Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Чаму Тарашкевіч пісаў „пляны“ і „лёзунгі“? Пра важную рысу клясычнага правапісу


Дыплём БДУ 1930 г.
Дыплём БДУ 1930 г.

Таму, хто ўведаў беларускую літаратурную мову яшчэ з савецкай школы, бывае дзіўна пачуць ці прачытаць: кулюарная дыпляматыя. Або — плякаты й дыплёмы. Чаму ​ў пазычаных словах мяккае ЛЬ?

Сьцісла

  • Гэта норма клясычнага правапісу з часоў Тарашкевіча. А ён проста зафіксаваў жывую народную традыцыю.
  • У народнай мове пазычаньні з лацінскай ці нямецкай маюць мяккае ЛЬ: акуляры, клямка, вэлюм. Прычым браць іх беларусы маглі і непасрэдна, не праз польскую.
  • У мовах-крыніцах гук L „сярэдні“, на беларускае вуха мяккі.
  • Рэформа мовы 1933 году наблізіла беларускую мову да расейскай і ў гэтым пункце, а тут у суседзяў вялікі разнабой.

Пра гэта і АЎДЫЁ:

Наўпроставы лінк

Нікому дзіва ў такім вымаўленьні й напісаньні не было ў эпоху Браніслава Тарашкевіча. Ён пісаў у сваёй культавай „Граматыцы для школ“:

„Чужаземнае l (сярэдняе) перадаецца мяккім ль, як у словах лямка,пляц, плямка, клямка; Лёндан, лёзунг, маналёг...“

Нехта скажа: „Мала што некалі было, мова ж разьвіваецца“. Але, па-першае, няма такога закону гукавых зьменаў. А па-другое, і ў сучаснай мове, прычым ня кніжнай, а народна-дыялектнай, знойдзем мноства пазычаньняў зь мяккім ЛЬ перад галоснымі А, У, О ў корані: пляшка, хлёрка, шлях, шляхта, сьлёсар, глязура, дpyшляк, шкарлятына, лёк і лёх…

Якое вымаўленьне „больш беларускае“ — плян ці план? Пытаньне некарэктнае. Бо і цьвёрды гук [Л] (лушчу гарэхі), і мяккі [Л’] (люблю гарэхі) — ёсьць у спрадвечнабеларускіх словах. А словы, пра якія тут гаворка, іншамоўнага паходжаньня.

Дык адкуль плякат і дыплём?

Часта кажуць — з польскай мовы. Так, падобныя словы ёсьць і ў нашых заходніх суседзяў. Але ж яны і там — ня ўласна польскія, і наагул не славянскія. Яны раманскага ці германскага паходжаньня, іх самі палякі (часам праз чэхаў) запазычвалі з лацінскай, нямецкай і яе дыялектаў, галяндзкай моваў. Адтуль жа іх маглі браць і нашыя продкі — бяз польскага пасярэдніцтва.

У тых мовах (у тым ліку і ў сярэднявечнай школьнай лаціне) гук [L], як спрошчана яго называе той жа Тарашкевіч, „сярэдні“. Вымаўляецца кончыкам языка вышэй за зубы. Беларускае вуха яго ўспрымае як няцьвёрды, а значыць — мяккі.

Культурна-гістарычнае і навуковае тлумачэньне гэтай традыцыі запазычваньня далі мовазнаўцы. Язэп Лёсік у артыкуле „Неўстаноўленыя выпадкі нашага правапісу“ („Полымя“, 1925) пісаў:

„З лацінскае мовы маем шмат слоў агульнакультурнага значэньня; яны зашлі да нас або праз Польшчу, або праз старасьвецкую школу, дзе некалі, як і ўсюды ў Эўропе, панавала латынь, дзеля гэтага словы лацінскага пахаджэньня найбольш пашыраны былі сярод шляхты і вуніяцкага духавенства“ (вылучэньне маё. — В. В.)

Вымаўленне мяккага ЛЬ і цвёрдых іншых зычных у іншамоўных словах падобна тлумачыў Ян Станкевіч: у народнай мове прыжыліся словы лямпа, шкарлятына, а ў сучаснай літаратурнай паводле той самай мадэлі аформіліся лёзунг, кляса і падобныя „Да вымовы й правапісу чужых словаў“, 1930).

Лацінская была абавязковай у навучальных установах Вялікага Княства Літоўскага, сьмела можна казаць, што яе з XVI ст. ведалі — ці прынамсі за яе кепскае веданьне стаялі ў школьным куце ) — адукаваныя людзі.

Праз шкаляроў у народную мову маглі прыйсьці акуляры, дыплём і лямант, іншымі шляхамі — вэлюм (напрыклад, у нявесты), капялюш, кляўза ці нават лярва. Старабеларускія варыянты напісаньняў пацьвярджаюць, што такое вымаўленьне даўняе: лацінізмы ліокалный, плюсъ, грэцызмы праз лацінскую плянета, дипліома, германізмы плястеръ, пляцъ.

Наўпроставыя кантакты беларусаў зь немцамі пачаліся з полацкіх часоў, сьведчыць гісторык Генадзь Сагановіч. Яны працягваліся ў віленскую пару і не спыняліся стагодзьдзямі — праз тыя ж Інфлянты, цяперашнюю Латвію. Прычым кантакты народныя, калі ўзаемна перадаваліся і працоўныя навыкі, і звычаі, і разам зь імі словы.

Што такое „клямка“ і як гэта па-расейску? Адказваюць менчукі

Нездарма ў беларускай мове мноства словаў будаўнічай і эканамічнай лексыкі з паходжаньня германізмы: мур, фарба, лёх, сьлёсар і сьлясак, габляваць і гандляваць, тыя самыя пляц і клямка. Германізмы маглі прыходзіць і празь ідыш.

Грэцкія словы ў наш рэгіён Эўропы дабіраліся двума шляхамі. Праз царкоўнаславянскую мову — философъ, а праз лацінскую — филіозофъ. (Прычым у самой грэцкай мове, і сучаснай, і бізантыйскае пары, [Λ] ня цьвёрды гук.)

І грэцкія словы ў новай літаратурнай мове (да 1933 году ў БССР і да 1939 у Заходняй Беларусі) пісаліся зь мяккім ЛЬ. Таму вядомая рамантычная Аліцыя з „Народнага альбому“ Міхала Анемпадыстава з поўным правам вядзе прыватныя дыялёгі:

У кампанii дзьвюх каляжанак,
Ведучы дыялёгi прыватныя,
Пiлi каву яны з цынамонам
З парцалянавых фiлiжанак.

(Парцаляна — слова італьянскага радаводу, фарфор).

У расейскую ж мову запазычаньні з лацінскай і з жывых заходнеэўрапейскіх моваў прыйшлі значна — на некалькі стагодзьдзяў — пазьней, і звычайна ня вусным, а пісьмовым шляхам. Таму не сфармаваўся альгарытм іх засваеньня. Няма як патлумачыць, чаму па-расейску Финляндия, Курляндия, але Голландия, Исландия. Няма стабiльнасьцi пpы пеpадачы аднаго i таго ж спалучэньня (гляциолог гладиолус, флагеллант капитулянт), а нават аднаго i таго ж слова: флюоpесцентныйфлуоpесцентный.

Правапіс адарваны ад масаў? Прышыць!

Палітычныя ініцыятары рэформы беларускае мовы 1933 году вінавацілі мовазнаўцаў у тым, што правапіс Тарашкевіча быў „адарваны ад шырокіх рабочых і бядняцка-серадняцкіх сялянскіх мас”.

Але цікава, што спачатку праект рэформы, хоць ужо ідэалягізаваны і падпарадкаваны „барацьбе з нацдэмамі“, яшчэ ня ўводзіў зьменаў у „эўрапейскае“ вымаўленьне і адпаведнае напісаньне мяккага ЛЬ у іншамоўных словах — яно здавалася натуральным.

Тэрміналягічныя слоўнікі Інстытуту беларускае культуры
Тэрміналягічныя слоўнікі Інстытуту беларускае культуры

Тым ня менш і гэтае адрозьненьне беларускай мовы ад расейскай мусіла быць сьцерта. У 1931 годзе газэта „Чырвоная зьмена“ атакавала Язэпа Лёсіка, якога на той момант ГПУ ўжо адправіла ў ссылку. Сярод іншых грахоў называўся і такі: ён паважаў словы з мяккім ль, якія ідуць праз польскую мову(цыт. паводле С. Запрудскага), а абвінавачаньне ў прапольскіх настроях было тады вельмі цяжкім.

Урэшце, 26 жніўня 1933 г. пастановай Саўнаркаму БССР „Аб зьменах і спрашчэньні беларускага правапісу“ правапіс Л і наагул зычных у словах іншамоўнага паходжання ўніфікавалі з расейскім. Пункт 11 пастановы:

„Словы іншамоўнага паходжаньня з „l“ («л»), як правіла, перадаваць на беларускім пісьме згодна традыцыйнага, пашыранага ў БССР вымаўленьня, г. зн. пераважна цьвёрда: метал, бензол, алмаз, вулкан, балкон, Алтай, Балтыка, Балканы, малекула, фабула, формула, аэраплан, бланк, клас, ланцэт, лафет, план, плагіят, платформа, пракламацыя, фланг, апладысменты, блок, глобус, дыплом, кіло, кілограм, калонія, лакамабіль,пілот, блуза, клуб, лупа.

Ключавыя словы — „згодна ... пашыранага ў БССР вымаўленьня“. Па-першае, палова беларускага народу тады жыла па-за межамі БССР. Па-другое, „пашыранае вымаўленьне“ — тут відавочна пра перанятае з расейскай.

Праўда, шырока прысутныя ў гаворках лямпу, акуляры, хлёрку, лёх не пасьмелі выкiнyць з слоўнiкаў лiтаpатypнае мовы нават y 30-я гады. Міжваенны ракаўскі настаўнік Рагойша (з таго ж „Народнага альбому“) пакуль што застаўся ў акулярах:

Па плошчы iдзе настаўнiк Рагойша.
Ён апрануты па апошняй модзе:
На iм галiфэ, камiзэлька ды гальштук,
На iм акуляры ды новыя боты
(Новыя боты добрай работы!).

Але зьявіўся разнабой — і перанесены з расейскай мовы, і „ўласны“: цяпер у афіцыйным слоўніку хлёрка, але хлор. Пляц, але плацдарм. Шлягер, але шлагбаўм.

А якая розьніца?

Гэта ж чужамоўныя словы, ці так ужо істотна, у якім выглядзе яны ўжываюцца ў нашай мове?

Адкажу так.

  1. У правапісе, у мове наагул важныя сыстэмнасьць і пасьлядоўнасьць. А цяпер у афіцыйнай практыцы народныя даўно пазычаныя словы — зь мяккім ЛЬ, а больш кніжныя — зь цьвёрдым Л. Парушана еднасьць мовы.
  2. Парушана пераемнасьць з шматлікімі выданьнямі міжваеннай пары, у тым ліку слоўнікамі (гл. тытульную ілюстрацыю).
  3. Загадаўшы пазычаць патрэбныя чужыя словы не непасрэдна з моваў-крыніцаў, а праз расейскую мову, аўтары моўнай рэформы 1933 году сьвядома адсякалі беларускую мову ад эўрапейскай культурна-цывілізацыйнай прасторы і набліжалі да прасторы расейскай (чаго, зрэшты, і не хавалі).
  4. Беларуская мова мае дзьве графікі — кірыліцу і лацінку. У беларускай лацінцы (ня блытаць з трансьлітарацыяй геаграфічных назваў) чужаземныя словы з L (літара абазначае мяккі гук) пішуцца пазнавальна: plan, dyplom. Зьмена характару Л на цьвёрды ў пазычаньнях парушае ўзаемную канвэртацыю двух альфабэтаў.
  5. Вось таму (і яшчэ з многіх прычынаў) беларусы па-за межамі БССР ніколі не прызнавалі моўнае рэформы 1933 году, у тым ліку і абавязковага пазычэньня словаў праз расейскую. Таму і маем сёньня два правапісы.

А карыстацца багацьцем клясычных моваў і пазычаць міжнародныя тэрміны можна і варта без пасярэднікаў. (У якой-хаця правапіснай традыцыі. Сам чуў ад прафэсараў БДУ шчэ ў савецкім 1980-м вымаўленьне калёквіюм.) Беларуская мова самадастатковая.

  • 16x9 Image

    Вінцук Вячорка

    Нарадзіўся ў Берасьці ў 1961. Як мовазнаўца вывучаў мову выданьняў Заходняй Беларусі міжваеннага часу, ініцыяваў сучаснае ўпарадкаваньне беларускага клясычнага правапісу, укладаў беларускія праграмы і чытанкі для дашкольных установаў. Актыўны ўдзельнік нацыянальнага руху, пачынаючы з "Майстроўні" і "Талакі" 1980-х. Аўтар і ўкладальнік навукова-папулярных тэкстаў і кніг, у тым ліку пра нацыянальную сымболіку.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG