Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Рэжым зьбіраецца весьці дыялёг з Захадам выключна па сваіх правілах». Палітыкі пра «справу прафсаюзаў»


У сацыяльных сетках апазыцыйныя палітыкі выказаліся адносна распачатай беларускімі ўладамі «справы незалежных прафсаюзаў».

Сустаршыня БХД Вiталь Рымашэўскi напісаў, што беларускія спэцслужбы, Камітэт дзяржкантролю ўчынілі атаку на незалежныя беларускія прафсаюзы.

«Такім чынам беларускія ўлады выяўляюць свой панічны страх перад народнымі пратэстамі, перад тым, што людзі нарэшце могуць абʼяднацца і разам абараніць свае інтарэсы, спыніць беззаконьне, якое робіцца з ухваленьня вышэйшага кіраўніцтва Беларусі».

Паводле Рымашэўскага, літоўскія банкі паведамілі беларускім уладам, што грошы на дзейнасьць незалежных прафсаюзаў пераводзіліся праз гэтыя літоўскія банкі і рахункі былі адкрытыя на некалькіх лідэраў незалежных прафсаюзаў.

«Сотні тысяч даляраў ідуць на падтрымку беларускага рэжыму з боку Эўразьвязу. Яны ідуць і на афіцыйныя прафсаюзы, і на судовую сыстэму. І на гэтыя грошы нашы судзьдзі, якія нас тут засуджваюць, прысуджаюць несправядлівыя прысуды, могуць езьдзіць на экскурсію ў ЭЗ, глядзець, як працуюць нібыта іх калегі. Сотні тысяч даляраў. Для незалежных арганізацый, незалежных прафсаюзаў, такіх як прафсаюз РЭП, легальна атрымаць гэтыя грошы немагчыма. Адпаведна, беларускія спэцслужбы скарысталіся новым пагадненьнем, якое існуе паміж ЭЗ і Беларусьсю, якое прадугледжвае абмен інфармацыяй паміж банкамі цывілізаваных краін і Беларусьсю, каб зьнішчаць палітычных апанэнтаў. Для Беларусі гэта азначае, што ЭЗ і ўсе цывілізаваныя краіны спыняць неабходныя для Беларусі і яе эканомікі пагадненьні аб супрацы», — сказаў Рымашэўскі.

Сябра Рады Беларускага нацыянальнага кангрэсу Ўладзімер Някляеў напісаў у фэйсбуку, што гэта «справа наўпрост палітычная».

«Зьвязаная яна не зь нявыплатай падаткаў, а з актыўным удзелам прафсаюзу РЭП у акцыях пратэсту супраць дэкрэту № 3, у фактычнай адмене якога прафсаюзы сыгралі вырашальную ролю. Дараваць гэта рэжым ня мог. І вось — помста».

Паводле Някляева, Беларускі нацыянальны кангрэс дамовіўся з РЭП аб падтрымцы акцыі пратэсту супраць беларуска-расейскіх вайсковых вучэньняў «Захад-2017».

Пратэст меўся быць масавым, па ўсёй краіне, і арышт прафсаюзных лідэраў — наўпроставы крок уладаў ня толькі на зрыў шырокага пратэсту супраць уцягваньня Беларусі ў ваенныя блёкі, але і на аслабленьне ўсіх пратэставых акцый, заплянаваных на гэтую восень«.

Паводле старшыні руху «За свабоду» Юрася Губарэвіча, справа незалежных прафсаюзаў — «яшчэ адзін доказ таму, што кіруючы рэжым зьбіраецца весьці дыялёг з Захадам выключна па сваіх правілах і паняцьцях».

«Патрабуеце дэмакратызацыі і павагі да правоў чалавека? Вось вам сотні затрыманых, зьбітых і арыштаваных за вясновыя акцыі пратэсту! Каб мала не падалося — крымінальныя справы на дзясяткі патрыётаў.

Праглынулі і зьнялі „рэжым дыялёгу“ з паўзы? Трымайце справу прафсаюзьнікаў!»

Ваша меркаваньне

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG