Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Працяг суду пра перавод Жамчужнага ў турму — 23 сакавіка


Міхаіл Жамчужны

2 сакавіка суд Барысаўскага раёну пачаў разглядаць справу пра перавод у турму Міхаіла Жамчужнага — заснавальніка арганізацыі па абароне правоў зьняволеных «Плятформа інавэйшн».

Судовы працэс праходзіць на тэрыторыі калёніі № 14 у Навасадах (Менская вобласьць), дзе Жамчужны адбывае пакараньне.

Справу аб зьмене рэжыму ўтрыманьня для палітвязьня ініцыявала адміністрацыя папраўчай калёніі, дзе адбывае пакараньне Міхаіл Жамчужны. Падставай сталі спагнаньні, вынесеныя Жамчужнаму нібыта за розныя парушэньні, якія ён зьдзейсьніў падчас адбыцьця пакараньня, у тым ліку зьмяшчэньне яго ў ШЫЗА і ПКТ.

Пра гэта паведамляе праваабарончы цэнтар «Вясна».

Судзьдзя разгледзеў хадайніцтвы Міхаіла Жамчужнага і перанёс паседжаньне на 23 сакавіка, напісала ў фэйсбуку Тацяна Равяка.

Падставай стала тое, што ў судзе разгледжаныя ня ўсе скаргі Жамчужнага на вынесеныя адміністрацыяй калёніі спагнаньні.

Праваабаронцаў «Вясны» Тацяну Равяку, Валянціна Стэфановіча і Паўла Сапелку на паседжаньне суду не пусьцілі. Яны зьбіраюцца абскардзіць гэта ў судзе.

Валянцін Стэфановіч патлумачыў, што аргумэнт судзьдзі наконт звароту па дазвол у Дэпартамэнт выкананьня пакараньняў — беспадстаўны і незаконны:

«Толькі судзьдзя вызначае парадак вядзеньня судовага працэсу і забясьпечвае прынцып галоснасьці і адкрытасьці. А прычыны, каб рабіць такім чынам працэс закрытым, адсутнічаюць. Таму будзем абавязкова абскарджваць рашэньне судзьдзі як незаконнае, якое парушае артыкул 23 Крымінальна-працэсуальнага кодэксу і пастанову Пленуму Вярхоўнага суду ад 2016 году».

Заснавальнік «Плятформы інавэйшн» Міхаіл Жамчужны ў ліпені 2015 году асуджаны Віцебскім абласным судом на 6 гадоў пазбаўленьня волі ў калёніі строгага рэжыму. 23 кастрычніка судовая калегія па крымінальных справах Вярхоўнага суду разгледзела касацыйную скаргу і прызначыла Жамчужнаму больш строгае пакараньне — шэсьць з паловай гадоў пазбаўленьня волі.

Жамчужнага пасадзілі за наўмыснае раскрыцьцё зьвестак, якія ўтрымліваюць службовую таямніцу, незаконнае набыцьцё сродкаў для сакрэтнага атрыманьня інфармацыі, якая складае службовую таямніцу, а таксама даваньне хабару. Беларускія праваабаронцы прызналі Міхаіла Жамчужнага палітвязьнем і патрабуюць спыніць перасьлед адносна яго.

XS
SM
MD
LG