Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Ёсьць яшчэ шмат дзялянак, дзе можна добра паскубці насельніцтва...»


Распачатая летась уладамі кампанія супраць так званых «дармаедаў» набыла цяпер у Беларусі шырокі розгалас. Больш як 400 тысяч беларускіх грамадзянаў атрымалі з падатковых інспэкцыяў паведамленьні пра тое, што павінны заплаціць дзяржаве за сваё сацыяльнае ўтрыманства па 360 рублёў. Для многіх беларускіх сем’яў (асабліва вясковых) гэта — значная сума, якая перавышае памер месячнай пэнсіі, а для шмат каго — і заробку.

Наш слухач Алег Пракапцоў зь Менску піша:

«Усе наўкол абураюцца. А я думаю: гэта ж геніяльны спосаб папаўненьня казны. І што адметна: не патрэбны ніякія ўкладаньні. Проста разаслаў «плацёжкі» — і атрымлівай грошыкі з паветра.

Думаю, на гэтым спыняцца ня варта. Ёсьць яшчэ шмат дзялянак, дзе можна добра паскубці насельніцтва. Ну вось, напрыклад, усім вядома, што ўлетку многія жыхары вёсак замест таго, каб за тры капейкі палоць буракі альбо нарыхтоўваць сена ў калгасе, ідуць у лес па ягады ды грыбы. А потым прадаюць гэтыя ягады ды грыбы, стоячы ўздоўж дарог, за немалыя грошы. Гэта ж вялізная крыніца папаўненьня бюджэту! Па-першае, трэба ўвесьці ліцэнзію на збор грыбоў ды ягад. Па-другое — падатак на прыдарожны гандаль.

А рыбалка? З вудамі ж у нас пакуль што можна пераважна бясплатна стаяць. А калі за кожную вуду ўвесьці пошліну — дзесяць базавых велічыняў?

Ну, і абсалютна не ахоплены зборамі і пошлінамі дваравыя тэрыторыі ля шматкватэрных дамоў. Столькі машын — і ўсе паркуюцца бясплатна. Калі з кожнага аўтаўладальніка браць хаця б 10 даляраў за месяц за паркоўку ў двары дома — у маштабах дзяржавы можна атрымаць дадатковыя сотні мільёнаў даляраў».

Гэта напісаў у сваім лісьце на Свабоду Алег Пракапцоў зь Менску.

Хоць Вашы, спадар Алег, прапановы выкладзеныя ў яўна гратэскава-іранічнай манеры, насамрэч з большасьцю зь іх Вы ўжо спазьніліся.

На пачатку студзеня стала вядома, што ўрад сваёй пастановай ад 17 лістапада мінулага году ўвёў плату і за грыбы, і за ягады, а заадно і за лекавыя травы, і за лясныя арэхі, і за вульлі, і за бярозавік, і нават за нарыхтоўку моху, лясной падсьцілкі ды апалага лісьця....Так-так, калі хочаце сабраць у лесе, да прыкладу, кіляграм арэхаў — заплаціце 0,02 базавай велічыні (гэта 46 капеек), сабралі кіляграм грыбоў ці ягад — аддайце дзяржаве 23 капейкі.

Праўда, усьлед за гэтым Міністэрства лясной гаспадаркі пачало супакойваць, што датычыць гэта нібыта толькі юрыдычных асобаў, што Лясны кодэкс падобных пабораў не прадугледжвае... Але, па-першае, ва ўрадавай пастанове ніякіх згадак пра юрыдычных асобаў увогуле няма. Па-другое, пакажыце мне такую юрыдычную асобу, якая зьбірае лясныя арэхі альбо кветкі ландыша (за ландышы, дарэчы, таксама давядзецца плаціць). А па-трэцяе, Лясны кодэкс вызваляе фізычных асобаў ад платы за грыбы ды ягады толькі ў тым выпадку, калі зьбірае іх чалавек для асабістых патрэбаў.

Іншымі словамі, калі ты стаіш пры дарозе і спрабуеш прадаць іх — адразу падпадаеш пад дзеяньне новай пастановы ўрада.

Аўтар наступнага ліста Аляксей Сушчэвіч са Стаўбцоўскага раёна зьвяртае ўвагу на праблемы людзей, якія не па ўласнай ахвоце на доўгія гады сталі насельнікамі закрытых інтэрнатаў. Слухач піша:

«Вельмі хацелася б, каб Свабода зьвярнула ўвагу на стан спраў у так званых «псыха-нэўралягічных інтэрнатах». Вось пра бяспраўе ў турмах вы слушна паднімаеце пытаньне, а пра такія інтэрнаты, якія асабіста я лічу лягерамі — чамусьці не. А між тым, утрымліваюцца ў іх ня толькі інваліды, а і асобы, няўгодныя мясцовай уладзе. Вы, відаць, забылі, што калісьці ў СССР была карная псыхіятрыя. Дык вось, у сучаснай Беларусі яна і захавалася.

Вось што датычыць інтэрната, у якім я вымушаны знаходзіцца. Належнага догляду ягоныя насельнікі ня маюць. Незадаволеных колюць прэпаратамі, зьмяшчаюць у так званы «ізалятар» — а па-просту ў падвал з жалезнымі кратамі. Былі выпадкі зьбіцьця хворых санітарамі, сэксуальнага гвалту над хворымі жанчынамі. Цяжка ўявіць, што гэта адбываецца ў наш час, у 21-м стагоддзі.

Рэгулярна слухаю ваша радыё з дапамогай маленькага прымача. Любыя званкі па тэлефону, любая перапіска адсюль забароненыя. Ня ведаю, як буду перадаваць гэты ліст, і ці дойдзе ён да вас увогуле. Што тут робіцца — дык усё і не апішаш. Мы пісалі і з абласную пракуратуру, і ў Канстытуцыйны суд. Але ніякіх зьменаў не адбылося. Наадварот, толькі горш стала».

Напісаў гэта ў сваім лісьце на Свабоду Аляксей Сушчэвіч са Стаўбцоўскага раёна.

У рэдакцыі ёсьць дакладная назва і адрас установы, пра якую ідзе гаворка ў лісьце, але мы іх не агучваем, зважаючы на сур’ёзнасьць прад’яўленых абвінавачаньняў, якія маюць патрэбу ў праверцы і пацьвярджэньні.

У чым слухач без сумневу мае рацыю — дык гэта ў тым, што падобныя ўстановы, сапраўды, закрытыя для грамадзкага кантролю. І адстойваць свае правы людзям з падобнымі дыягназамі, знаходзячыся фактычна за кратамі, куды больш складана, чым нават вязьням у турмах ды калёніях.

Дзякуй усім, хто знайшоў час для ліста на Свабоду.
Пішыце нам, адрас ранейшы: Менск-5, паштовая скрынка 111.
Праграма «Паштовая скрынка 111» выходзіць у эфір кожную суботу.
Аўтару можна пісаць на адрас zdankov_rs@tut.by.

Ваша меркаваньне

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG