Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Подпісы за адмену дэкрэту «аб дармаедах» сваю справу зрабілі, — Фядыніч


Генадзь Фядыніч, архіўнае фота

Беларускі прафсаюз радыёэлектроннай прамысловасьці (РЭП) давёў колькасьць подпісаў супраць дэкрэту № 3 да 48 тысяч.

«У сакавіку актыўнасьць ужо ня тая, — кажа Свабодзе прафсаюзны кіраўнік Генадзь Фядыніч. — Дадалася толькі адна тысяча подпісаў. І гэта зразумела. Сваю справу подпісы ўжо зрабілі. А цяпер справа зусім у іншым. Улады дэкрэт не адмяняюць. Людзі гэта бачаць. І моцна злуюцца. Яны зразумелі, што толькі подпісамі толку не дамагчыся. І пайшлі на акцыі пратэсту. У рэгіёнах на акцыі пераважна выходзілі людзі працоўныя. Так званых „дармаедаў“ там было няшмат.

Чаму пайшлі на вуліцы пэнсіянэры? Таму што іх дзеці ня могуць уладкавацца на працу. Людзі гневаюцца, калі па тэлебачаньні кажуць, што ў Беларусі хапае свабодных працоўных месцаў. Яны ж бачаць, што знайсьці працу немагчыма.

Думаю, што ўлады не ўгадалі з гэтым дэкрэтам. Зь беларусамі так нельга абыходзіцца.

Упэўнены, што і заўтра пратэстоўцаў будзе шмат. Але пік актыўнасьці, як я думаю, прыпадзе на 25 сакавіка».

XS
SM
MD
LG