Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Загінуў былы першы сакратар менскага гаркаму БРСМ, меркавана выпаў з акна


Юры Чачукевіч, архіўнае фота

35-гадовы Юры Чачукевіч узначальваў менскую гарадзкую арганізацыю БРСМ, у сьнежні 2016 году быў прызначаны кіраўніком менскага «Кінавідэапракату».

Сьледчыя Менску праводзяць праверку па факце сьмерці Юрыя Чачукевіча, цела якога знайшлі зранку 28 ліпеня ў двары дому па менскім праспэкце Дзяржынскага. На целе выявілі «прыкметы падзеньня з вышыні».

Як паведаміла Свабодзе прэсавая сакратарка Сьледчага камітэту Беларусі Юлія Ганчарова, група сьледчых на момант публікацыі яшчэ была на месцы здарэньня, больш падрабязнасьцей сьледчыя Свабодзе не паведамілі.

Паводле «Нашай нівы», Юры Чачукевіч быў у цёмных штанах і лёгкай кашулі. Відавочцы, знаёмыя зь ім, кажуць, што на працу ён так не апранаўся. Акрамя тэлефона і ключоў пры ім нічога не было. На паверсе дома і ў кватэры загінулага працуюць сьледчыя.

35-гадовы Юры Чачукевіч узначальваў менскую гарадзкую арганізацыю БРСМ, у сьнежні 2016 году быў прызначаны кіраўніком менскага «Кінавідэапракату», таксама быў дэпутатам Менскага гарадзкога савету дэпутатаў ад Савецкага раёну. Ня быў жанаты, ня меў дзяцей.

У гаркаме БРСМ Свабодзе не змаглі пацьвердзіць, ці сапраўды загінуў іх былы кіраўнік.

У прыёмнай "Кінавідэапракату" нічога не змаглі сказаць адносна здарэньня, але пацьвердзілі, што на працоўным месцы гендырэктар сёньня ня быў.

У 2015 годзе ў інтэрвію СТВ Чачукевіч сярод іншага заяўляў, што БРСМ хоча ўплываць на выбар, які моладзь зробіць на прэзыдэнцкіх выбарах, і распавядаў, што актывісты БРСМ сабрала тысячы подпісаў у падтрымку Лукашэнкі ў якасьці кандыдата ў прэзыдэнты, анансаваў вылучэньне актывістаў БРСМ назіральнікамі на выбарах. А ў інтэрвію «Вячэрняму Мінску» ён казаў, што хацеў бы ўзначаліць футбольны клюб.

Ваша меркаваньне

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG