Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Памёр Ягор Пратасеня, які на пачатку году зрабіў спробу самагубства ў жодзінскай турме


Ягор Пратасеня
Ягор Пратасеня

Хлопец памёр а 14 гадзіне ў Салігорску, у сваёй кватэры. Тры тыдні таму маці Сьвятлана забрала яго з салігорскага шпіталя і глядзела яго сама, але ў апошнія дні ягоны стан пачаў пагаршацца.

«Лекары сказалі ўчора, што мала яму засталося. Сёньня ён чакаў мяне, ляжаў з адкрытымі вачыма. Я прыйшла ў абед з працы, ён быў жывы, прыбрала яго, і тут гэта пачалося, і хутка ён памёр у мяне на руках. Сяджу вось каля яго. Яшчэ не прыехала міліцыя і лекары, чакаю. А з комы ён так і не выходзіў. Стаў зусім слабы мой сыночак, і вось — усё. Усяго 20 гадкоў пажыў».

Напрыканцы 2015 году Салігорскі раённы суд асудзіў жыхара Салігорску Ягора Пратасеню на 14 год зьняволеньня за распаўсюд наркотыкаў. Пазьней Менскі абласны суд прысуд пацьвердзіў, але вызваліў Ягора Пратасеню ад адказнасьці з прычыны стану здароўя асуджанага. З пачатку году Ягор Пратасеня знаходзіўся ў стане комы пасьля няўдалай спробы самагубства ў жодзінскай турме.

4–5 студзеня Ягор Пратасеня ў адзіночнай камэры спрабаваў павесіцца, яго дасталі зь пятлі ахоўнікі. Міліцыянты сказалі, што ў пятлі вязень прабыў нязначны час, аднак Сьвятлана Пратасеня ў гэта ня верыла і падазравала міліцыянтаў у нядбайнасьці. Маці спасылалася на дрэнныя наступствы, бо сын трапіў у кому. Ягора Пратасеню ў стане комы спачатку трымалі ў жодзінскім шпіталі, потым у шпіталі ў менскім ізалятары на вуліцы Валадарскага, а 4 сакавіка прывезьлі ў салігорскі шпіталь.

На спатканьні з маці пасьля вынясеньня прысуду ў сьнежні 2015 году і ў ранейшых лістах да яе з калёніі Ягор Пратасеня распавядаў пра катаваньні і зьдзекі з боку опэрупаўнаважаных салігорскай управы наркакантролю, якія, як ён лічыў, сфальшавалі ягоную справу. Хлопец папярэджваў, што на знак пратэсту і каб адпомсьціць міліцыянтам скончыць жыцьцё самагубствам. Сьвятлана Пратасеня пасьля гэтых сыгналаў сына зьвярталася ў міліцыю і пракуратуру, каб правялі дадатковую праверку справы яе сына.

У студзені 2016 году Сьледчы камітэт Беларусі распачаў праверку спробы самагубства Ягора Пратасені ў жодзінскай турме. Ці вядомыя яе вынікі?

«Афіцыйна мне нічога не паведамілі, але якраз учора я званіла ў Сьледчы камітэт, і там сказалі, што ніхто ў гэтым не вінаваты, толькі ён сам. Сказалі, што скончылі праверку і якраз друкуюць мне тую паперу, але яшчэ не атрымала. Значыць, ніхто не вінаваты, і супрацоўнікі наркакантролю Салігорску ні пры чым? Чаму ж тады лісты ягоныя з турмы ў мяне так і не забралі для праверкі, не адзін толькі жнівеньскі ліст, а ўсе, з пачатку мінулага году, дзе ён пісаў пра зьдзекі і фальшаваньне справы? Канечне, крумкач крумкачу вока ня выдзеўбе...» — сказала Сьвятлана Пратасеня.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG