Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Дзьве сотні бясплатных экскурсіяў: апублікавалі поўную праграму Фэсту экскурсаводаў


У Беларусі 21 і 22 красавіка пройдзе штогадовы Фэст экскурсаводаў. Поўная праграма фэсту з магчымасьцю запісацца на экскурсіі апублікаваная на сайце festguides.by.

Асноўная маса экскурсіяў прызначаная на 21 і 22 красавіка, але некаторыя пройдуць і да, і пасьля гэтых дзён. У праграме ня толькі Менск, а яшчэ доўгі шэраг беларускіх гарадоў, мястэчак і нават сёлаў, а таксама гарады за межамі Беларусі: Беласток, Варшава, Вільня, Львоў, Мадрыд, Масква, Прага…

На некаторыя экскурсіі колькасьць удзельнікаў абмежаваная — і на многіх зь іх ужо няма месцаў. Большая частка экскурсіяў у малых гарадах ня мае абмежаваньняў на колькасьць людзей.

Каардынатар Фэсту экскурсаводаў Павал Каралёў казаў Свабодзе, што ёсьць шмат экскурсіяў, на якія б ён параіў схадзіць нават тым, хто думае, што ўсё ведае. Але ён мае адну ўнівэрсальную параду:

«Я параіў бы перш за ўсё пайсьці на экскурсію, якая будзе набліжэй да месца пражываньня людзей, — кажа Каралёў. — Калі чалавек жыве на ўсходзе Менску, будзе некалькі экскурсіяў па Ўруччы. Калі ў Курасоўшчыне — экскурсія па дуброве Чапскіх. Калі ў Каменнай Горцы — экскурсія па экасьцяжынцы ля храма Мікалая Японскага. Калі ў раёне Лошыцы — на экскурсіі па Лошыцы...

На нашае перакананьне, калі людзі глядзяць штосьці вельмі звыклае, што яны бачаць ледзь ня кожны дзень, гэтыя аб’екты па-новаму адкрыюцца. Гэта можа быць найбольшы такі „культурны шок“ — чалавек прачынаецца на наступны дзень пасьля фэсту і кажа сябрам: аказваецца, у нас тут у двары такая цікавая рэч, такая гісторыя!»

Рэгістрацыя экскурсаводаў на фэст скончылася яшчэ тыдзень таму, але арганізатары яшчэ заклікаюць далучацца да экскурсіяў валянтэраў для дапамогі экскурсаводам. Фэст не камэрцыйны — усё ладзіцца бясплатна і дабрачынна, з уласнай ініцыятывы ўдзельнікаў. Але ёсьць пэўныя арганізацыйныя выдаткі, якія спадзяюцца пакрыць пры дапамозе спонсараў, якім абяцаюць разнастайную рэкляму і падзяку.​

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG