Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Сэнс слова «савецкі»


Пайсьці на беларускі футбол у Нясьвіжы, дзе цяпер гуляе клюб «Гарадзея» — гэта эстэтычная асалода. Прыемна купіць білет у беларускіх цётак, што прадаюць іх за старымі столікамі пад клёнамі, як даўней, пасьля вайны. Білет каштуе толькі 20 тысяч, але палова народу і гэтага ня плацяць: людзі глядзяць матч не з пагоркаў — з-за агароджы. З трыбуны ж адкрываецца цудоўны від на даўнейшы радзівілаўскі парк. І калі гульня не падабаецца, можна заўсёды перавесьці погляд крыху вышэй — на дрэвы, за якімі хаваецца замак, — і ўзірацца ў хараство краявіду.

А як люба вуху слухаць гарадзейскіх заўзятараў! «Гарадзея! Гарадзея!» «Дзімон, папрошчэ іграй». «Даві шакаладку!» Каманда гаспадароў прымала гарадзенскі «Нёман», і выкрык «Даві шакаладку» адрасаваўся гарадзейскаму нападніку, які змагаўся з чарнаскурым гарадзенскім легіянэрам. Дабрадушны беларускі «расізм»...

А вось саракагадовы вясёлы дзядзька крычыць на мове продкаў. «Цудоўна! Цудоўна!» Беларуская мова гучыць і з радыёрубкі. У перапынку зазірнем у радыёвузел стадыёну, каб бліжэй пазнаёміцца з уладальнікам гэтага лагоднага барытону.

Уладзімір Бруй, сымпатычны, усьмешлівы, сівы чалавек — былы школьны настаўнік. Ён добра ведае некалькі моваў і як перакладчык працаваў на будоўлі нават у Сырыі і ў афрыканскай Гвінэі. Уладзімір Бруй — выдатны апавядач, і зьбіральнік гісторый паваеннага жыцьця роднага мястэчка — выпусьціў дзьве кнігі прозы. Таму, хто ж лепш за яго ведае, чаму на нясьвіскай зямлі быў па вайне такі моцны супраціў савецкай уладзе.

Уладзімір Бруй
Уладзімір Бруй

— Доўгі час, дакуль толькі можна, трымаліся аднаасобнікі. Людзі былі станавітыя, паважаныя. Яны трымаліся колькі ёсьць духу. Успамінаю год 56-ты. У маёй цёткі нейкая вечарына была. Дарослыя сядзелі выпівалі, а нас паслалі да кагосьці купіць самагонкі — хацелася пабаляваць бацькам. І вось мы заходзім, у акно бразгаем. Акенца адчыняецца, і нейкая бабка пытаецца: «А хто вы? А чые вы? Няма ў нас ніякай самагонкі! А! Вы гэтых? Ну, добра. Пачакайце». І вось яна нам налівае ў цемры і кажа: «Я дык перш падумала, што вы нейкія савецкія. Але ж бачу, што не». Вось такая разынка. Калі дзялілі на савецкіх і сваіх — значыць саветчына чужая была.

Выходзіць, быў час, калі на Беларусі слова «савецкі» ўспрымалі толькі адмоўна — безь ніякіх варыянтаў.

— У Гарадзеі не было па вайне ні цукровага камбінату — не было нічога, дзе б чалавек мог капейчыну якую агораць. Была «рампа» — участак чыгункі, дзе разладоўвалі ўсе тавары. І людзі жылі крадзяжом. І ўся праблема жыцьця была — хто каго здасьць, хто каго ня выдасьць. У начальніка станцыі было пяцёра дзетак. Аднойчы борт вагона, раскрыўшыся, стукнуў яму па галаве, і яго забіла. Жонка жыла на гэтай станцыі. Ёй далі нейкую пэнсію мізэрную. І вось яна, як і многія гарадзейскія жанчыны, паехала на Маскву гандляваць. Туды вазіла яблыкі, гуркі, а адтуль — кавалкі тканіны. Недастача была ўсяго. Можна было дзіцячую соску прывезьці і на рынку падняцца. І вось яе злавілі на тым рынку, пасьля на другім — далі год ці колькі. Ніхто не глядзеў, што ў яе пяцёра дзяцей. І іх гадавала старэйшая дачка. Гэта і называлася «савецкая ўлада». Гэта значыць — ненармальная, жорсткая, дзікунская, бесчалавечная ўлада. І яе не называлі кепскаю, дзікунскаю, бязьлітаснаю. А савецкаю. І гэтыя людзі, якія былі носьбітамі гэтых ідэй, якія былі праваднікамі гэтага новага парадку, называліся «савецкімі».

Юра
Юра

А цяпер хадзем да касьцёла. Бачыце? Бачыце, як мужык прадае цукровую вату? Гэта несавецкі чалавек Юра. Пакуль затрымліваюцца заробкі ў калгасах — Юра робіць вату. Скарачаюцца працоўныя месцы на заводах — Юра робіць вату. Нехта плача і сьпіваецца, а Юра робіць цукровую вату для гасьцей Нясьвіжу. І галоўная бяда ў Юры — зусім ня крызіс! Такімі людзьмі, як Юра, Беларусь мусіць ганарыцца.

— Я стаю, дзе турысты. І дзяцей вязуць на экскурсіі. І настаўнікі гавораць: «Па-першае, у касьцёл з ватаю нельга. Вы што, вату замест сьвечкі будзеце трымаць? Па-другое, у аўтобус нельга з ватай — запэцкаеце сядзеньні. Па-трэцяе, вату нельга, бо вам будзе млосна. І па-чацьвёртае, вам трэба купіць сувэнір, каб памяць на ўсё жыцьцё засталася». І так кожны раз.

Са сваёй цукровай катрынкай Юра абʼезьдзіў усю Беларусь. Працаваў і ў Расеі, дзе паліцыя ледзь не адабрала ягоны агрэгат. Але найлепшыя ўспаміны ў Юры пра кіеўскі майдан:

— Там адразу міліцыянты падыходзяць. «Дозвіл» ёсьць?» «Няма дозвілу». «Ты згодны нам грывень трохі даць?» «Вядома! Без пытаньняў!» Дасі ім грывень і круціш сабе без усякіх «дозьвілаў». А ў нас у Беларусі паперамі задушаць. І ў нас ад міліцыянтаў не адкупісься, бо кожны зь іх баіцца з працы вылецець. А ва Ўкраіне гэта нармальная зьява.

Уладзімір Бруй успамінае, як жыхары Заходняй Беларусі знаёміліся з савецкімі парадкамі і савецкімі людзьмі.

— А яшчэ было слова васточнікі. Яна васточніца — гэта значыць, што яна ня ўмее ні адзежы пашыць шыць, ні гароду дагледзець. Яшчэ была мянушка «масквіня». Успамінаю гісторыю, як бабка пыталася «васточніка»: «Ці ты ўмееш страху пакрыць?» «Канешна!» Залазіць і зьверху пачынае класьці. А баба крычыць: «Што ж ты робіш? Яно ж усё зацячэ! Усё зь першым дажджом змые. Як ты салому кладзеш? Трэба ж зьнізу ўверх!» А той: «Ага! Зьнізу ўверх... А як жа я зьлезу?»

Але чаму ж паняцьце «савецкі» стала раптам станоўчым? Ледзь ня родным?

— Беларусаў акуратненька прымушалі пераўтварацца ў плястылінавую форму. Бальшавізм ня зносіць ніякіх пратэстаў. Сыбір вялікі: у кожную хвіліну — раз, і павезьлі. А самае першае пачуцьцё ў чалавека — гэта страх.

Калі страх — гэта першае, што адчувае чалавек, дык саветам многае ўдалося зьмяніць у беларускім характары. Але, калі я бачу радасьць зь якой мае суразмоўцы ўспамінаюць нейкія гісторыі, пра якія не наважваліся казаць раней — я разумею, што гэта радасьць вызваленьня сябе. Ад савецкасьці.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG