Беларускае Міністэрства інфармацыі 13 лютага выключыла са сьпісу «дазволеных» замежных сродкаў масавай інфармацыі брытанскі тэлеканал Nautical Channel, прысьвечаны водным відам спорту. І такі лёс можа чакаць яшчэ два дзясяткі тэлеканалаў.
У Nautical Channel, паводле Мінінфарму, скончыўся дазвол на распаўсюд у Беларусі — ніводны апэратар электрасувязі не зьвярнуўся па працяг дазволу. Цяпер распаўсюджаньне тэлепраграмы «зьяўляецца недапушчальным».
Ці можна зьвяртацца па дазвол на Nautical Channel пасьля 13 лютага і ці можна распаўсюджваць перадачы каналу «нетэлевізійнымі» шляхамі (праз інтэрнэт), Мінінфарм не ўдакладняе.
Такі дазвол у сакавіку можа скончыцца яшчэ ў двух дзясяткаў замежных тэлеканалаў: FOX, Fox Life, HDFashion, MTV, MTV Dance, MTV Hits, MTV Live HD, MTV Rocks, Nick Jr., Nickelodeon, Nickelodeon HD, Paramount Channel, Paramount Comedy, VH1 European, VH1 Classic, Viasat Explorer, Viasat Nature, Viasat Sport, «НТВ Плюс 3D», «ТВ 1000-Экшн», «Улыбка ребенка», «Да Винчи» і «Фест-ТВ». Нехта з апэратараў мае зьвярнуцца ў міністэрства па працяг дазволу за 15 дзён да заканчэньня яго дзеяньня дазволу.
У сьпісе дазволеных замежных тэлеканалаў дамінуюць расейскія і расейскамоўныя. Там няма ўкраінскіх, польскіх, літоўскіх і латвійскіх каналаў. Таксама ў сьпісе няма «Белсату» — створанага ў Польшчы тэлеканалу, які фактычна ёсьць адзіным у сьвеце беларускамоўным.
«Белсат», які не пускаюць у беларускія кабэльныя сеткі (нібыта праз «дастатковую колькасьць беларускамоўнага кантэнту» на дзяржаўным ТВ), можна паглядзець у HD у інтэрнэце або праз спадарожнік.