Увечары 9 сьнежня невядомыя падарвалі пад Ільвовам пасажырскі аўтобус з Польшчы. Пацярпелых няма, у аўтобусе на момант выбуху нікога не было.
Міністар замежных справаў Украіны Павел Клімкін назваў напад на польскі аўтобус «правакацыяй», зьвязанай з прызначаным на 13 сьнежня візытам прэзыдэнта Польшчы Анджэя Дуды.
«Зробім усё, каб расьсьледаваць гэты інцыдэнт», — заявіў Клімкін у Twitter.
Міністэрства замежных справаў Польшчы апублікавала афіцыйную заяву з нагоды здарэньня. Выбух называюць «чарговым антыпольскім здарэньнем».
«Польскія консульскія службы выявілі, што група з 23 польскіх турыстаў ехала тым аўтобусам, сярод іх былі чыноўнікі мясцовага самакіраваньня, — гаворыцца ў заяве. — Аўтобус быў пашкоджаны на стаянцы каля гатэлю. На момант інцыдэнту ў аўтамабілі ніхто не знаходзіўся. Ніхто не пацярпеў. Улады Украіны высьвятляюць абставіны інцыдэнту; мясцовыя органы паліцыі і пракуратуры ажыцьцяўляюць сьледчыя дзеяньні. Арганізатар паездкі наладзіць вяртаньне ўдзельнікаў паездкі дамоў. Яны вяртаюцца ў Польшчу ў суправаджэньні польскага консула».