Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Анархіста Халілава аштрафавалі на 20 базавых велічынь. Ён кажа, яго зьбіў АМАП і «чалавек у цывільным»


Раман Халілаў

Анархіст Раман Халілаў аштрафаваны на 460 рублёў паводле артыкулаў аб дробным хуліганстве і непадпарадкаваньні міліцыі. Судзілі актывіста ў судзе Заводзкага раёну Менску. Абараняла яго адвакат Марыя Колесава-Гудзіліна.

Халілаў прыйшоў на суд з пакункамі рэчаў, якія яму спатрэбяцца падчас адседкі на Акрэсьціна, бо быў перакананы, што атрымае нават больш за 15 сутак арышту. Вырак ён пракамэнтаваў так:

«Гэта таму, што на працэс прыйшлі журналісты і аднадумцы, і дзякуючы адвакату».

Сёлета ў сакавіку Рамана Халілава ўжо каралі адміністрацыйным арыштам на 21 дзень. Тады актывіста асудзілі за ўдзел у шэсьці анархістаў у Берасьці падчас пратэставай акцыі «недармаедаў», а таксама нібыта за непадпарадкаваньне міліцыі пры затрыманьні ў Менску і за хуліганства. Цяпер Халілава абвінавацілі паводле двух артыкулаў адміністрацыйнага кодэксу — зноў за хуліганства і непадпарадкаваньне. Паводле пратаколу зь міліцыі, першы эпізод адбыўся 8 верасьня, каля дома на Партызанскім праспэкце сталіцы, дзе пражывае Халілаў. Другі — 21 верасьня.

«Увечары 8 сакавіка я вярнуся дадому. Спрабаваў адкрыць дзьверы ключом, але аказалася, што кватэра адчыненая і ў ёй некалькі чалавек у масках і адзін у цывільным. Мяне пачалі зьбіваць, ударылі галавой аб сьцяну. Супрацоўнік у цывільным нанёс мне каля 5-6 удараў, а амапавец біў мяне па нагах. На просьбу спыніць зьбіваньне мяне яшчэ раз ударылі галавой аб сьцяну.

Потым зацягнулі ў аўтобус, там працягвалі зьбіваць і абражалі, у тым ліку гучалі абразы расісцкага характару і адносна майго веданьня расейскай мовы. За што мяне бʼюць, не тлумачылі. Я нікога не абражаў і нецэнзурна не выказваўся», — казаў суду Халілаў.

Гэтаксама Халілаў не прызнаваў віны і па эпізодзе 21 верасьня. Анархіст кажа, што ўчора яго на вуліцы спынілі супрацоўнікі АМАПу, абшукалі кішэні і сказалі, што ім трэба адвезьці яго ў РАУС для высьвятленьня асобы.

«Хоць я даў ім свой пашпарт», — дадаў Халілаў.

Ён кажа, што не супраціўляўся, бо ведае, што міліцыя мае права затрымаць грамадзяніна на тры гадзіны для высьвятленьня асобы.

Супрацоўнікі міліцыі Заводзкага раёну Анатоль Бяляк і Віталь Бруй заявілі суду, што Раман Халілаў 8 верасьня лаяўся матам на адрас байцоў СОБРу і АМАПу, якія яго пасьля гэтага затрымалі. У кватэру, дзе жыў Халілаў, міліцыянты, паводле сьведак, праніклі пасьля атрыманьня зьвестак, што ў кватэры могуць быць забароненыя рэчы. А чаму не дачакаліся гаспадара?

«Мы заходзілі ў прысутнасьці ўласьніка кватэры», — сказалі сьведкі-міліцыянты.

Пра эпізод 21 верасьня, калі Халілава зноў затрымалі, цяпер на вуліцы, сьведкі Дзяніс Шарэц і Сяргей Гаўрыляк сказалі, што Раман Халілаў нібыта «хапаўся за міліцэйскую форму, супраціўляўся, спрабаваў распачаць бойку». Пры гэтым сьведкі блыталіся ў паказаньнях, а розьніцу тлумачылі тым, што «мінула шмат часу».

Сам Халілаў ня змог адказаць пэўна на пытаньне, за што яго перасьледуюць міліцыянты:

«У мітынгу 8 верасьня я ня ўдзельнічаў і потым ні на якіх акцыях ня быў. Таму за што — не магу сказаць. Адзін з амапаўцаў, калі зьбівалі, казаў: „Гэта табе за тое, што гадзіш“. Але што ён меў на ўвазе, ня ведаю».

XS
SM
MD
LG