Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Хроніка перасьледу: «хатняя хімія» чальцу выбаркаму за «экстрэмізм»; затрыманьне на мяжы за падпіску на «Дождь»

Былы беларускі палітвязень Дмітрыйс Міхайлаўс, 2025 год
Былы беларускі палітвязень Дмітрыйс Міхайлаўс, 2025 год

Свабода вядзе храналёгію судоў, затрыманьняў, іншага перасьледу з палітычных матываў у Беларусі.

Былога начальніка ЖЭСа і чальца выбаркаму асудзілі за «экстрэмізм»


Паводле зьвестак газэты «Наша ніва» Мікалая Лаханскага асудзілі ў 2026 годзе ў Менскім гарадзкім судзе. Яго абвінавачвалі ў «спрыяньні экстрэмісцкай дзейнасьці». «Наша ніва» мяркуе, што перасьлед зьвязаны са справай «Беларускага Гаюна».


Лаханскі жыве ў вёсцы Вязань пад Менскам. Ён доўгі час працаваў у сістэме камунальнай гаспадаркі Менску. Мікалай таксама быў чальцом выбарчых камісіяў, паводле рашэньня адміністрацыі Першамайскага раёна Менска ад 2016 года ён быў чальцом выбарчай камісіі на ўчастку №630 ад раённай арганізацыі БРСМ.

«Беларускі Гаюн» – маніторынгавы OSINT-праект, які быў створаны ў 2022 годзе, калі Расея напала на Украіну. Гаюн адсочваў ваенную актыўнасьць расейскіх і беларускіх войскаў, абапіраючыся на інфармацыю ад беларусаў.

Грамадзяніна Латвіі затрымлівалі на мяжы зь Беларусьсю за падпіску на тэлеканал «Дождь»

Пра перасьлед грамадзян Латвіі ў Беларусі паведаміў выданьню Lsm.lv былы палітвязень Дмітрыйс Міхайлаўс, якога асудзілі ў Беларусі на 4 гады калёніі за камэнтары ў закрытым чаце.

У чэрвені 2025 году разам зь іншымі палітвязьнямі гэтага грамадзяніна Латвіі вызвалілі і адпусьцілі зь Беларусі. Бізнэсовец адседзеў тры гады і тры месяцы.

«Адзін чалавек быў з Даўгаўпілсу, адзін з Рыгі. Значыць, бралі тэлефоны і знаходзілі — у аднаго мужчыны знайшлі падпіску на тэлеканал „Дождь“ у Тэлеграме. Ён быў затрыманы. Содні правёў проста ў паўпадвальным памяшканьні так званага ізалятара часовага ўтрыманьня. Раніцай над ім правялі адміністрацыйны суд, заплаціў нейкі штраф і вярнуўся.

Другі чалавек — у яго знайшлі фатаздымкі Лукашэнкі, нейкія карыкатуры. У выніку суду не было, яго трымалі на мяжы пэўную колькасьць гадзін. Гэта значыць тэрарызавалі, палохалі. І ў выніку ён не заехаў у Беларусь, ён паехаў назад».

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
XS
SM
MD
LG