Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Пад дыктоўку КДБ


29 лістапада ў вёсцы Лукавец, што на Вялейшыне, прайшло асьвячэньне мэмарыяльнай шыльды па ўшанаваньні памяці Пятра Альфрэда Сыча — паэта, журналіста, героя бітвы пад Монтэ-Касіна. Шыльда была вырабленая роднымі і іх сябрамі і ўсталяваная на доме яго дачкі Браніславы Пятроўны Тарадайкі. Ушанаваньне прайшло ў вузкім сямейным коле. Асьвяціў мэмарыяльную шыльду настаяцель прыхода храма Георгія Пераможцы ў мястэчку Партызанскім Міхаіл Стэцюк.У гэтай справе дапамаглі першы намесьнік Беларускага саюза сувораўцаў і кадэтаў, кандыдат юрыдычных навук Максім Місько, мастакі Генадзь Шурпік і Валер Зянько, краязнаўца Алесь Раткевіч.

50 гадоў таму ў мюнхенскім шпіталі памёр паэт Пётра Сыч — герой бітвы пад Монтэ-Касіна, адзін з пачынальнікаў Радыё Свабода. Менавіта ягоны тэкст «Азімут сэрца» прагучаў у першым эфіры нашага радыё.

Яго родная дачка, Браніслава Тарабайка, жыве ў вёсцы Лукавец. Сыча арыштавалі ў родным Батурыне ў 1939-м, калі дачцэ не было і трох гадоў. Як жывога чалавека Браніслава бацьку ня памятае.

— Калі Вы зь ім пачалі знаёміцца?

— Гэта было ў 1949-м годзе. Я тады пайшла ў школу. Прыйшоў ліст на сельсавет. «Ці жывая мая сям’я?» Выклікалі мяне, маму і далі адрас. Я напісала ліст. І бацька мой ліст атрымаў. А той ліст, што мама напісала, відаць, цэнзура не прапусьціла. А пасьля, як пачалі езьдзіць кадэбісты... — Нават падчас акупацыі, калі Пётра Сыч сядзеў у сталінскім лягеры, сям’я магла пацярпець. Выратаваў маці і дзяцей партызанскі камандзір.

— Калі вы расьлі, вам маці расказвала што-небудзь пра бацьку?

— Не. Мы ўсяго баяліся. Як была партызаншчына, нехта пусьціў чутку, што бацька ў немцаў і што ён прыходзіў да мамы. І маму вадзілі ў лес на допыт. Але на шчасьце наша прыехаў чалавек зь Ленінграда. Арганізоўваць партызанскі атрад. Грышка, прозьвішча ня памятаю. І ён ім сказаў, каб болей нас не чапалі. Партызанам сказаў.

Па вайне гэтай сям’і не давалі спакою органы МГБ. Прымушаючы і маці, і дачок пад дыктоўку пісаць пісьмы бацьку. Пра шчасьлівае жыцьцё пад сталінскім сонцам і каб хутчэй вяртаўся. Пісьмы пісаліся рэгулярна. А аднойчы малады супрацоўнік органаў нават распавёў пра сваё непасрэднае спатканьне з адрасатам.

— Прыяжджалі па трое, з Масквы. Гэта было страшна. Парторг стаіць: «Ну, што? Бацьку шпіёна выклікала?» І неяк зь імі быў малады хлопец. Я пытаюся: «Чаму вы нас мучыце? Мы ўжо вырасьлі. Мы безь яго жывем і будзем жыць. Можа, ён дрэнны чалавек?» А гэты малады кажа: «Не, неблагі ён чалавек. Я бачыўся зь ім, як з вамі. У кавярню зайшлі, і я сказаў, што ў мяне ёсьць навіны пра яго сям’ю». Паказаў яму фотакарткі: маю, Марысі, маёй сястры. «А як маці пабачыў, — кажа, — барада затрэслася, і белы стаў».

Ірвецца позірк за Дунай…
Душа ў настальгіі сьмяротнай,
насустрач журавом, у край
ляціць дарогай паваротнай.
Як добра, што ў глыбокі мох
беспаваротна кануць сьлёзы,
што сьведкам ix быў толькі Бог
ды сумна-ціхія бярозы…

Памяць пра Пятра Сыча ня зьнікне на ягонай радзіме. На хаце ягонай дачкі зьявілася памятная шыльда, прысьвечаная паэту. Дзякуючы намаганьням краязнаўцы Алеся Раткевіча.

— Я даслаў у гарвыканкам прапанову, каб у Маладэчне нейкую вуліцу назвалі імем Пятра Сыча. Бо я ведаў, хто такі Пётра Сыч. Там адмовіліся. Тады ў мяне ўзьнікла такая ідэя: хаця бы памятную шыльду ўсталяваць на хаце сям’і. Тут дазволу ніякага ня трэба. Ня змог ён у свой час вярнуцца на радзіму. Ён вельмі хацеў памерці тут, на радзіме. Але калі так не атрымалася, у нас ёсьць магчымасьць вярнуць хаця бы памяць пра яго сюды.

Гэта ня першая справа Раткевіча па ўвекавечаньні гістарычных падзей і знакамітых людзей. «Ня трэба двух, каб пачаць», як казаў Караткевіч. Але, каб скончыць... Ужо ня першы раз да ініцыятывы спадара Алеся далучаюцца самыя розныя людзі. Гэтым разам з шыльдай дапамог Максім Місько, першы намесьнік Беларускага саюзу сувораўцаў і кадэтаў. Вось як.

Лукавец
Лукавец

— Прыемна, калі можаш далучыцца да нейкай добрай справы, якую робяць мясцовыя жыхары. У прыватнасьці — Алесь Раткевіч. Дзякуючы яму многія помнікі, многія забытыя гісторыі пра людзей аднаўляюцца. Дзякуючы такім энтузіястам многія справы не гаворацца, а робяцца, — кажа Максім Місько.

Я разглядаю здымкі Браніславы і Марысі, якія рабілі фатографы з МГБ у 50-я гады. Фатаздымкі, на якіх дзяўчаты ў сваіх лепшых строях вымушаныя ўдаваць, што радуюцца жыцьцю. Напэўна, гледзячы на гэтыя фотакарткі, бацька ўсё разумеў выдатна.

Працягваю гутарку з дачкой Пятра Сыча, яна паказвае фатаздымкі:

— Бачыце? Склад панскі. Гэта яны фатаграфавалі. Гэбісты.

— Якія лісты Вы павінны былі пісаць?

— Што добра жывем, што просім, каб прыяжджаў. Пад дыктоўку. Яго, пэўна, выцягнуць адтуль хацелі. Добра ён ім, відаць, насаліў.

— У Вас была крыўда нейкая на бацьку?

— Мама так старалася не гаварыць нічога. Ведаю, што сварыліся. Бацька быў гулёнам. Гаварылі, хадзіў да дзевак. Спрытны быў.

Некаторыя дэталі жыцьця гэтай пакутнай сям’і здаюцца нерэальнымі. Але, улічваючы тое, з кім яны мелі справу, паверыш і не ў такое.

— Сена накосім у паветку. Мама будзе гаварыць: «Дзеткі, што тут робіцца?» На сене як хто спаў. Логава. Што тут робіцца? Які тут бес? Пойдзеш у лес, у ягады — і я адчувала, як быццам нехта назірае.

— Калі яны супакоіліся?

— Як толькі бацька памёр — як адрэзалі.

— Вы адчуваеце нейкую сувязь зь ім?

— Так. Цяпер я чытаю гэту кнігу — «Сьмерць і салаўі» — і думаю, які ён гумарыст быў! Ён такія тут піша словы! «Нашы салаўі дома, як сядзіш пад пахучым бэзам са сваёй каханай, яны гэтак пяялі! А гэтыя італьянскія — агрэсіўныя». Гумарыст быў. Я чытаю і як быццам зь ім гутару. Шмат разоў перачытваю.

Дачка знаёміцца з бацькам. Кожны дзень перачытваючы ягоныя вершы і ўспаміны. 15 гадоў. Органы адчапіліся ад іх адразу пасьля сьмерці Сыча. Занадта раньняй і занадта загадкавай. Сьмерць наступіла пасьля ўколу мэдсястры. Але цікавасьць да гэтага чалавека ўжо будзе абуджацца ня толькі ў органаў.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG