярбургу 3 красавіка.


«Мы дамовіліся аб тым, што ўрэгулюем усе нашы спрэчныя пытаньні ў нафтагазавай сфэры. Мы іх урэгулявалі, дамовіліся аб тым, як і ў якія тэрміны мы гэта зробім. Зробім мы гэта на працягу найбліжэйшых 10 дзён», — сказаў Пуцін на брыфінгу.

«Мы знайшлі схему, пры якой захоўваем нашы падыходы, збліжаем нашы пазыцыі па цэнах. Знайшлі магчымасьць узаемных саступак. Дамовіліся аб тым, як будзем працаваць у гэтай сфэры ня толькі ў 2017-м, але і ў 2018, 2019 гадах», — адзначыў Пуцін.

Эканамічны аналітык Тацяна Манёнак тлумачыць сутнасьць дамоўленасьцяў і зьвяртае ўвагу на тое, што прыкладна такая схема была ўжо распрацавана.

Манёнак: Беларусь вяртае сваю запазычанасьць за прыродны газ, а РФ ідзе на пэўныя саступкі, каб зблізіць кошты на прыродны газ для расейскага ўнутранага рынку і для Беларусі. Асноўная мэта — з 1 ліпеня 2019 году павінен запрацаваць адзіны электраэнэргетычны рынак у Эўразійскім эканамічным саюзе, і пакуль Беларусь не атрымае кошты на газ, збліжаныя з расейскімі, ніякага адзінага рынку электраэнэргіі ў Эўразійскім саюзе пабудаваць немагчыма.

90 працэнтаў электраэнэргіі ў Беларусі выпрацоўваецца на расейскім прыродным газе

Беларусь займае жорсткую пазыцыю, якая палягае ў тым, што нельга стварыць адзіны рынак электраэнэргіі раней, чым будзе створаны адзіны рынак газу. А адзіны рынак газу ў Эўразійскім саюзе мяркуецца стварыць ад 2025 году. Я так разумею, што Расейская Фэдэрацыя ня хоча фальстарту яшчэ аднаго праекту Эўразійскага саюзу і таму вымушаная пайсьці на пэўныя саступкі.

Прынцыповая пазыцыя беларускага боку была ў тым, што трэба фарсіраваць збліжэньне коштаў на газ з расейскімі, бо інакш беларуская электраэнэргетыка на адзіным рынку будзе неканкурэнтназдольнай.

90 працэнтаў электраэнэргіі ў Беларусі выпрацоўваецца на расейскім прыродным газе. А кошты відавочна адрозьніваюцца. Як канкураваць? Задавалі рытарычнае пытаньне беларускія чыноўнікі.

Напрыканцы мінулага году была распрацаваная такая схема. Расея пастаўляе праз Беларусь 6 мільёнаў тон нафты, і мыты ад гэтай нафты будуць ісьці ў беларускі бюджэт. Ці былі ўнесеныя зьмены ў гэтую схему, мне цяжка сказаць, пакуль я не валодаю такой інфармацыяй, але размова ішла пра тое, што Расея ня будзе прадастаўляць жывыя грошы, а будзе знойдзеная нейкая схема. Відавочна, размова ішла, што Беларусь пагасіць запазычанасьць за прыродны газ. Гэта першая ўмова, якую заўсёды ставілі расейскія чыноўнікі. Беларусь хацела пачаць збліжэньне з расейскімі коштамі на газ не з 2018 году, як прапаноўвалі, а ўжо нават з мінулага году ці з гэтага году. Не ўдалося настаяць на гэтай пазыцыі. Цяпер размова ідзе пра 2018 год.

***

Перамовы паміж Масквой і Менскам пра ўмовы ўрэгуляваньня нафтагазавага канфлікту доўжыліся амаль год. Беларускія ўлады настойвалі, што цана расейскага газу ў даляравым эквіваленце павінна быць зьніжаная, з чым быў нязгодны расейскі бок. У другой палове 2016 году, рэагуючы на нявыплату Беларусьсю ў поўным аб’ёме кошту газу, расейскі ўрад прыняў рашэньне скараціць пастаўкі нафты ў Беларусь — па выніках году імпарт нафты скараціўся больш як на 20%. Тым часам «Газпром» падвысіў цану на газ для Беларусі на 6,81% — да 141,1 даляра за тысячу кубамэтраў.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG