Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Найлепшым альбомам году стаў «Колер, якога няма» ад Tonqixod. Каму яшчэ далі ўзнагароды Experty.by


Гурт Tonqixod з узнагародамі ад Experty.by

Беларускі музычны сайт Experty.by 11 красавіка назваў пераможцаў сваёй 10-й штогадовай музычнай прэміі. У галоўнай намінацыі перамагла кружэлка гурту Tonqixod.

Таксама альбом Tonqixod «Колер, якога няма» названы «Найлепшым рок-альбомам» і «Найлепшым беларускамоўным альбомам», ён атрымаў прыз вялікага журы беларускіх журналістаў і прыз чатырох «штатных» экспэртаў сайту. Сам гурт Tonqixod пры гэтым заявіў аб прыпыненьні дзейнасьці — цяпер ён «у стане напаўраспаду».

Прыз ад «народных экспэртаў» (паводле галасоў наведнікаў сайту) атрымаў альбом «Turritopsis Nutricula» беластоцкага гурту Zero-85.

А прыз ад пяці замежных экспэртаў дастаўся рэпэру ЛСП за альбом «Tragic City», гэты ж альбом названы «Найлепшым поп-альбомам».

Найлепшым дэбютным альбомам і найлепшым фольк-альбомам названая «Вясна» гурту Ulyanica, найлепшым электронным — «Appetiizer» Ані Жданавай.

На ўзнагароды прэтэндавалі таксама альбомы «Старага Ольсы», Макса Каржа, Naviband, Super Besse, The Glitchhh і іншых.

Сайт Experty.by пасьля цырымоніі будзе актыўным хіба раз-пораз: пасьля 10 гадоў пастаяннага напісаньня маштабных рэцэнзіяў на беларускія альбомы прыпыніць рэгулярныя публікацыі. Але стваральнік сайту абяцае працягнуць падтрымку беларускай музыкі і пошук новых ідэяў дзеля гэтай мэты.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG