Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Прысуд антыфашысту Бойку пакінулі бязь зменаў, але пад варту ў залі суду не ўзялі


Вадзім Бойка

Справу разглядала калегія судзьдзяў у Менскім гарадзкім судзе. Ранейшы прысуд пакінулі бязь зьменаў.

16 чэрвеня Менскі гарадзкі суд разгледзеў апэляцыю фаната ФК «Партызан» Вадзіма Бойкі. Калегія судзьдзяў пакінула рашэньне суду Першамайскага раёну бязь зьменаў. Пры гэтым Бойку не ўзялі пад варту ў залі суду.

«Мяне проста адпусьцілі. Зараз я пакуль на свабодзе. Верагодна, проста потым прыедуць і забяруць мяне ў СІЗА. Магчыма, сёньня. Магчыма праз тыдзень ці празь месяц. Я пра гэта нічога не ведаю», — расказаў Вадзім Бойка ў размове са Свабодай.

Вадзіма Бойку, які быў асуджаны на чатыры гады пазбаўленьня волі, выпусьцілі з жодзінскага СІЗА пад падпіску аб нявыезьдзе ўдзень 10 чэрвеня. На свабодзе ён правёў роўна тыдзень. Як распавёў сам Бойка ў гутарцы са Свабодай за дзень да разгляду апэляцыі, ён не зьбіраўся хавацца і на паўторны разгляд справы ішоў з усімі неабходнымі для вяртаньня за краты рэчамі.

Вадзіма Бойку асудзілі 10 сакавіка 2017 году за здарэньне, якое адбылося ўлетку 2014 году. Паводле вэрсіі сьледзтва, група фанатаў ФК «Партызан» спыніла тралейбус, у якім ехалі фанаты ФК «Тарпэда Менск». Потым фанаты «Партызана» разьбілі ў тралейбусе шыбу, распылілі ў салёне сьлезацечны газ, а таксама ўчынілі бойку. Першапачаткова выпадак не атрымаў розгаласу, усе затрыманыя былі адпушчаныя. Аднак пасьля таго, як справай занялася Галоўнае ўпраўленьне барацьбы з арганізаванай злачыннасьцю і карупцыяй, яе давялі да суду, а дзеяньні футбольных фанатаў расцанілі як асабліва злоснае хуліганства.

У выніку шасьцёра фанатаў ФК «Партызан» атрымалі розныя тэрміны зьняволеньня:

  • Ільля Валавік — 10 гадоў пазбаўленьня волі,
  • Філіп Іваноў і Вадзім Бойка — па 4 гады,
  • Дзьмітры Ціхановіч — 6 гадоў,
  • Арцём Краўчанка і Вадзім Чартовіч (іх дадаткова абвінавачвалі ў незаконным вырабе і збыце наркотыкаў) — па 12 гадоў.

Ваша меркаваньне

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG