Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Безгалосы» прафсаюзны актывіст зьвярнуўся ў Вярхоўны суд


Гомельскі грамадзкі актывіст Віктар Казлоў

Пасьля двух месяцаў абскарджваньня судовай пастановы на штраф за нібыта гучную лаянку гомельскі рэгіянальны кіраўнік Беларускага незалежнага прафсаюзу РЭП Віктар Казлоў зьвярнуўся ў Вярхоўны суд.

я прадставіў даведкі пра апэрацыю, выступаў лекар, судзьдзя чула, што маўленьне ў мяне парушана, а ўсё адно аштрафавала

«Не магу пагадзіцца са штрафам. Мяне схапілі амапаўцы 25 сакавіка ў вёсцы Цярэшкавічы, калі я кіраваўся на „Марш недармаедаў-2“. Як звычайна, абвінавацілі ў гучнай лаянцы і непадпарадкаваньні міліцыі. Двое сутак прэвэнтыўна трымалі ў ізалятары, а пасьля судзьдзя Гомельскага раёну Тамара Застаўнецкая аштрафавала на тры базавыя велічыні — 69 рублёў. Амапаўцы ня ведалі, што пасьля апэрацыі ў анкалягічным цэнтры я наагул размаўляю шэптам — ім важна было мяне затрымаць. У суд першай інстанцыі я прадставіў даведкі пра апэрацыю, выступаў лекар, судзьдзя чула, што маўленьне ў мяне парушана, а ўсё адно аштрафавала. Мінімальна, але аштрафавала».

Прафсаюзны актывіст кажа, што падчас разгляду касацыйнай скаргі судзьдзя Гомельскага абласнога суду Мікалай Бакуноў пацікавіўся ў яго, чаму супрацоўнікі АМАПу сьведчылі пра гучную лаянку і непадпарадкаваньне?

«Я ўпэўнены, што амапаўцы атрымалі загад ізаляваць мяне да акцыі пратэсту, таму й абвінавацілі ў лаянцы і непадпарадкаваньні. У судзе я іх назваў ілжэсьведкамі», — патлумачыў Віктар Казлоў.

Не адмяніў пастанову на штраф і старшыня абласнога суду Сяргей Шаўцоў, якому таксама падавалася скарга. Засталася апошняя судовая інстанцыя — Вярхоўны суд.

Гомельскі праваабаронца Леанід Судаленка, які дапамагае Казлову абскарджваць штраф, лічыць, што, прынамсі на рэгіянальным узроўні, міліцыя і суды дзейнічаюць як змовіўшыся:

«Калі трэба ізаляваць актывіста напярэдадні акцыі пратэсту, яму прыпісваюць лаянку ў грамадзкім месцы, размахваньне рукамі — каб падпадала пад дробнае хуліганства, за якое можна арыштоўваць. Калі ж трэба толькі аштрафаваць, пішуць пратакол на ўдзел у несанкцыянаваным мерапрыемстве. У выпадку з Казловым выйшла няўвязка, але мясцовыя суды ня ў стане парушыць звыклы парадак».

Ваша меркаваньне

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG