Пра гэта гаворыцца ў тэлеграм-канале групы яго падтрымкі, піша выданьне SOTAvision.
65-гадовы Дацэнка перанёс шырокі інфаркт у калёніі 12 лютага. 14 лютага ён быў шпіталізаваны і знаходзіўся ў коме. Адвакат падкрэсьліў, што супрацоўнікі турэмнай службы своечасова не апавясьцілі ні сям’ю, ні абарону аб тым, што адбылося.
У ліпені 2024 года судзьдзя 1-га Заходняга акруговага ваеннага суда пакараў Дацэнку на тры гады калёніі-пасяленьня, а яго жонку, 46-гадовую Анастасію Дзюдзяеву, да трох з паловай гадоў.
Нагодай сталі карыкатуры і ўлёткі са словамі «Пуціняку на гіляку», якія ў канцы сьнежня 2023 года знайшлі ў адной з пецярбургскіх крам. Паводле сьледзтва, Дзюдзяева нібыта вырабіла некалькі паштовак, а Дацэнка расклаў іх на паліцах у супэрмаркеце.
Муж і жонка адмаўлялі, што маюць дачыненьне да ўлётак, абарона паказвала на нестыкоўкі ў абвінавачваньні, а запрошаны пракурорам почырказнавец усумніўся ў тым, што надпіс зрабілі Дацэнка і Дзюдзяева.
Дацэнка быў родам з Украіны, працаваў дзіцячым трэнэрам па лёгкай атлетыцы і мастаком-ювэлірам. З жонкай яны жылі ў пасёлку Тайцы Гатчынскага раёна Ленінградзкай вобласьці.
«Мэмарыял» прызнаў мужа і жонку палітвязьнямі, іх перасьлед зьвязана з іх антываеннай пазыцыяй.